Сёння старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч раскрытыкаваў старшыню Дзяржаўнага камітэта навукі і тэхналогій Аляксандра Шуміліна – за бульбу фры.
Што не так з бульбай фры ў Беларусі?
Аказалася, што беларусы штогод ядуць мінімум 5,5 тыс. тон бульбы фры – і ўсю яе завозяць з-за мяжы.
– Я ведаю, што сёння ў Польшчы працуюць пяць заводаў па вытворчасці бульбы фры, – раскрыў карты Мясніковіч, – прычым практычна ўсе яны арыентаваны на Беларусь. Да чаго ж мы, бульбашы, дажыліся?
А чаму яе ў нас не робяць?
Завод па вытворчасці бульбы фры спрабуюць пабудаваць у Талачыне на Віцебшчыне. Але з інвестыцыямі ўсё кепска. За гэта Мясніковіч і раскрытыкаваў Шуміліна.
На закід Мясніковіч, што камітэт мусіць хадзіць і шукаць інвестыцыі з ліхтарыкам, Шумілін сказаў: «Мы не можам знайсці банк, які б крэдытаваў будаўніцтва такога прадпрыемства».
Занавес.