Днямі было падпісана пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам культуры: цяпер школьнікі і навучэнцы каледжаў змогуць далучацца да прыгожага і разумнага раз на месяц.
Калі школьнікам можна будзе хадзіць у музеі бясплатна?
Кожную апошнюю сераду месяца навучэнцы змогуць бясплатна наведваць музеі, паведамляе «Настаўніцкая газета».
То бок любы школьнік можа схадзіць у любы музей?
Хутчэй за ўсё, не: школьнікам можна будзе хадзіць толькі групамі. Прынамсі гэта вынікае са слоў начальніцы ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі Ірыны Карповіч. Яна кажа, што асобна ўзяты школьнік не зможа бясплатна трапіць у музей па сваім выбары – будзе неабходны папярэдні запіс ад школы:
– Каб не ствараць хаосу, з Міністэрствам адукацыі дасягнута дамоўленасць аб папярэднім запісе. Установы адукацыі павінны загадзя на працягу месяца пазваніць у музей, які маюць намер наведаць, і запісацца на пэўны час, – адзначае Карповіч.