Гэтым летам у макіяжы можна амаль усё: адмовіцца ад тушы, вярнуць блакітныя цені з 90-х, злёгку растушаваць контур вуснаў або дадаць стразы і глітар. CityDog.io сабраў галоўныя б’юці-трэнды сезона і падабраў беларускія сродкі, з якімі іх лёгка паўтарыць.
Макіяж Зендэі з прэм’еры фільма «Адысея»
Б’юці-вобраз Зендэі на адным з нядаўніх выхадаў абмяркоўвалі вельмі шмат. Актрыса з’явілася на прэм’еры «Адысеі» без ценяў і тушы, затое з ідэальна зіхатлівай скурай. За вобраз адказваў яе пастаянны візажыст Эрнэста Касільяс, які робіць стаўку на дагледжаную скуру, лёгкія каляровыя акцэнты і натуральнае ззянне.
Каб паўтарыць такі макіяж, галоўнае – добра падрыхтаваць скуру і выбраць лёгкае пакрыццё з натуральным ззяннем.

Зіхатлівы танальны флюід для твару Relouis Glow Filter. Фота: Goldapple.by.
Для эфекту лёгкага загару нанясіце крэмавыя румяны цёплага кававага або вішнёвага адцення не толькі на шчокі, але і на пераноссе, скроні, лоб і падбародак – туды, куды звычайна першым трапляе сонца.

Набор для скульптуравання твару Belor Design Sculpting Triо. Фота: Goldapple.by.
На вусны дастаткова нанесці бальзам з лёгкім ружовым адценнем. Атрымаецца той самы «макіяж без макіяжу», дзе галоўны акцэнт – дагледжаная скура.

Глайд для вуснаў Relouis Y.O.U. Really Nude Mood. Фота: Goldapple.by.
Блакітныя цені на вачах
Блакітныя, лазурныя і нябесныя цені зноў сталі адным з галоўных б’юці-трэндаў лета. Але цяпер яны выглядаюць не як прывітанне з 90-х, а нашмат больш свежа і лёгка.
Цені можна нанесці на ўсё рухомае павека, дадаць ва ўнутраны куточак вока або злёгку растушаваць па ніжнім павеку. Галоўнае – не перагружаць астатні макіяж, каб блакітнае адценне засталося галоўным акцэнтам.

Цені для павек Relouis Pro Sparkle. Фота: Goldapple.by.

Цені для павек Belor Design Matte. Фота: Goldapple.by.
«Заблюраныя» вусны
Злёгку размыты контур вуснаў – яшчэ адзін прыкметны трэнд гэтага сезона, які прыйшоў да нас з лёгкай рукі зорнай візажысткі Ніны Парк. Такі макіяж выглядае больш натуральна, чым выразна акрэсленыя вусны, і візуальна дадае ім аб’ёму.
Каб яго паўтарыць, нанясіце напаўпразрыстую памаду або тынт, а затым акуратна растушуйце контур пальцам або пэндзлікам. Фініш павінен быць мяккім – не занадта глянцавым, але і не цалкам матавым.

Тынт для вуснаў Luxvisage Aqua Gel Hyaluron Complex. Фота: Goldapple.by.
Дапамінавы макіяж
Ну і якія летнія трэнды без бліскавак і яркіх колераў? Тым больш што адным з галоўных б’юці-рэферэнсаў цяпер стала Зара Ларсан. Спявачка ўпрыгожвае павекі, бровы і скроні стразамі, зоркамі, кветкамі і сэрцайкамі.
Паўтарыць такі вобраз можна з блакітнай тушшу, ружовымі ценямі, глітарам або некалькімі стразамі ва ўнутраных куточках вачэй. Ідэальная сіметрыя тут не патрэбная – галоўнае, каб макіяж выглядаў ярка і крыху казачна.
.jpeg)
Цені-спарклы для павек Belor Design Show Glow. Фота: Goldapple.by.

Вадкія румяны для твару Relouis Y.O.U. Really Delight Liquid Blush. Фота: Goldapple.by.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












