Аляксей (імя зменена ў мэтах бяспекі) жыве ў Амерыцы 30 гадоў. Гэта амаль палова яго жыцця. За гэтыя часы ён паспеў наладзіць свой побыт і стаць сведкам ужо некалькіх хваляў эміграцыі беларусаў у ЗША. CityDog.io папрасіў Аляксея прааналізаваць, якія адрозненні ёсць паміж эмігрантамі розных дзесяцігоддзяў.
Пра прычыны пераезду: «Хацелася агледзецца, а як там робяцца справы»
Аляксей эмігрыраваў у Амерыку ў 1995 годзе. На той момант мужчыне было крыху больш за 30 гадоў, і ў новую краіну ён паехаў за сваёй марай – прагнуў займацца культуралогіяй. Аляксею падавалася, што дзе, як не ў Амерыцы, у яго атрымаецца вольна займацца любімай справай. Так з Беларусі, якую на той момант хістала з-за нядаўна разваленага «саўка», мужчына апынуўся ў Нью-Ёрку.
– Я займаўся пытаннямі ўзаемадзення культур – і тады ўся гуманітарная тэматыка была завязана на расійскую культуру і яе ўзоры. Хацелася ў шырэйшым свеце агледзецца, а як там робяцца справы.
Тады я працаваў у адным з гуманітарных інстытутаў, знайшоў грант, прыехаў у Амерыку на кароткі тэрмін – і вырашыў застацца. Спачатку я прыляцеў у Вашынгтон, але ў Нью-Ёрку былі мае знаёмыя і праходзіла праграма, на якую я прыехаў, таму там і застаўся.
Падавалася, гэта дах свету: усе падзеі, уся значнасць, усе навіны робяцца і адбываюцца тут – у Амерыцы. Я так казаў і думаў раней, застаюся пры гэтым меркаванні і цяпер.
Пра адаптацыю: «Я не займаюся тым, чым хацеў»
– Рабіць тое, пра што я марыў, у мяне не атрымалася.
Я падаваў тэму сваёй дысертацыі па культуралогіі ў розныя ўніверсітэты, і адгукнуўся Оксфардскі ўніверсітэт. Для мяне нават ужо быў вызначаны навуковы кіраўнік, і я меў з ім кантакты. На жаль (ці на шчасце, не ведаю), але ў мяне ўжо была сям’я, і той стыпендыі не хапіла б на нармальнае існаванне.
Таму цяпер мая прафесія звязана з інфармацыйным менеджментам – займаюся тым, што алічбоўваю мастацкія калекцыі кіна- і фотаархіваў.
Пра адчуванне сябе: «Маю грамадзянства, але ў беларускім асяродку я эмігрант»
– Сталай кар’ернай працы я дасягнуў прыблізна праз пяць гадоў пасля эміграцыі. Яшчэ адзін атрыбут адаптацыі – набыў кватэру. Гэта адбылося прыкладна праз гадоў 15, але мог нават і раней гэта зрабіць.
Не скажу, што я дасягнуў сваёй «амерыканскай мары», але нешта атрымалася. Я маю грамадзянства, галасую, раз на пяць гадоў выконваю абавязкі прысяжнага. У мяне ёсць сябры-амерыканцы. Але гэта не значыць, што ў мяне цалкам амерыканскае мысленне і што я атрос прах мінулага са сваіх ног. Беларускімі справамі я цікаўлюся, і мяне досыць гэта пераймае. У гэтым я, напэўна, нічым не адрозніваюся ад кожнай іншай этнічнай эмігранцкай групы.
Але злавіў сябе на думцы: у, напрыклад, дубайскім аэрапорце, калі чую амерыканскую гаворку ад кітайцаў, усё ж больш атаясамліваю сябе з імі, чым з рускамоўнымі, якія «по-масковски гаварят». Гэта не маё, чужое. Хаця, канешне, першасна я рускамоўны.
У Амерыцы я, напэўна, Belarusian American. У беларускім асяродку – проста эмігрант. Маё кола стасункаў пераважна складаюць беларусы. Прычым хутчэй беларускамоўныя, чым рускамоўныя.
Пра адрозненні эмігрантаў: «Папярэдняя хваля беларускіх эмігрантаў прымае новых»
– Мая хваля эміграцыі была збольшага легальнай – людзі прыязджалі па візах, а прычына пераезду была на 99% эканамічнай. Цяпер шмат людзей прыязджае без віз, і, безумоўна, гэта дадае праблем. Перыяд легалізацыі зацягнуты: эміграцыйная сістэма перагружана, і невядома, калі атрымаеш пасведчанне.
