Пра якую шклянку вады наогул вядзецца?! Псіхолаг – пра тое, чаму мы (нічога не) павінны сваім бацькам

Пра якую шклянку вады наогул вядзецца?! Псіхолаг – пра тое, чаму мы (нічога не) павінны сваім бацькам
Пачытайце, як не стаць ахвярай аб’юзу, калі бацькі ўпэўненыя, што вы павінны бегчы да іх на першы чых. Расказвае псіхалагіня Вольга Зыгмантовіч.

Пачытайце, як не стаць ахвярай аб’юзу, калі бацькі ўпэўненыя, што вы павінны бегчы да іх на першы чых. Расказвае псіхалагіня Вольга Зыгмантовіч.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Што дарослыя дзеці на самой справе павінны бацькам?

Вольга Зыгмантовіч

псіхалагіня

– З пункта гледжання псіхалогіі ніякіх даўгоў, даччыных і іншых, не існуе. Але жывём мы ў культурна-гістарычным пласце і не можам яго ігнараваць. Мы – прадукт культуры нашай сям’і і грамадства. Псіхолагі называюць гэта глыбінным перакананнем – тое самае перакананне, у якое «я веру», не правяраючы.

Гэта мой доўг або не доўг? Я проста ведаю, што гэта мой абавязак. Гэта нашы шматвяковыя асновы, унутраныя законы, выконваючы якія «я жыву і адчуваю сябе добрым, правільным чалавекам.

У кожнага з нас ёсць цэлы шэраг глыбінных перакананняў, якія жыць нам і дапамагаюць, і перашкаджаюць. Тут можна замяніць слова «павінна» на слова «хачу» – тады ўсё ўстае на свае месцы. Мы дарослыя людзі, якія нікому нічога не павінны. Але мы ж яшчэ і дзеці, якія любяць сваіх бацькоў. І выдатна, калі ёсць магчымасць ім дапамагаць

Але паколькі мы дарослыя, гэта значыць існуюць рэчы, якія мы не хочам рабіць, аднак робім, таму што гэта наш выбар: «усё роўна саджуся ў электрычку і еду на гэты чортаў агарод». Жыццё дарослага чалавека – калі «не хачу нешта рабіць», але «я так вырашыў і буду». Гэта даросласць, і з гэтым трэба вучыцца жыць камфортна.

У нас ёсць правы і абавязацельствы, бацькі – адно з нашых абавязацельстваў.

Ці можам мы змяніць сваіх бацькоў?

– Галоўнае, што трэба засвоіць нам усім, – мы не ў сілах змяніць нашых бацькоў. Ведаю многіх дарослых дзяцей, якія пачынаюць праводзіць гутаркі: «зразумей, у мяне асабістае жыццё, праца. Займіся чым-небудзь і ты...» Усё гэта бескарысна: як казаў Бураціна ў песеньцы, «поучайте лучше ваших паучат».

Што мы можам зрабіць? Мы можам памятаць, што бацькі выконваюць нейкія дзеянні не таму, што яны дрэнныя і ў іх унутраная патрэба зрабіць нам гадасць, ускладніць жыццё. Часам мы думаем менавіта так, прыпісваючы нейкія старэчыя, маразматычныя матывы: «Не даюць пажыць спакойна!»

Праблема ў тым, што старэйшае пакаленне – выхадцы з савецкага мінулага – абсалютна не прывучана сябе забаўляць. Гэта мы плануем заняткі для старасці, каб не стаць клопатам дзецям. Як, напрыклад, мая сястра, якая плануе на пенсіі разам з сяброўкай ездзіць у Егіпет, здаючы адну кватэру і жывучы ў іншай.

А што рабіць, калі мае бацькі і напраўду таксічныя?

– Трэба разумець, што наша бачанне навакольнага свету – гэта толькі наша ацэнка сітуацыі, наша ацэнка паводзін бацькоў.

«Я ацэньваю паводзіны бацькоў як таксічныя. На падставе гэтай ацэнкі ў мяне ўзнікае цэлы спектр эмоцый, якія прыгнятаюць, таму што я гэтай ацэнцы веру». З гэтым можна змагацца, толькі змяняючы сваю ўласную ацэнку.

