У Мінску распачынае дзейнасць #ДзіцячыКлюб – гэта серыя развівальна-забаўляльных заняткаў для дзетак ад 3 да 12 гадоў. Пра ініцыятыву паведаміла пляцоўка “Арт Сядзіба” ў сваім фэйсбуку.
![](https://stat2.city-dog.by/content/editor_images/2019/01_january/28_16343/1%20(1).jpg)
Што там будзе?
Заняткі будут праходзіць на беларускай мове ў інтэрактыўнай форме з гульнямі, творчымі і тэатральнымі майстар-класамі, навуковымі і гістарычнымі даследаваннямі. Перыядычна на заняткі будуць завітваць беларускія музыкі, паэты і іншыя зоркі.
Дзе ўсё будзе праходзіць?
Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень у кавярні “Грай” (насупраць бізнес-цэнтра velcom). Кошт аднаго занятка – 20 руб., абанемент на чатыры заняткі – 65 руб. Квіткі можна набыць тут. Кантактны тэлефон: +375 44 769 63 94.
А расклад ужо вядомы?
9 лютага “Прыгожае слова”: з дапамогай гульняў пазнаёмімся з дзеткамі, даведаемся, што значыць іх імя, распавядзём пра сябе, свае характары, намалюем свае асацыяцыі да беларускіх слоў, паўдзельнічаем у трэнінгу-гульні, а таксама паслухаем казку ды абмяркуем, што такое сяброўства.
16 лютага “Беларускі кракадзіл”: згуляем у “Кракадзіла” – пакажам жэстамі пэўны прадмет. Павучымся ўважлівасці і канцэнтрацыі на кароценькіх гісторыях. Паспрабуем адчуць сябе жывёлкамі. Намалюем любімую істоту. Зробім тэатральныя эцюды пра жывёлак.
23 лютага “Разумею эмоцыі”. Адкуль з’яўляюцца і як праяўляюцца эмоцыі? Як іх разумець? Пакажам мімікай і намалюем сваю эмоцыю ў дадзены момант. Пагуляем і паробім тэатральныя эцюды, прысвечаныя эмоцыям і станам чалавека.
2 сакавіка “Гісторыя фарбы”. Згуляем у “Жэст” на развіццё памяці і маторыкі, даведаемся, чым малявалі раней, адкуль пачыналіся колеры, з чаго раней рабілі фарбы. Навучымся маляваць адным колерам. Пазаймаемся тэматычнымі тэатральнымі эцюдамі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.