Беларуска з нікам heta.pryhozha апублікавала ў інстаграме падборку картак з беларускімі прыказкамі пра катоў і іх тлумачэннямі – «беларуская на С1». За два дні публікацыя набрала амаль 2000 лайкаў.
У подпісе да паста аўтарка прызналася, што не ўсе беларускія выразы пра катоў можна назваць пазітыўнымі: «Прызнацца шчыра, далёка не ўсе беларускія выразы пра катоў пазітыўныя. Але сабрала некалькі, якімі можна карыстацца, а Кіт візуалізаваў. Не дзякуйце, але можаце перасылаць».
Карткі аформлены з прыкладамі выразаў і іх простым тлумачэннем:
- «Кату па пяту» – так кажуць пра нешта вельмі маленькае.
- «Кешкацца як кот з селядцом» – доўга і марудна займацца справай.
- «Злосці поўны косці, а сілы як у ката» – слабы.
- «Падыходзіць як кату лапці» – калі нешта не падыходзіць.
- «Іграць як кот на цымбалах» – не ўмець нешта рабіць.
- «Баяцца як кот квакухі» – баяцца кагосьці злога.
За два дні публікацыя сабрала амаль дзве тысячы лайкаў і больш за 30 каментарыяў. Вось некаторыя з іх.
«Ласы на чужыя каўбасы – пра катоў таксама», – нагадала taja_kacia.
«Хм, ды я з дысерам менавіта як кот з селядцом», – напісаў zwycz_czalawiek.
«Кот відавочна не згодны з гэтым паклёпам», – жартуе kot_chodz_chodz_chodz.
«Які допіс, клас», – напісала maria.chekun.
«А яшчэ ёсць – мазгоў на кашыную п**ду не намазаць (дурны). Падслухана пад Лепелем у вёсцы», – падзялілася pashtetio.
«Глядзіць як кот на смятану (пра хлопца, які заглядаецца на дзяўчыну)», – напісала zoyabirillo.
Раней CityDog.io пісаў пра беларуску з нікам @_yarets. Яна выкладала відэа пра беларускія словы, якія часта чула ад сваёй бабулі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