Лепш ацэнку «ў мяне таксічныя бацькі» памяняць на «ў мяне ёсць думкі, што яны таксічныя, мне здаецца, што яны хочуць ад мяне немагчымага». Мы не ведаем матываў паводзін бацькоў, але думаем, што ведаем.

«Магчыма, мая мама сапраўды агідная і таксічная, самая жудасная ў свеце жанчына. Але мне думаць так абсалютна не карысна – гэта разбурае маё ўласнае жыццё і мае ж уласныя адносіны з маці». Больш карысна, прадукцыйна і бяспечна думаць, што не яна жудасная і агідная, а «на жаль, і мне вельмі шкада, але яна проста не ўмее па-іншаму».

Як толькі мы мяняем ацэнку, мяняюцца нашы пачуцці і паводзіны. Да мяне прыходзяць кліенты і кажуць: «Я хачу, каб мама прызналася, што яна не мела рацыі». Нам, як маленькім дзецям, усё яшчэ важна быць правымі. Можа, лепш стаць хутчэй шчаслівымі?

«Але раз мама такая, то і я такая!» vs. «Я ненавіджу сваіх дзяцей»

– Гэта падлеткавы бунт, які звычайна заканчваецца гадоў у 14-15, але доўжыцца дзесяцігоддзямі ў некаторых дарослых дзяцей. Такія дарослыя не дабунтавалі і бунтуюць да гэтага часу – і ў 30, і ў 40.

Ёсць і іншы тэрмін, адваротны бок медаля – бацькоўскае выгаранне. Яшчэ гадоў 20 таму мы пра яго не ведалі, а цяпер да мяне прыходзяць бацькі розных узростаў і кажуць: «Я думаю, што ненавіджу сваё дзіця. Мне жудасна страшна. Як гэта – я так хацела дзяцей, а я іх ненавіджу...» Гэта і ёсць бацькоўскае выгаранне. Разуменне, што з імі адбываецца, дае амаль 100% палёгкі. Бац – і няма пачуцця віны.

У сучасным грамадстве вельмі моцна культываваны інфантылізм: «я такі, таму што мяне ў дзяцінстве недалюбілі». Ці бацькі развяліся. Маўляў, усе праблемы з дзяцінства: «Мне не хапіла любові, таму ў мяне цяпер пазбягальны тып прыхільнасці».

Я не падзяляю класічны пункт гледжання псіхолагаў, якія гэта культывуюць. У мяне адназначная пазіцыя: дарагія таварышы, мы ўсе дарослыя, таму не – вы такія не таму, што вашы бацькі рабілі нешта не тое. Вашы бацькі любілі і выхоўвалі вас, як маглі.

Давайце пакладзём руку на сэрца: мы таксама не вельмі ідэальныя бацькі. Аднойчы я пачула мудрага псіхолага, які сказаў, што адзінае, што мы можам зрабіць добрага для свайго дзіцяці, – гэта, калі ён вырасце, даць яму тэлефончык добрага псіхатэрапеўта.

Чаму не варта ісці на канфлікт і прасцей адступіць

– Так, бацькі крыўдзяцца, і з гэтым таксама нічога нельга зрабіць. Не дапамогуць размовы па душах, раскладванне па палічках. Прыняць і дараваць – адзіная слушная парада.

Ставіцца да бацькоў паблажліва. Гэта як з дзецьмі: я шалею ад таго, што ты робіш, але я цябе люблю, таму «хадзі сюды, абдыму». Выносім за дужкі «я шалею ад таго, што ты робіш», а пакідаем і вымаўляем «я цябе люблю, дзякуй, што ты выгадаваў мяне такім, які я ёсць».

Асноўная бяда бацькоў – яны часта хочуць атрымліваць пацвярджэнне, што яны важныя, яны каштоўныя, што мы, дзеці, разумеем іх бацькоўскі ўклад у наша жыццё. Хочуць падзякі, каб мы бачылі іх ахвяры, што мы гэта разумеем, цэнім, прызнаём.

