«Глабальнае пацяпленне ідзе дастаткова хутка». Экспертка – пра тое, што адбываецца з кліматам і ці гатовая Беларусь да глабальнага пацяплення

«Глабальнае пацяпленне ідзе дастаткова хутка». Экспертка – пра тое, што адбываецца з кліматам і ці гатов...
У пачатку студзеня ў многіх еўрапейскіх краінах былі пабіты тэмпературныя рэкорды: нават там, дзе снежныя зімы – звычайная справа, сёлета зафіксавалі вялікі «плюс». Пагутарылі з эксперткай у галіне кліматычнай палітыкі пра тое, што адбываецца з кліматам і ці можам мы казаць пра глабальнае пацяпленне (спойлер: так).

У пачатку студзеня ў многіх еўрапейскіх краінах былі пабіты тэмпературныя рэкорды: нават там, дзе снежныя зімы – звычайная справа, сёлета зафіксавалі вялікі «плюс». Пагутарылі з эксперткай у галіне кліматычнай палітыкі пра тое, што адбываецца з кліматам і ці можам мы казаць пра глабальнае пацяпленне (спойлер: так).

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

 

Марыя Фалалеева

экспертка ў галіне кліматычнай палітыкі

– Ёсць два асноўных паняцці – надвор’е і клімат. Яны паміж сабой звязаны, але адрозніваюцца часовымі рамкамі. Клімат – гэта шматгадовы рэжым надвор’я; гэта сістэма ўстойлівая і глабальная. Надвор’е – тое, як клімат адбіваецца на канкрэтнай тэрыторыі ў канкрэтны час; гэта з’ява кароткачасовая.

Пры гэтым клімат хоць і ўстойлівая шматгадовая сістэма, але яна варыяцыйная: тое, што ў нас адбываюцца ваганні клімату, – гэта абсалютна нармальна. Думаю, на памяці кожнага чалавека былі шматгадовыя перыяды больш халодныя і больш цёплыя. Гэта можа быць.

Таксама могуць быць і доўгачасовыя ваганні клімату (яны могуць доўжыцца некалькі дзесяцігоддзяў, стагоддзяў і нават дзясяткаў тысяч гадоў), звязаныя з самымі рознымі фактарамі: перыядамі сонечнай актыўнасці, невялікімі варыяцыямі становішча зямной арбіты і іншым.

Што адбываецца з кліматам цяпер: «Мы гаворым пра глабальнае пацяпленне, якое ідзе дастаткова вялікімі тэмпамі»

Але тое, што адбываецца ў нас з кліматам цяпер, – павышэнне глабальнай тэмпературы прыблізна на 1°C за апошнія 100 гадоў – па хуткасці не ўпісваецца ні ў якія натуральныя шматгадовыя ваганні. Відавочна, што, на жаль, на працягу нашага жыцця і жыцця наступных пакаленняў неяк кампенсаваць гэты працэс (і спадзявацца, што калі-небудзь, праз 10 000 гадоў, наступіць натуральнае пахаладанне) не атрымаецца.

З вялікай доляй дакладнасці мы можам цяпер аднавіць клімат мінулага: пачынаючы з XIX стагоддзя ёсць больш-менш стабільныя кліматычныя назіранні, а больш раннія перыяды можна аднавіць па аналізе расліннасці, зямных парод, лёду.

І нягледзячы на тое, што ў нас ёсць варыяцыйнасць, пра якую мы казалі, мы бачым вельмі дакладны трэнд на павышэнне глабальнай тэмпературы. Так што, як бы мы ні хацелі, каб рост тэмпературы быў натуральным і часовым, навуковыя даныя кажуць, што такіх рэзкіх змяненняў, як цяпер, у кліматычнай гісторыі планеты яшчэ не назіралася.

Мы сапраўды гаворым пра глабальнае пацяпленне, якое ідзе дастаткова хуткімі тэмпамі. Пры гэтым у еўрапейскім рэгіёне (у тым ліку і ў Беларусі) павышэнне тэмпературы больш хуткае, чым у сярэднім па ўсёй Зямлі.

Але тут і больш магчымасцей адаптавацца да змяненняў – тэхнічна, фінансава, інфармацыйна. У краінах, якія развіваюцца, сітуацыя іншая: там павышэнне тэмпературы можа адбывацца больш павольна, але эфект ад гэтага адчуваецца мацней – іх тэрыторыя вельмі ўразлівая да наступстваў кліматычных змяненняў.

