Нядаўна «Беларусбанк» і некалькі забудоўшчыкаў запусцілі новую праграму крэдытавання жылля: першыя два гады стаўка складзе ўсяго 1% гадавых. Праўда, пасля гэтага яна вырасце да 15,4%. CityDog.io вырашыў даведацца ў беларусаў, ці лічаць яны такую прапанову выгаднай для сябе.
Што адбылося?
З 13 жніўня «Беларусбанк» і некалькі забудоўшчыкаў запусцілі праграму жыллёвага крэдытавання са стаўкай 1% гадавых на першыя два гады. Затым стаўка вырасце да 15,4% – і менавіта з гэтага моманту штомесячны плацеж стане зусім іншым. Крэдытам можна пакрыць да 90% кошту жылля і ўзяць яго на тэрмін да 20 гадоў. У Мінску праграма пакуль распаўсюджваецца на жыллё ў Новай Баравой, «Зялёнай гавані», «Паўночным беразе» і ЖК «Гранд Крыстал».

Жылы комплекс «Зяленая гавань». Фота: Prometr.by.
Вось прыклад. Возьмем кватэру за 100 000$. Пры першапачатковым унёску 10% у банка давядзецца ўзяць 90 000$ – каля 264,5 тыс. руб. Атрымліваецца, што першыя два гады пры стаўцы 1% плацеж складзе прыкладна 1200 руб. у месяц. Але з трэцяга года стаўка вырасце да 15,4%, а плацеж – прыкладна да 3560 руб. Гэта значыць, амаль утрая.
У Беларусі можна купіць дом за 15$. Дзе шукаць такое жыллё і як яно выглядае?
Для крэдыту на такую суму патрэбен даволі высокі даход: калькулятар «Беларусбанка» паказвае, што зарабляць давядзецца не менш за 5090 руб. у месяц – і тое калі іншых крэдытаў і абавязковых плацяжоў у вас няма.
Незалежная эканамічная аглядальніца ў адным з інтэрв’ю адзначыла:
– Гэта добрая гісторыя для тых, хто не бедны, для тых, у каго ёсць жыллё і каму патрэбен добры стымул памяняць яго на лепшае. Раней для сям’і гэта была вялікая праблема: мы жывём у аднапакаёўцы, нам трэба пашырыцца, а для гэтага – узяць, відаць, нейкі вялікі крэдыт, пабудавацца, потым прадаваць сваё жыллё… Ці трэба спачатку прадаць сваю аднапакаёўку, недзе ўсім жыць гэты час і паралельна нешта будаваць.
Тут жа схема такая: льготны перыяд на два гады – гэтага часу звычайна дастаткова, каб пабудаваць кватэру, зрабіць рамонт прыкладна за паўгода і засяліцца, аплачваючы 1% па крэдыце. Што абсалютна пад’ёмна. Потым ты, жывучы там, прадаеш у спакойным рэжыме сваю нерухомасць – і датэрмінова пагашаеш узяты крэдыт. Гэта выглядае ў цэлым разумна.
Але, калі табе няма чаго прадаваць, зразумела, што за два гады ты не вернеш суму крэдыту. А далей уключаецца стаўка рэфінансавання (цяпер гэта 15%), прычым ануітэтнымі плацяжамі, гэта значыць роўнымі на ўвесь перыяд крэдыту. Гэта вельмі вялікая сума: можна страціць прытомнасць, калі ўбіць у калькулятар усю суму.
А што самі беларусы думаюць пра новы крэдыт?
Пагаварылі з беларусамі і зазірнулі ў сацсеткі, каб даведацца, ці лічаць патэнцыяльныя пакупнікі нерухомасці такую прапанову ад «Беларусбанка» выгаднай.
«Якая павінна быць зарплата, каб банк ухваліў такі крэдыт? 10 000 рублёў?»

– Я наогул не разумею, у чым плюс 1% на працягу 1–2 гадоў. Я сама прыглядала для сябе невялікую кватэру, прыкладна на 36–40 «квадратаў», але пры гэтым каб была магчымасць малюсенькую спальню аддзяліць. Збірала на першапачатковы ўнёсак хаця б 30%, але за пару месяцаў кватэры падаражэлі – і мае 30% ператвараюцца ўжо ў 20%.
Я вырашыла напісаць агентцы, у якой прыглядала жыллё. Яна сказала, што кватэры проста ўсе скупляюцца і за імі стаяць чэргі. То-бок, вядома, ёсць зацікаўленыя, але якая павінна быць зарплата, каб банк ухваліў такі крэдыт? 10 000 рублёў? Хутчэй за ўсё, гэта тыя людзі, у якіх ужо ёсць кватэры і якія хочуць узяць новую, потым прадаць старую – і такім чынам закрыць плацеж, напрыклад. Гэта маё меркаванне.
У маім выпадку пры куплі свайго першага жылля плацеж з трэцяга года будзе каля 5000 руб. – пры першапачатковым унёску 20%. Гэта ніяк мне не дапаможа, і закрыць за два гады як мага хутчэй цела крэдыту я не бачу магчымым. Хочацца і адпачываць, і аўтамабіль абнавіць. Буду без кватэры, хутчэй за ўсё. Крэдыт падарваў рынак – і цэны ідуць уверх, што толькі аддаляе мяне ад магчымасці таксама ім скарыстацца.
«Мінус адзіны: шкада, няма на другаснае жыллё такой прапановы»