Тым не менш тое, чаго людзі не мелі тады, яны маюць цяпер. Напрыклад, раней усю інфармацыю трэба было вышукваць: ісці да адваката і ў бібліятэку. Дарэчы, бібліятэкі былі досыць добрым рэсурсам у Амерыцы – там можна было знайсці інфармацыю па пошуку працы, або тым, як заплаціць падаткі ці як падаць на палітычны прытулак. Цяпер гэта робіцца амаль імгненна праз Сеціва.
Яшчэ адзін момант адрознення: кантакты са сваякамі. Раней ты шукаў і купляў тэлефонныя карткі і выгадваў, якая з іх лепшая. Заўсёды гэтыя грошы былі ў галаве: размаўляеш і глядзіш на гадзіннік. Цяпер такіх праблем няма – кантакт у любы час.
Дадатковае адрозненне звязана з працай. У мае часы для хлопцаў гэта было пераважна будаўніцтва з азбестам – шкодная, брудная праца. Трэба было разбураць сцены, дзе выкарыстоўваўся азбест ці свінец у фарбах. Жанчыны ішлі ў догляд за старымі і хворымі. Таксама шмат хто працаваў у таксі.
Цяпер шмат людзей прыязджаюць з запатрабаванай кваліфікацыяй, з веданнем англійскай мовы. Некаторыя трапляюць ужо на падрыхтаваныя месцы, якія параілі сябры. Іншыя выбіраюць часовыя працы, гэта пераважна афіцыянты, бармены або грузчыкі.
Безумоўна, папярэдняя хваля беларускіх эмігрантаў прымае новых. Тут бы я хутчэй сказаў пра розніцу пакаленняў. Мая хваля эміграцыі збольшага была рускамоўнай – але цяпер адчуваецца іншае стаўленне да беларускай мовы. Гэта пэўны сімвал, пазіцыя і каштоўнасць. У 90-я гэта было цалкам за дужкамі – факультатыўна. Не скажу, што цяпер гэта кардынальна адрозніваецца, але ўсё ж такі ёсць.
Пра ўплыў 2020 года на дыяспару: «Людзі раптам пачалі размаўляць па-беларуску»
– У апошняе дзесяцігоддзе ў Амерыку прыязджалі досыць кваліфікаваныя людзі. Яны самадастатковыя, ім не трэба было трымацца грамады, даведвацца, як знайсці працу, і шукаць, да каго падсяліцца. У такіх людзей не было патрэбы гуртавацца з землякамі. Беларусы ўвогуле не дужа могуць пахваліцца кансалідацыяй – як на бацькаўшчыне, так і ў эміграцыі.
Але 2020 год паўплываў на тое, што шмат з іх перагледзелі, кім яны з’яўляюцца: што ёсць маё, якая мая бацькаўшчына, што я магу для яе зрабіць. І некаторыя знаёмыя, досыць паспяховыя людзі, раптам сталі размаўляць па-беларуску, цікавіцца культурай. Для мяне было нечакана, што атрымалася такая тэндэнцыя.
Пра Беларусь: «Веру, што сітуацыя на бацькаўшчыне зменіцца»
– Самым складаным у эміграцыі для мяне аказалася зрабіць правільны выбар. З гэтым звязана тое, што мая летуценная ідэя мінула ў першыя гады эміграцыі. З цягам часу ўзнікае патрэба больш практычнага занятку. Канешне, сваю справу робіць адарванасць ад калег і тое, што ты не зусім ужо ў тэме. Тыя запал, энтузіязм блякнуць. Магчыма, не знікаюць зусім, але гэта адыходзіць на іншы план.
Канешне, я быў бы цалкам рады і шчаслівы, калі б мог займацца тым, што люблю, на бацькаўшчыне сярод сваякоў і сяброў – у сваім арэале. Калі б я бачыў магчымасць самарэалізацыі там, не пакінуў бы яе.
Апошні раз я прыязджаў у Беларусь незадоўга да падзей 2020 года. Я адчуў, што гэта маё і не маё, – як некалі я з Беларусі прыязджаў у Вільнюс.
Канешне, калі я прыехаў, усё было не так, як у 90-я гады: больш цывільна, блішчаста, прыгожа. Чысценька, хаця я знайшоў адну паперку – нехта кінуў. Карацей, адчуванне было такім амбівалентым. Гэта месца, дзе ты нарадзіўся і вырас; з іншага боку, ты ад яго ўжо аддаліўся. Калі задумацца фундаментальна, мой стан – ад нечага адштурхнуўся і да нечага не даскочыў.
Але я веру, што сітуацыя на бацькаўшчыне зменіцца. У часы, калі я прыехаў у Амерыку, здавалася, што гэта на год-два. Ну, мабыць, пяць. Бачыце, не змянілася.
Тым не менш я застаюся аптымістам – як у адносінах да беларускай прысутнасці ў ЗША, так і да таго, што ўсё ж беларускасць, нармальнасць, годнае жыццё будуць і там. Раней ці пазней.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: Unsplash.com.