Тут можна паглядзець фільмы рэжысёра, які здымаў кліпы для беларускіх музыкаў

Калі вам не знаёмае імя Арцёма Лобача, гэта зусім не значыць, што вы не знаёмыя з яго творчасцю. Магчыма, кліп вашага любімага беларускага музыкі зрэжысаваў менавіта ён. На рахунку Арцёма праца з Nizkiz, J:MOPC, Akute, і гэта далёка не ўвесь спіс.

Калі вам не знаёмае імя Арцёма Лобача, гэта зусім не значыць, што вы не знаёмыя з яго творчасцю. Магчыма, кліп вашага любімага беларускага музыкі зрэжысаваў менавіта ён. На рахунку Арцёма праца з Nizkiz, J:MOPC, Akute, і гэта далёка не ўвесь спіс.

Цяпер жа ёсць магчымасць адкрыць для сябе Арцёма Лобача ў амплуа рэжысёра кіно, бо на платформе VODBLISK даступныя тры яго фільмы: «Шлях дадому» (2020), «Бліжэй, чым ты думаеш» (2015) і «Дом» (2010).

«Шлях дадому» – дакументальная рэфлексіўная гісторыя Паўла, які імкнецца знайсці сваё месца ў жыцці пасля ад’езду з анексіраванага Крыма. Прага свабоды і прынцыпы прыводзяць яго ва ўкраінскае сяло, дзе ён стварае свой уласны свет, сутыкаючыся з праблемамі і перашкодамі на шляху да самапазнання.

Гэта кіно, якое праз гісторыю Паўла адначасова разважае пра геапалітычныя сітуацыі і пра тое, што значыць пакінуць свой родны дом. Галоўным саўндтрэкам фільма быццам сталі спевы птушак – ды і ўвогуле гукі вёскі. У кадры ж вас чакаюць заспакаяльныя сельскія пейзажы (без буслоў і трактароў не абышлося) і назіранне за будзённым працоўным (і не толькі) жыццём героя. «Шлях дадому» можа аказаць тэрапеўтычнае дзеянне на тых, каму прыйшлося зноў будаваць жыццё ў новым месцы, і дапамагчы зразумець гэта пачуццё тым, у каго такога досведу няма.

Цікавы факт: стужка «Шлях дадому» стала часткай першай праграмы беларускага кіно ў рамках кінафестывалю «Паўночнае ззянне» ў 2020 годзе.

Большасць фільмаў Арцёма Лобача складаназлучаныя, нелінейныя. Рэжысёр не раскрывае ўсю гісторыю ў лоб, а робіць гэта паступова. Так і ў фільме «Бліжэй, чым ты думаеш» глядач далёка не адразу разумее, што гэта кіно пра маладую дзяўчыну, якая прагне свабоды і незалежнасці, таму ўгаворвае закаханага хлопца кінуць усё і пачаць новае жыццё ўдалечыні ад гарадской мітусні.

Яны збягаюць ад бацькоў і знаходзяць адзіноту ў вясковай глушы, дзе здаецца, што яны нарэшце могуць стварыць сваю ўласную сям’ю. Аднак нечаканая сустрэча з мінулым разбурае іх ілюзіі і выяўляе схаваныя амбіцыі і сапраўдныя намеры кожнага з іх.

У 19 хвілін стужкі «Дом» умясціліся і трылер, і прыгодніцкі фільм, і меладраматычная лінія. На стварэнне фільма рэжысёр натхніўся атмасферай маёнтка пачатку XX стагоддзя Жалудок, там жа і прайшлі здымкі. Разам са сваёй здымачнай групай Арцём Лобач стварыў гісторыю пра беларускую ідэнтычнасць.

Па сюжэце: ля старога дома маладыя людзі ладзяць пікнік з нагоды ад’езду за мяжу галоўнага героя. Месца для вылазкі з сябрамі выбрана зусім не рандомнае: гэта маёнтак, які належаў продкам галоўнага персанажа, але які ён сам не бачыў.

Першапачаткова ў фільме перад героем не стаіць пытанне, з’ехаць ці застацца. У яго на руках ужо ёсць білеты ў еўрапейскую краіну, і быццам бы ўжо ўсё вырашана. Вось толькі становіцца відавочна, што ўнутраны канфлікт і рэфлексія з гэтай нагоды не даюць яму спакою.

«Дом» – гэта канцэптуальны фільм, які не падпарадкоўваецца класічнай форме апавядання: перад намі дзве рэальнасці, адна з якіх накладваецца, набягае хвалямі на іншую. Аднак ад гэтага назіраць за развіццём сюжэту толькі захапляльней. Папярэджваем: пры праглядзе фільма асаблівае задавальненне выклікаюць сцэны з магічнай сядзібай і прачытаныя кавалачкі вершаў Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча.

Для тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі, адразу тры фільмы можна паглядзець за 12,99$. Акрамя гэтага, ёсць магчымасць набыць доступ да кожнай са стужак паасобку за 5$. З прычын бяспекі гледачы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, могуць глядзець фільмы платформы VODBLISK бясплатна.

У сваіх сацыяльных сетках каманда праектf бясконца даказвае, што беларускае кіно існуе, таму раім падпісацца: Instagram, Facebook, Viber.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Відэа: YouTube.com.

поделиться