Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча кліча на святочную імпрэзу да «Ночы музеяў». Галоўная тэма – «Беларускі маляваны вырай», а ў праграме – выставы, кірмаш, майстар-класы, дзіцячая пляцоўка і дранік-фэст.
18 мая ў Вільні адбудзецца «Ноч музеяў – 2025», і Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча падрыхтаваў насычаную праграму. Тэма свята – «Беларускі маляваны вырай», прысвечаная традыцыйнаму народнаму мастацтву: дыванам, куфрам, ручнікам і ўзорам з дзяцінства.


Старт запланаваны а 13:00. З гэтага часу і да вечара будзе працаваць кірмаш майстроў з аўтэнтычнымі вырабамі: бранзалеты, хусткі, світшоты, кнігі – усё з беларускім каларытам.
З 14:00 стартуюць майстар-класы: дзеці будуць распісваць падстаўкі пад кубкі, а дарослыя – ствараць шоперы з беларускімі ўзорамі. Удзел магчымы толькі па папярэдняй рэгістрацыі, колькасць месцаў абмежаваная.
А 16-й у вялікай зале адкрыецца выстава і пройдзе аўкцыён твораў беларускіх мастакоў. Там можна выйграць 1 з 10 працаў за данат у 5 еўра.
З 15:00 да 17:00 будзе працаваць дзіцячая пляцоўка з батлейкай, гульнямі, аквагрымам і творчымі заняткамі, дзе дзеці змогуць намаляваць свае мары і ўпрыгожыць імі музейны двор.
А 18:00 пачнецца дранік-фэст, а ў 17:00 – канцэртна-танцавальная праграма з выступам Яўгена і Вольгі Барышнікавых.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: музей імя І.Луцкевіча.