Аналітычны сэрвіс Numbeo апублікаваў абноўлены рэйтынг самых дарагіх для жыцця гарадоў на 2026 год. У спісе 479 гарадоў з усяго свету. Мінск аказаўся бліжэй да канца рэйтынгу.
Першыя шэсць гарадоў з рэйтынгу знаходзяцца ў Швейцарыі. Самымі дарагімі для жыцця прызнаны Цюрых, Жэнева, Базель, Лазана, Лугана і Берн.
У першую дзясятку таксама ўвайшлі Нью-Ёрк, Рэйк’явік, Ганалулу і Сан-Францыска. Мінск у гэтым рэйтынгу заняў 411-е месца. Гэта азначае, што жыць у беларускай сталіцы танней, чым у большасці еўрапейскіх і сусветных мегаполісаў, якія трапілі ў даследаванне.

Пазіцыя Мінска ў рэйтынгу. Скрыншот: Numbeo.com.
Пры гэтым сталіцы большасці краін-суседзяў Беларусі знаходзяцца вышэй. Рыга – 244-е месца, Варшава размясцілася на 257-м радку, Вільнюс – на 260-м.
Для параўнання з іншымі гарадамі рэгіёна: Ерэван заняў 323-е месца, Тбілісі – 367-е, Баку – 407-е, Астана – 428-е.
Пры складанні рэйтынгу аналітыкі Numbeo улічвалі кошты на прадукты, паходы ў рэстараны, арэнду жылля, а таксама пакупніцкую здольнасць насельніцтва. Усім гарадам таксама прысвоілі вартасны індэкс: за 100% у ім традыцыйна прымаюць узровень коштаў у Нью-Ёрку.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці здесь.

















