Кінафестываль «Паўночнае ззянне» сёлета пройдзе анлайн і бясплатна з 20 па 30 лістапада.
Фестываль «Паўночнае ззянне» праводзіцца з 2015 года. На ім прэзентуюцца дакументальныя і ігравыя стужкі краін Балтыі і Паўночнай Еўропы, фестываль з’яўляецца пляцоўкай для абмену думкамі і досведам беларускіх творцаў і аматараў кіно. Сёлета беларуская праграма пройдзе ў анлайн-фармаце, далучыцца зможа кожны ахвотны.
Уся праграма ў анлайн будзе даступна бясплатна па папярэдняй рэгістрацыі, якая пачне працаваць неўзабаве. Глядзець фільмы «Ззяння» можна будзе з 20 па 30 лістапада, яны будуць даступны 24 гадзіны згодна з раскладам.
На што варта звярнуць увагу
Беларуская частка ў анлайн-паказе складаецца з дзевяці стужак. Пратэсты 2020 года і іх наступствы, маральныя перажыванні вясковага злодзея, погляд на будучыню падлеткаў БССР 1989 года, адчуванне эпохі і беларускіх лёсаў у польскай Лодзі, стужка, дзе галоўны герой іграе самаго рэжысёра – сёлетняя сюжэтная разнастайнасць айчынных аўтараў сапраўды ўражвае.
Вось толькі некторыя трэйлеры
Падчас анлайн-дыскусіі аўтары стужак, якія ўвайшлі ў беларускую праграму «Паўночнага ззяння», раскажуць, дзе цяпер яны адчуваюць сябе як дома і ці ўдаецца ім знаходзіць сілы ды магчымасці, каб здымаць кіно, салідарызавацца з калегамі і не губляць сувязь з гледачом. Мадэраваць размову будуць дырэктарка «Паўночнага ззяння» Воля Чайкоўская і культуролаг Максім Жбанкоў. Даведацца пра івэнт больш можна тут.