Краязнаўца, энтузіяст гісторыі сталіцы, гаспадар музея «Стары Менск» Глеб Лабадзенка на сваёй старонцы ў Facebook падзяліўся, што месцу мінскага гарадзішча, дзе зараз знаходзіцца музей, нададзены статус помніка рэспубліканскага значэння. Раней гэта месца лічылася помнікам мясцовага ўзроўню.
Што за месца
Мінскае гарадзішча – археалагічны комплекс IX-XI стагоддзяў каля вёскі Гарадзішча, што ў 10 кіламетрах ад сучаснага Мінска. Менавіта тут пачынаўся старажытны Менск, а ўжо пасля таго, як яго некалькі разоў спалілі, паселішча перанеслі на цяперашняе месца – ля рэк Свіслач і Няміга.
Што наконт статусу помніка?
Першапачаткова месцу мінскага гарадзішча была надазена 3-я катэгорыя ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей – помнік мясцовага значэння. Але днямі пастановай Міністэрства культуры была зацверджана ахоўная зона гарадзішча і селішча, а самому месцу нададзена ўжо 2-я катэгорыя, якая адпавядае статусу рэспубліканскага ўзроўню.
Што гэта значыць:
- любое новае будаўніцтва навокал будзе адбывацца толькі з абавязковай прысутнасцю археолагаў;
- вышыня новых будынкаў абмежавана 9 метрамі;
- забаронена будаўніцтва новых прамысловых аб’ектаў побач з археалагічным комплексам.
Акрамя таго, да помніка ўсталююць указальнікі ад кальцавой і будуць падтрымліваць парадак навокал.
«Гэта тое, пра што мы гадамі пісалі звароты ў самыя розныя інстанцыі. І вось усё гэта спраўдзілася. Светлая навіна», – дзеліцца краязнаўца Глеб Лабадзенка.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Facebook.com.