10 ліпеня (серада) у музеі гісторыі беларускай літаратуры прачытаюць адкрытую лекцыю «Ажынавая зіма». Яна будзе прысвечана жыццю і творчасці Элізы Ажэшкі.
Гэта будзе пятая лекцыя з цыкла “Сны самотнага дзьмухаўца: па старонках біяграфіі Элізы Ажэшкі”. Правядзе яе галоўная рэдактарка часопіса “Маладосць”, даследчыца Святлана Воцінава.
Пра што будзе лекцыя
Лічыцца, што Эліза Ажэшка – адна з першых у Беларусі жанчын, якая фактычна прытрымлівалася прафемінісцкіх поглядаў. Яе творы друкаваліся ў суфражысцкім часопісе Ster, а кнігі дагэтуль раяць да чытання феміністкі.
У сераду Святлана Воцінава будзе расказваць пра той перыяд жыцця і творчасці пісьменніцы Ажэшкі, калі яна напісала свае ключавыя творы: “Нізіны”, “Дзюрдзі”, “Над Нёманам”, “Хам”.
– Што даводзілася ёй перажываць? Як атрымлівалася пакуты душы ператвараць у радкі мастацкіх твораў? Ды так, што за гэтыя радкі яна ледзь не атрымала Нобелеўскую прэмію? І што пра яе творчасць думалі “канкурэнты” – Генрых Сенкевіч і Леў Талстой? – анансуе лекцыю аўтарка.
Што, дзе, калі
10 ліпеня (серада), Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13). Пачатак а 18-й, уваход – 3 руб.