Напрыклад, у Бангладэш з-за павышэння ўзроўню мора вялізныя прыбярэжныя тэрыторыі, на якіх пражываюць мільёны людзей, аказваюцца ў зоне рызыкі. Такія дзяржавы, як Тувалу, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі проста спыняць сваё існаванне, таму што іх тэрыторыя літаральна пойдзе пад ваду.

– А наколькі Беларусь гатовая зараз да такіх кліматычных змяненняў?

– На сёння нельга сказаць, што гатовая. Для таго каб працэсы адаптацыі да змяненняў былі спланаваны і ўзгоднены з планамі развіцця эканомікі, мясцовымі ўмовамі, пра якія мы казалі раней, існуе нацыянальная кліматычная палітыка, якую многія краіны (у тым ліку краіны Еўрасаюза) стараюцца рэалізоўваць. А вось у Беларусі такой палітыкі няма. Спроба распрацаваць яе ў сярэдзіне 2010-х гадоў была, але потым гэты працэс спыніўся.

Цяпер у нас ёсць некалькі дакументаў:

  • праграма рэалізацыі абавязацельстваў у Рэспубліцы Беларусь па Парыжскім пагадненні рамачнай канвенцыі ААН па пытаннях змянення клімату;
  • план адаптацыі лясной гаспадаркі (распрацаваны дастаткова даўно);
  • стратэгія адаптацыі да змяненняў клімату для сельскай гаспадаркі Беларусі.

Фактычна на дзяржаўным узроўні ні ў адной галіне абавязацельстваў па ацэнцы кліматычных рызык і адаптацыі няма. Праўда, некаторыя гарады і рэгіёны Беларусі добраахвотна далучаліся да такой міжнароднай ініцыятывы, як Еўрапейскае пагадненне мэраў. Усе, хто ў яе ўступае, бяруць на сябе абавязацельствы: 1) распрацаваць кліматычныя планы па скарачэнні выкідаў парніковых газаў і адаптацыі да змяненняў клімату, 2) гэтыя планы рэалізоўваць.

Што яны атрымліваюць ад гэтага? Абмен досведам і тэарэтычна магчымасць атрымаць грант на рэалізацыю нейкіх дзеянняў.

На гэтым усё – і гэтага абсалютна недастаткова. Па сутнасці, толькі дзве – найбольш кліматаўразлівыя – галіны эканомікі распрацавалі стратэгію. Таксама важна адзначыць, што большасць усіх ініцыятыў у краіне распрацоўвалася пры падтрымцы міжнародных праграм.

Цяпер жа, з рэзкім скарачэннем міжнароднага супрацоўніцтва, многія праекты спыніліся і аказаліся пад пагрозай. Ці будзе нешта адноўлена, незразумела: дзяржава асабліва цікавасці да гэтай тэмы пакуль не праяўляе.

Ці ёсць віна чалавека ў такіх глабальных змяненнях: «Так, мы можам казаць пра тое, што гэта адбываецца па нашай віне»

– Першыя здагадкі, што дзейнасць чалавека (выкіды прадпрыемстваў, выкіды ад спальвання выкапневага паліва) нейкім чынам уздзейнічае на навакольнае асяроддзе, з’явіліся яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Але ў канцы XX стагоддзя стала відавочна, што ёсць прамая сувязь паміж паказчыкамі змянення клімату, выкідамі парніковых газаў і дзейнасцю чалавека.

Тэорыя стала пацвярджацца на працягу наступных дзесяцігоддзяў, а ў 1988 годзе была створана Міжнародная група экспертаў па пытаннях змены клімату (МГЭЗК) – у яе ўвайшлі буйныя навукоўцы з розных краін. У першым дакладзе яны выказвалі заклапочанасць пытаннямі змянення клімату і выказвалі меркаванне, што ў гэтым задзейнічаны чалавек, хаця дакладна гэта сувязь тады не была даказана.

З тых часоў кожныя пяць гадоў МГЭЗК выпускае даклад, у якім сабраны, прааналізаваны і абагульнены ўсе даступныя даследаванні, якія існуюць у свеце на гэты перыяд. Матэрыялы МГЭЗК карыстаюцца вельмі вялікім аўтарытэтам – гэта асноўная навуковая база для распрацоўкі кліматычнай палітыкі. У апошніх дакладах ужо прама зазначаецца, што дзейнасць чалавека – асноўная прычына сучасных змяненняў клімату. Гэты факт навукова даказаны.

