Онлайн

Польская документальная драма на языке оригинала (16+)

26 марта 2021

Польскі інстытут у Мінску

ВХОД: бесплатно.

СПРАВКИ: тут.

Прапануем вам чарговую сустрэчу з цыклу «Польскае кіно online. Жанры і імёны». У гэтым цыкле беларускі глядач можа пазнаёміцца з сучасным польскім кінематографам і яго творцамі, паглядзець новыя стужкі і задаць свае пытанні іх аўтарам.

26 сакавіка а 18 гадзіне глядзіце захапляльную дакументальную драму Лукаша Чайкі «Пра жывёл і людзей». Перад стужкай вас чакае невялікі аповед пра фільм, а таксама гутарка з рэжысёрам стужкі Лукашам Чайкай. Фільм прадстаўляе кінакрытык Антон Сідарэнка.

Адразу пасля анлайн-сустрэчы мы апублікуем пароль для бясплатнага абмежаванага прагляду фільма “Пра жывёл і людзей” (2019) па спасылцы. Пароль будзе даступны ў каментарах да эфіру, а таксама ў падзеі на FB і на сайце Польскага Інстытута. Фільм можна будзе паглядзець у арыгінале, а таксама з субтытрамі на беларускай альбо ангельскай мове.

Лукаш Чайка — журналіст і кінематаграфіст, нарадзіўся ў Варшаве, шмат часу прысвяціў працы на тэлебачанні і ў прэсе. Выпускнік кінашколы Анджэя Вайды. Ён таксама атрымаў дыплом паліталогіі ў Варшаўскім універсітэце, Цэнтры лацінаамерыканскіх даследаванняў. Ён дасведчаны тэлерэпарцёр, а таксама стваральнік і дызайнер відэагульняў, перакладзеных на дзясятак замежных моў.

На працягу чатырох гадоў ён захапляўся гісторыяй сям’і Жабіньскіх і падзеямі ваеннага часу ў заапарку Варшавы. Ён займаецца дзейнасцю асацыяцыі "Варшаўская манаполія", якая, сярод іншага, ажыццяўляе мастацкія ініцыятывы варшаўскага раёна “Прага”, такія як канцэрты і тэатральныя пастаноўкі ў Зале памяці Яна і Антаніны Жабіньскіх.

У 2019 годзе ўбачыў свет фільм беларускага рэжысёра Максіма Шведа «Чыстае мастацтва», сцэнарый да якога напісаў Лукаш Чайка. «Пра жывёл і людзей» - першы поўнаметражны фільм Лукаша Чайкі.

«Пра жывёл і людзей» (2019 г.)

Рэжысёр і сцэнарыст: Лукаш Чайка.

Кампазітар: Марцін Масэцкі.

Прадюсеры: Анна Верада, Караль Важбіньскі, Войцех Франчак.

Фільм пра падзеі ў заапарку Варшавы да і падчас Другой сусветнай вайны. Галоўныя героі фільма - Ян Жабіньскі, стваральнік і шматгадовы дырэктар заапарка, і яго жонка Антаніна Жабіньска. У ваенны час яны прадстаўлялі прытулак габрэям і польскім змагарам Супраціву, хавалі іх у заапарку, сярод памяшканняў для жывёл і ва ўласным доме.

Усяго ім удалося выратаваць ад забойц каля трохсот чалавек, дакладная колькасць выратаваных людзей дасюль невядомая. Сакрэтныя госці знаходзіліся ў заапарку ад некалькіх дзён да многіх месяцаў, а потым сыходзілі далей за межы Варшавы.

Ужо праз гады Антаніна Жабіньска апісала гэтыя падзеі ў мемуарах, якія так і называліся «Пра жывёл і людзей». У 1965 годзе Ян і Антаніна Жабіньскія за свой подзвіг атрымалі тытул Праведнікаў народаў свету. А ў 2007 годзе свет пабачыла англамоўная кніга «Жонка даглядчыка заапарка», па якой у 2016 годзе быў зроблены аднайменны галівудскі фільм з Джэсікай Чыстэйн у галоўнай ролі.

Фільм Лукаша Чайкі ствараўся паралельна. Аповед ў ім ідзе ад імя дачкі Жабіньскіх Тэрэзы. Глядач убачыць падзеі ў Варшаўскім заапарку яе вачыма і вачыма тых людзей, якіх выратавалі супругі Жабіньскія.

личность
культура