Грамадская кампанія «Годна» распачала відэапраект «Годная Беларусь». Серыя ролікаў у простай і нагляднай форме раскажа беларусам, як узніклі і фарміраваліся наш народ, нацыя, краіна, дзяржаўнасць.
Пра што відэапраект «Годная Беларусь»?
У праекце «Годная Беларусь» запланавана 5 серый. Аўтары цыкла звернуць увагу не толькі на гісторыю, але і на сучаснасць: пералічаць сённяшнія беларускія дасягненні, раскажуць пра выбітных беларусаў на радзіме і за мяжой. На падставе грунтоўнага сацыялагічнага даследавання пакажуць, як беларусы ўспрымаюць самі сябе.
Першая серыя цыкла атрымала назву «Як беларусы сталі народам». Яе можна паглядзець не толькі на беларускай, але і на рускай мове.
Стваральнікі «Годнай Беларусі» сцвярджаюць, што спрабуюць адказаць на два галоўныя пытанні: чым могуць ганарыцца беларусы і што можна зрабіць яшчэ лепш, каб гэта было годна?
А што яшчэ?
– Магу адзначыць, што ўжо зараз сумесна з «Будзьма беларусамі!» і даследчым цэнтрам Satio стартавала агульнанацыянальнае сацыялагічнае даследаванне па тэме беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і свядомасці, летам плануем прэзентаваць першыя вынікі гэтай маштабнай працы, – расказаў каардынатар грамадскай кампаніі «Годна» Павел Белавус.
Кампанія працуе над кнігамі, ладзіць акцыю «Трымайся Годна» і плануе музычны марафон «Спяваем Годна».
– Адразу пасля сканчэння эпідэміі каранавіруса мы пачнём падрыхтоўку форуму «Нацыянальная ідэя Беларусі», творчага конкурсу і фестывалю «Годна», моладзевай школы «З Годна», бізнес-форуму «Так, Годна!» ды іншых цікавых праектаў, – дадае Павел Белавус.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.