Якія бываюць у Беларусі суды? Што такое справядлівы суд? Хто можа трапіць на судовыя паседжанні і ці варта гэта таго? Праваабарончая арганізацыя Human Constanta распрацавала анлайн-курс «Суды ў Беларусі і як за імі назіраць».
Вам дакладна спатрэбіцца гэты курс, калі вы:
- пачынаеце вывучаць права і хочаце ўбачыць рэальны судовы працэс самастойна;
- валанцёрыце ў праваабарончых арганізацыях і вам трэба больш ведаў;
- сутыкаліся з судовымі працэсамі і хочаце капнуць глыбей;
- хочаце ведаць, як функцыянуюць дзяржаўныя ворганы.
Навошта гэты курс?
Суды — гэта частка дэмакратычнага грамадства. Яны працуюць для нас, і нашыя падаткі ідуць на іх функцыянаванне. Мы прапануем даведацца бліжэй, як усё гэта ўладкавана. Для гэтага зусім не патрэбны дыплом аб юрыдычнай адукацыі.
У курсе можна атрымаць як агульную тэарэтычную інфармацыю, так і мноства практычных навыкаў, якія дапамогуць прыходзіць у суды і разумець, што адбываецца. Таксама гэта добры пачатак для ўзаемадзеяння з праваабарончымі арганізацыямі і рэгулярнага маніторынгу судоў па распрацаванай метадалогіі.
Структура курса:
Курс складаецца з 6 модуляў:
- Уводны;
- Што такое справядлівы суд? Міжнародныя стандарты правоў чалавека;
- Судовая сістэма ў Беларусі;
- Назіранне за судамі і маніторынг;
- Прыклады працэсаў для назірання;
- Практычныя парады па назіранні.
У модулях ёсць невялікія відэа-матэрыялы ў форме лекцый, інтэрв’ю і парадаў, тэксты для чытання, спасылкі на дадатковую літаратуру і тэсты для самакантролю. Таксама вы можаце камунікаваць з распрацоўшчы_цамі курсу і іншымі слухач_камі ў телеграм- чаце і атрымаць вопыт практычнага назірання.
Усяго курс зойме каля 3 гадзін.
Курс дасяжны на платформе Лятучага універсітэта www.dp.fly-uni.org.