Сустрэча з пісьменніцай Маргарэт Рук “Дыслексія – мая супермагчымасць” пройдзе 11 кастрычніка ў межах Сусветнага тыдня дасведчанасці аб дыслексіі.
Што там будзе?
Вядомая брытанская журналістка і пісьменніца Маргарэт Рук выступіць перад беларусамі 11 кастрычніка ў Інстытуце імя Гётэ. Яна раскажа пра паспяховы брытанскі досвед работы з дыслексіяй і прэзентуе сваю кнігу Dyslexia Is My Superpower, якая заснавана на шматлікіх інтэрв’ю з людзьмі, у якіх ёсць дыслексія.
Дыслексія – гэта парушэнне здольнасці авалодваць навыкамі чытання і пісьма. Яна не закранае агульную здольнасць да навучання.
Сустрэча арганізавана ініцыятывай Dyslexia Belarus пры падтрымцы Пасольства Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мерапрыемства разлічана на ўсіх, хто цікавіцца тэмай сацыяльнай інклюзіі.
Хто такая Маргарэт Рук?
Маргарэт Рук – журналістка і пісьменніца, якая спецыялізуецца на сацыяльнай тэматыцы. Яна разглядае праблему з розных бакоў, заўсёды надае ўвагу асабістым гісторыям, каб дакладна расказаць пра лёс чалавека.
Чаму важна гаварыць пра дыслексію?
“Статыстыка людзей з дыслексіяй пастаянна расце – па апошніх даных Сусветнай асацыяцыі дыслексіі, працэнт людзей з дыслексіяй знаходзіцца ў межах 17–21% насельніцтва Зямлі. Гэта ўжо не кожны дзясяты чалавек у свеце, а, хутчэй, кожны сёмы або нават кожны пяты”, – сцвярджаюць у суполцы Dyslexia Belarus.
Дыслексія – гэта не хвароба, яе праявы можна карэкціраваць. Многія людзі без праблем жывуць з гэтай асаблівасцю, і яна не перашкаджае іх кар’еры, асабістаму і прафесійнаму развіццю.
Як трапіць на сустрэчу?
Сустрэча “Дыслексія – мая супермагчымасць” пройдзе ў Інстытуце імя Гётэ (вул. В. Харужай, 25/3) 11 кастрычніка. Каб трапіць на мерапрыемства, неабходна зарэгістравацца. Уваход вольны.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.