У адказ на той першы даклад у 1992 годзе была праведзена канферэнцыя ААН у Рыа-дэ-Жанейра, на якой была прынята і падпісана міжнародная рамачная канвенцыя ААН у галіне змянення клімату (РКЗК ААН). Адзначу, што тады лідарамі па выкідах парніковых газаў былі развітыя краіны, а «ахвярамі» ў асноўным – краіны, якія развіваюцца.

Цяпер гэта гісторыя ўскладняецца тым, што многія краіны, якія развіваюцца і ў якіх вялікае насельніцтва, таксама хочуць дастойна жыць і развівацца. А існуючая мадэль эканомікі XIX і XX стагоддзяў працуе так, што эканамічнае развіццё і паляпшэнне якасці жыцця амаль непазбежна звязана з падвышэннем выкідаў парніковых газаў (цяпер лідзіруе ў гэтым Кітай).

Таму ў XXI стагоддзі стаіць пытанне, ці можна гэта рабіць інакш. Цяпер ёсць мадэлі ўстойлівага развіцця, зялёнай эканомікі – і мы спадзяёмся, што з імі можна развівацца і дасягаць эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту не на шкоду кліматычнай сістэме і з умеранымі стратамі для прыроды. Працэс гэты вельмі складаны, але тое, што ён ужо ідзе, можна запісаць нам у актыў, хаця ён пакуль і няўдалы: мы не скарачаем выкіды на столькі, на колькі нам трэба скараціць.

Сёння ёсць навуковыя разлікі, якія паказваюць, што мы зможам забяспечыць сабе адносна «мяккую пасадку», калі глабальная тэмпература павысіцца на 1,5°C – максімум 2°C да канца стагоддзя. У гэтым выпадку змяненні таксама будуць значнымі, але ў нас з’явіцца час і магчымасці адаптавацца да іх.

Але для дасягнення гэтых мэт застаецца вельмі мала часу. Справа ў тым, што парніковыя газы ў атмасферы назапашваюцца і могуць заставацца дзясяткі і сотні гадоў. Па разліках, калі краіны не прымуць тэрміновых і рэзкіх мер па скарачэнні выкідаў да 2030–2040-х гадоў і па выхадзе на вугляродную нейтральнасць (калі выкіды роўныя натуральнаму паглынанню экасістэмамі) да 2050–2070-х, то колькасць парніковых газаў у атмасферы будзе перавышана і пастаўленых мэт нам ужо не дасягнуць.

Сёння мы выкідваем парніковыя газы тэмпамі, якія вядуць да павышэння тэмпературы на 3°C і больш. І наступствы будуць значна больш маштабнымі і катастрафічнымі.

– Што гэта за наступствы?

– Гэта моцна залежыць ад рэгіёна. Але ў першую чаргу тое, што мы ўжо зараз можам назіраць:

  • Павелічэнне катастрафічных з’яў (ёсць цэлы кірунак навукі, які вывучае, наколькі прыродныя з’явы, якіх стала больш, – ураганы, тайфуны – звязаны са змяненнямі клімату. Спойлер: у вялікай ступені). У Беларусі гэта могуць быць шквальны вецер, які разбурае інфраструктуру, паводкі ў гарадах.
  • Змяненні ў экасістэмах (лясных, сельскагаспадарчых). А гэта значыць, што трэба перабудоўваць эканамічную сістэму, каб неяк адаптавацца да новай рэальнасці.
  • Экстрэмальныя з’явы надвор’я. У Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі, гэта, напрыклад, хвалі спякоты, якія будуць назірацца ўсё часцей. Яны таксама ўздзейнічаюць на эканоміку, на харчаванне, на здароўе людзей, на кошт медыцынскіх паслуг і іншае. Разам з хвалямі спякоты будуць адзначацца і рэзкія пахаладанні.
  • Праблема, якая толькі пачынаецца, але ў перспектыве будзе ўзрастаць, – кліматычная міграцыя. У пэўных рэгіёнах планеты стане вельмі складана жыць з-за скарачэння водных і харчовых рэсурсаў – і людзі на фоне гэтага будуць кудысьці перасяляцца.
  • Вялізныя змяненні на ўзроўні экасістэм. Як бы мы ні думалі, што будуем сваю цывілізацыю, уся яна заснавана на рэсурсах, якія дае экасістэма. Гэта мы ў яе ўбудаваныя, а не яна ў нас. Ізноў жа, скарачэнне біяразнастайнасці можа пацягнуць за сабой глабальныя змяненні ў эканоміцы.

