У нядзелю, 7 мая, увечары стала вядома, што ў калоніі памёр яшчэ адзін палітвязень – пінскі блогер Мікалай Клімовіч. Яму быў 61 год.
Праваабаронцы паведамляюць, што ў віцебскай калоніі №3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер з Пінска Мікалай Клімовіч. Вядома, што ў маі 2022-га Мікалай перанёс інсульт. А праз некалькі месяцаў, у снежні, яго затрымаў ГУБАЗіК – за антываенныя публікацыі ў «Аднакласніках».
Клімовіч расказваў, што паказваў губазікаўцам свае дакументы пра інваліднасць (II група па сэрцы), але тыя толькі пасмяяліся. Мікалая змясцілі ў ІЧУ, але ўжо на наступны дзень яго адтуль забрала «хуткая», і мужчыну пакінулі на некалькі дзён у бальніцы.
Крымінальную справу на Мікалая завялі за лайк пад карыкатурай на Лукашэнку. Да суда ён быў на волі, а перад прысудам казаў, што любое турэмнае зняволенне для яго – гэта смерць, таму што мужчына павінен быць пад пастаянным наглядам доктара і прымаць вялікую колькасць моцных лекаў.
Нягледзячы ні на што, 28 лютага 2023 года суддзя Андрэй Бычыла прысудзіў Мікалаю Клімовічу год калоніі. 21 красавіка 2023 года яго перавялі ў калонію. А праз два тыдні ён памёр.
Фота: сацсеткі.