Выдатны спосаб – сказаць не проста «дзякуй», а зрабіць гэта разгорнута: «Я атрымаў сваю прафесію, таму што ты мне сказала колісь важную рэч, я запомніў і паступіў у сваю ВНУ».

У інтэрнэце гуляе карцінка: сядзяць дзве пажылыя жанчыны на лаўцы і матузяць адна адну торбамі. І шмат каментарыяў, што вось якія малайцы – не стрымліваюць пачуццяў і эмоцый. У мяне непапулярны сярод псіхолагаў пункт гледжання, я шчыра лічу, што дарослыя людзі таму і дарослыя, што ўмеюць свае парыванні стрымліваць.

Мы блытаем такія паняцці, як «заўважанне сваіх пачуццяў» і «праява сваіх пачуццяў». Заўважаць важна, не варта іх ігнараваць – фіксуйце, але для сябе. Аднак нашы людзі гэта дзіўна інтэрпрэтуюць: маўляў, пачуцці трэба праяўляць.

Барані Божа нас, дарослых, праяўляць усе свае пачуцці да навакольных. Уменне стрымліваць свае парыванні павялічвае нашу рынкавую вартасць. Ёсць ілюзія, што, калі я свае пачуцці выкажу, я іх пражыву, вызвалюся і ў мяне не будзе псіхасаматыкі, «не будзе раку».

Але нашы пачуцці нідзе не назапашваюцца, у нас няма «сховішча пачуццяў». Каб пражыць і перажыць пачуццё, дастаткова зафіксаваць яго ўнутры сябе. Заўважыць пачуццё: «Я злуюся!» ці «Вой, накрыла!»

Але некаторыя любяць упівацца сваімі эмоцыямі, у тым ліку негатыўнымі. Так, мы можам атрымліваць асалоду ад злосці да бацькоў. Чаму не? Унутры сваёй галавы я наогул магу рабіць усё, што заўгодна. Але гэта не значыць, што трэба ўсё вывальваць вонкі.

«Ты пакідаеш мяне ў небяспецы». Чаму бацькі баяцца, калі дзеці з’язджаюць у іншую краіну?

– Лепшае, што вы можаце зрабіць, – гэта ўключаць «пазітыўны перакладчык». Трэба шукаць сэнс фразы: што табе хочуць сказаць? Хутчэй, вам хочуць сказаць: «Я за цябе баюся, як ты там на чужыне? Мне страшна, што ты там згінеш, што я цябе больш не ўбачу. Як я без цябе?» Не ў сэнсе «ты мне павінен», а ў сэнсе «мне страшна, не ведаю, як без цябе жыць».

І тады наша ацэнка мяняецца, і мы пачынаем разумець бацькоў – адразу ж, адкуль ні вазьміся, шмат цяпла і спагады.

Гэта своеасаблівая пераацэнка, пошукі сэнсу: уключаем «пазітыўны перакладчык» і перакладаем з бацькоўскай мовы на агульначалавечую. Важна памятаць, што ўсе людзі добрыя, але не ўсе навучаны размаўляць і выказваць свае думкі правільна.

Як дапамагчы бацькам пазбавіцца страхаў

– Псіхафізіёлаг Павел Сіманаў прыдумаў закон, які назваў «патрэбнасна-інфармацыйная тэорыя». Многія нашы эмоцыі ўзнікаюць ад недахопу інфармацыі. Як толькі мы закрываем патрэбу ў інфармацыі, у нас адпадаюць і эмоцыі. Адсюль рэкамендацыя: бярыце і раз у дзень адпраўляйце бацькам па вайберы інфармацыю – фотасправаздачу або відэа.

Дайце сваім бацькам інфармацыю, што ў вас усё ОК. Інакш яны жывуць у інфармацыйным вакууме, а калі няма інфармацыі, малююцца самыя страшныя карцінкі. Пакажыце кухню, унітаз, правядзіце экскурсію – як вы ясьце бутэрброд, як свеціць сонца, які побач парк і аўтобусны прыпынак.

Тут не патрэбны нейкія мегапрафесійныя спосабы працы са страхам. Дайце бацькам інфармацыю – і ў іх усё будзе добра.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Фота: архив героини публикации, Unsplash.com.

поделиться