Таксама зменяцца турыстычныя напрамкі. Напрыклад, у Еўропе Міжземнаморскае ўзбярэжжа – тыпова курортная зона, дзе асноўная эканоміка вельмі моцна завязана на турызме. Але ёсць здагадкі, што ў наступныя 20–30 гадоў увесь турызм адтуль мігрыруе на поўнач – там ужо цяпер становіцца горача.

Хачу адзначыць, што ў Еўропе (і ў Беларусі ў тым ліку) ёсць тэхналогіі і сродкі, каб лепш адаптавацца да гэтага, чым у іншых рэгіёнах. Тым не менш каштаваць гэта будзе вельмі дорага – і ў грошах, і ў здароўі, і ў жыццях. Нават калі мы будзем прымяняць меры па адаптацыі.

Як сітуацыя будзе змяняцца ў бліжэйшыя гады: «Асноўныя наступствы мы ўбачым прыкладна з 2050-га»

– Наконт таго, што адбываецца ў Еўропе, сітуацыя ўжо больш-менш зразумелая: так, тэмпература будзе расці, бо мы працягваем выкідаць парніковыя газы. І нават калі заўтра спынім гэта рабіць, ужо ёсць назапашванні іх у атмасферы.

Скажу больш: тое, што мы назіраем цяпер, – гэта толькі пачатак працэсу змены клімату. Асноўныя наступствы мы ўбачым прыкладна з 2050 года. А вось наколькі гэта будзе адмоўна ўплываць на кожную канкрэтную тэрыторыю, залежыць ад некалькіх фактараў: спецыфікі гэтай тэрыторыі, насельніцтва (маладзейшае і мабільнае або больш пажылое), ад таго, што мы будзем рабіць, каб у гэтыя працэсы ўпісацца.

Як гэта можна змяніць: «Варта перабудаваць эканамічную сістэму»

– А як паўплываць на ўсе гэтыя змяненні, каб мы ўклаліся ў 1,5–2 градусы?

– Асноўны канал уплыву – скарачэнне выкідаў парніковых газаў (у першую чаргу гэта дыяксід вугляроду), адна з асноўных крыніц якога – спальванне выкапнёвага паліва (нафта, вугаль, газ). Як гэтага дасягнуць? Перабудаваць эканамічную сістэму, якая рухаецца і жыве за кошт перш за ўсё энергетыкі, заснаванай якраз на выкапнёвым паліве.

Можа быць, вы заўважылі: цяпер у многіх краінах Еўропы скарачаюць выкарыстанне вугалю (які тут гістарычна быў асноўным уласным энергетычным рэсурсам). Закрываюць вугальныя шахты, вялікія фінансавыя інстытуты і карпарацыі выводзяць свае сродкі з вугальнага сектара, бо не лічаць яго перспектыўным. Але ў нейкіх краінах вугаль усё роўна застаецца, таму што па-іншаму ніяк.

Гэтак жа можна і трэба замяняць крыніцы энергіі – нафту, газ, – прапануючы іншыя варыянты. Напрыклад, гэтак званая аднаўляльная энергетыка – выкарыстанне энергіі сонца, ветра. І калі яшчэ гадоў 10–15 таму ўсё гэта называлася альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі, цяпер яны перасталі такімі быць: тэхналогіі пайшлі ўжо вельмі далёка, і апошнія гады яны вельмі моцна таннеюць.

Вядома, у выкіды парніковых газаў уцягнуты і вытворчыя працэсы, якія таксама можна і трэба мяняць з дапамогай іншых тэхналогій. Плюс цяпер эканоміка (асабліва сектар спажывання) працуе так, што мы звязваем наш асабісты дабрабыт (у нейкім сэнсе нашу спажывецкую свабоду) з тым, наколькі свабодна мы можам выбіраць рэчы, карыстацца імі, выкідваць. І тут ужо праблему трэба вырашаць на ўзроўні чалавека.

Калі толькі выключаць святло ў прыбіральні і думаць, што асабістая адказнасць на гэтым заканчваецца, то глабальна гэта нічога не зменіць.

Але калі думаць шырэй, то экалагічна ўсвядомлены чалавек, які разумее маштабы праблемы, выбірае такіх жа палітыкаў, падтрымлівае такія ж праекты, прымяняе зялёныя тэхналогіі ў офісе. Гэта ўжо эфект іншага ўзроўню, калі мікрадзеянні на ўзроўні сваёй кватэры і вялікая палітыка могуць быць узаемазвязаны.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архіў гераіні; Unsplash.com.

#Беларусь
поделиться