На доме па адрасе Свярдлова, 4 аднаўляюць гістарычны выгляд. На фасад вяртаюць дэкор, а ў першым пад’ездзе з’явяцца аўтэнтычныя элементы інтэр’ера.
У тэлеграм-канале пра гарадзенскую ўрбаністыку і спадчыну напісалі, што на фасад дома з надпісам «SALVE» вяртаюць гістарычны дэкор. Праўда, элементы вырабляюцца з пенапласту, пакрытага акрылам з мармуровай дробкай, пасля чаго яны замацоўваюцца і шпаклююцца цэментна-пясковай сумессю.
На фасадзе з’явяцца:
- накрыўка,
- 2 аркі,
- 39 вянкоў,
- 44 кветкі,
- 44 банцікі.
У межах рамонту ў першым пад’ездзе аднаўляюцца аўтэнтычныя лесвічныя стойкі, якія захаваліся з моманту пабудовы дома. Кошт рамонту – 19 804 руб. Апошні капітальны рамонт будынка адбываўся ў 1980 годзе.
Што гэта за дом?
Ён быў пабудаваны ў 1902 годзе ў стылі эклектыкі як жандармскія казармы. На ганках захаваўся стары надпіс «SALVE», што з лацінскай мовы перакладаецца як «прывітанне». А ў пад’ездзе можна ўбачыць аўтэнтычную плітку і старую вінтавую лесвіцу.
Сёння будынак выкарыстоўваецца як жылы. Ен мае характэрныя высокія столі. У шматлікіх кватэрах захаваліся кафляныя печы.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Newgrodno.by.