Беларускі пісьменнік Віктар Марціновіч паведаміў, што выпусціў кнігу на англійскай мове. Пра гэта ён напісаў 8 студзеня ў сваім інстаграме.
Паводле слоў Віктара Марціновіча, кніга Belarus in Autoethnographic Narratives вырасла з яго акадэмічнага праекта, звязанага з пошукам «мовы гуманітарных навук». Першапачаткова ён задумваў тэарэтычную працу, але пасля абмеркаванняў з калегамі ў Нью-Ёрку вырашыў пайсці іншым шляхам: паказаць ідэі праз мастацкі прыклад.
«Трэба было знайсці гісторыю – настолькі добра вядомую мне, што я з яе складаюся», – напісаў Марціновіч.

Віктар Марціновіч з кнігай. Фота: @v.v.martinovich, Instagram.com.
У аснове кнігі – гісторыя яго прадзеда Амяляна. Спачатку той быў дзеншчыком у царскім войску, затым млынаром, а падчас нямецкай акупацыі – селянінам. У 1943 годзе Амялян быў расстраляны нацыстамі. Гэта трагедыя, як піша аўтар, закранула не толькі іншых людзей, але і адгукнулася ў яго ўласным дзяцінстве.
«Гісторыя беларускага селяніна Амяляна расказана тут праз творы Рафаэля, Шагала, Сандра Бацічэлі, Каспара Давіда Фрыдрыха, Станіслава Жукоўскага, Хаіма Суціна», – адзначыў Марціновіч.
Кніга выйшла ў выдавецтве Routledge (Оксфард). Аўтар адзначае, што выданне атрымалася дарагім.
15 студзеня (чацвер) Віктар Марціновіч прадставіць кнігу ў Вільнюсе. Прэзентацыя пройдзе на англійскай мове. Сустрэча адбудзецца ў Crystal Lounge пры Imperial Hotel & Restaurant (Subačiaus g., 2-6) і пачнецца ў 18:00. Уваход вольны.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці здесь.
