– Як чалавек, які сам нядаўна разглядаў куплю нерухомасці (купіла літаральна напачатку лета), лічу, што гэта вельмі круты прадукт на рынку крэдытаў. І, шчыра кажучы, крыху нават засмуцілася, даведаўшыся пра такую прапанову. З’явіся яна хаця б на паўгода раней, магчыма, мой выбар быў бы іншым.
Нават з улікам куплі жылля ў новабудоўлі, грэйс-перыяд (льготны або беспрацэнтны перыяд. – Рэд.) як мінімум дае магчымасць рабіць рамонт і здымаць жыллё. А далей стаўка не большая за класічную (пад якую я і брала крэдыт на нерухомасць).
І тут жа няма абмежаванняў на льготу, то-бок атрымаць гэты крэдыт можа любы чалавек, які падыходзіць пад мінімальныя ўмовы банка. Мне здаецца, айцішнікі дакладна ацанілі гэты дроп. Мінус тут адзіны: шкада, няма на другаснае жыллё такой прапановы.
Я думаю, такі крэдыт дакладна будзе карыстацца попытам. І шчыра спадзяюся, што прадукт захаваецца: раптам праз пару гадоў захачу яшчэ купіць нерухомасць. Карацей, банку рэспект за такую магчымасць.
 (3) (1).jpg)
Новая Баравая. Фота: Юлия П., Yandex.com.
І вось яшчэ некалькі меркаванняў:
«Я ахраняваю з такіх сум. Калі чалавек можа такія сумы плаціць кожны месяц, то яму і крэдыт, думаю, не патрэбен. Дзе, бл*ць, у нас у РБ такія зп?!» – пытаецца anis_viktoryia.
«Умоўна ёсць кватэра за 380 000, двушка. 80 000 вы ўносіце сваімі, 300 000 бераце ў банка. Першыя два гады па 980 руб. дзесьці плаціць, з трэцяга года – па 4200 руб. І гэта пры ўліку, што стаўка рэфінансавання не падымецца. Калі вы да канца 2-га года дадумаецеся ўнесці хаця б тысяч 90 зверху на асноўны доўг, то з трэцяга года можа быць па 2500 руб. плаціць. Усё сыра і ўмоўна. Калі вы не можаце адшпільваць па 5000 на крэдыт нават у перыяд грэйс і далей, то загоніце сябе ў неймаверныя даўгі», – тлумачыць _____milashechka____.
«Гэта рэальна “выгадна”, калі чысты прыбытак сям’і – ад 7000 і вышэй. І плюсам ёсць назапашванні на рамонт гэтай кватэры і мэбля. Плюс сума на першапачатковы ўзнос, каб максімальна выплаціць у першыя 2 гады і потым не жыць у гэтай крэдытнай яме. Тады дааа, выгадна», – лічыць veronika_tikhonovich.
«Расказваю, чаму крэдыт на будаўніцтва жылля ад “Беларусбанка” пад 1% на 2 гады (нават не важна, колькі % далей) – гэта суперварыянт для тых, хто марыць пашырыцца:
+ выбіраеце забудоўшчыка і кватэру пабольш у новабудоўлі,
+ складаеце дамову долевага будаўніцтва з забудоўшчыкам,
+ бераце гэты крэдыт, які пакрывае да 90% кошту жылля, якое будуецца,
+ чакаеце заканчэння будаўніцтва, аплачваючы па крэдыце 1% гадавых да 2 гадоў,
+ атрымліваеце ключы, робіце рамонт,
+ пераязджаеце ў новую кватэру
+ прадаяце наяўную кватэру і гасіце гэтым рэшту крэдыту (ці яго большую частку)!
Мінусы:
- плаціце за партнёрскую праграму прыкладна 5000$ і 1% гадавых за час будаўніцтва,
- у наяўнасці павінны быць сродкі на першапачатковы ўзнос і рамонт,
- для атрымання крэдыту павінна быць добрая “белая” зарплата без уліку дапамог.
Якія падводныя камяні?» – здзіўляецца nata9g.
«Дах над галавой узамен на ўсе грошы, якія зарабляюцца мною ў месяц, на зараблянне якіх марнуецца лепшы час жыцця? Не, дзякуй, лепей у вясковай хаце буду жыць», – адзначыў anton.martusevich.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












