Сёння на музычных пляцоўках адбылася прэм’ера новага сольнага альбома Лявона Вольскага «Амерыка». Гэтым разам ён спявае пра прэрыі, вецер і каўбойскі капялюш.
Як і ўсе альбомы Вольскага апошняга часу, дыск запiсалi ў Вільнюсе з нарвежскім саўндпрадзюсерам Снорэ Бергерудам. Але гэта цалкам іншая праца, натхнёная амерыканскай музыкай 60-х і вэстэрнамі. Музычныя рэферэнсы гэтага альбома: The Byrds, Боб Дылан, Джоні Кэш, Creedence Clearwater Revival, The Beach Boys.
– Я з дзяцінства люблю вэстэрны, – прызнаецца Лявон Вольскі. – Гэтыя чырвоныя выпаленыя землі, населеныя суровымі шукальнікамі прыгод, драўляныя мястэчкі з салунам, касцёлам, банкам і час ад часу чыгуначнай станцыяй. Мужныя героі, асляпляльныя спадарожніцы, падступныя зламыснікі... Верны конь, паходнае вогнішча, дарожныя торбы... І хэпі-энд, ворагі глытаюць пыл, сілуэт героя павольна знікае на тле крывавага захаду сонца.
Спецыяльна дзеля аўтэнтычнасці гучання Снорэ Бергеруд на запісе выкарыстоўваў адмысловыя інструменты і нават кампаненты. Напрыклад, струны для бас-гітары без абмоткі і пластыкі для бубноў, якія імітуюць старыя, зробленыя са скуры, як у 60-х. Таксама для інструментаў і голасу былі выкарыстаны выключна эфекты, якія мелі ўжытак у тыя часы.
А яшчэ Лявон Вольскi едзе ў сусветны акустычны анлайн-тур
А заўтра (16.04) пачынаецца сусветны акустычны анлайн-тур Лявона Вольскага. Ужо абвешчаны канцэрты для Польшчы (16.04), Вялікабрытаніі (17.04), ЗША (18.04), Чэхіі (22.04), Ізраіля (23.04), Украіны (24.04), Германіі (25.04), Літвы (29.04) і Беларусі (30.04). Выступы адбудуцца ў фармаце хатняй акустыкі. Трансляцыя будзе весціся кожны раз толькі на названую краіну праз старонку Лявона Вольскага ў Facebook.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.