Прэм'ера на CityDog.by: аповесць Ніла Гэймана «Караліна»

Прэм'ера на CityDog.by: аповесць Ніла Гэймана «Караліна»
На беларускую перакладзена яшчэ адна сусветна вядомая кніга – на гэты раз «Караліна» Ніла Гэймана. Пачытаць урывак можна толькі на CityDog.by.

На беларускую перакладзена яшчэ адна сусветна вядомая кніга – на гэты раз «Караліна» Ніла Гэймана. Пачытаць урывак можна толькі на CityDog.by.

«Караліна» (па-англійску Coraline) – дзіцячая аповесць, напісаная ў 2002 годзе брытанскім пісьменнікам Нілам Гэйманам. Кніга атрымала 16 прэстыжных літаратурных прэмій, у тым ліку прэмію Х;юга за лепшую аповесць, прэмію Брэма Стокера за лепшы твор для маладых чытачоў і прэмію Локуса за лепшую аповесць для падлеткаў. У 2009 годзе па аповесці быў зняты мультыплікацыйны фільм. Быў таксама пастаўлены мюзікл і пабачыла свет відэагульня па матывах аповесці. «Караліна» перакладзена на 30 моў, па ўсім свеце прададзена болей за мільён асобнікаў гэтай кнігі.

Цяпер прыйшоў час выдаць кнігу і для беларускага чытача. Перамовы і заключэнне дагавора на афіцыйную публікацыю з літаратурнымі агентамі пісьменніка занялі амаль два гады. Ілюстрацыі для беларускага выдання былі ўхвалены самім Нілам Гэйманам. Над праектам працуе творчая каманда, якая ўжо радавала чытача цікавай дзіцячай літаратурай (лаўрэаты літаратурнага конкурсу «Экслібрыс» імя Янкі Маўра).

Калі вы хочаце падтрымаць выданне «Караліны» на беларускай, то ідзіце сюды – аўтары чакаюць вашай падтрымкі.

ГЛАВА ПЕРШАЯ

На гэтыя дзверы Караліна натрапіла неўзабаве пасля таго, як іх сям’я пераехала ў новы дом. Зрэшты, сам дом быў вельмі стары: пад дахам у ім мелася гарышча, пад ніжнім паверхам хавалася сутарэнне, а з усіх бакоў яго абступаў густы сад з агромністымі старымі дрэвамі.

Каралініны бацькі валодалі не ўсім домам: на іх сям’ю ён быў занадта вялікі. Яны займалі толькі адну яго частку, а ў іншых жылі іншыя людзі.

На першым паверсе, пад Каралінінай кватэрай, жылі цётачкі Валошка і Вежа. Яны абедзве былі сталага веку, абедзве таўсмаценькія і мелі некалькі старых сабачак-скотчтэр’ераў з мянушкамі Хаміш, Эндру і Джок. Некалі, як паведаміла Караліне пры іх першай сустрэчы цётачка Валошка, яны абедзве былі акторкамі.

– Ведаеш, Каталіна, – недачуўшы Каралініна імя, сказала цётачка Валошка, – у свой час і я, і мая сяброўка Вежа былі знакамітымі акторкамі. І скажу табе, мая даражэнькая, мы сапраўды вялі рэй!.. Вой- вой, толькі не трэба даваць Хамішу пірожынка, бо пасля яму цэлую ноч будзе круціць у жываце.

– Мяне завуць Караліна, а не Каталіна. Караліна! – сказала Караліна.

Над Каралінінай кватэрай, пад самым дахам, жыў паўзвар’яцелы дзядок з вялікімі вусамі. Ён паведаміў Караліне, што мае мышыны цырк і дрэсіруе мышэй. Праўда, свой цырк дзядок нікому не паказваў.

– Аднойчы, даражэнькая Каталіначка, мае мышкі ўсё добра вывучаць і тады ўвесь свет убачаць, якія цуды яны ўмеюць рабіць. Ты пытаешся, чаму не можаш на іх паглядзець зараз, – я правільна зразумеў тваё пытанне?

– Не, – ціха прамовіла Караліна, – але я прасіла не называць мяне Каталінай. Маё імя – Караліна.

– Ты не можаш паглядзець на мой мышыны цырк таму, – нібы не пачуўшы Каралініных слоў, сказаў дзядок, – што мышкі пакуль не гатовыя выступаць, у іх яшчэ недастаткова было рэпетыцый. Апроч таго, яны ўпарта адмаўляюцца спяваць тое, што я ім напісаў. Разумееш, мае песні павінны выконвацца ў рытме «гоп-гоп», а гэтыя свавольніцы вярзуць нешта ў рытме «бум-ца-ца, бум»! Думаю, трэба будзе паспрабаваць у дрэсіроўцы іншыя гатункі сыру.

Караліна не верыла ў існаванне мышынага цырка, яна была ўпэўнена, што дзядок усё выдумаў.

На другі дзень пасля пераезду Караліна ўзялася даследаваць наваколле. Спачатку яна пабегла ў сад. Ён быў вялікі: у ім нават мелася старая пляцоўка для гульні ў тэніс. Але ў тэніс з іх дома ніхто не гуляў, загарадзь вакол пляцоўкі даўно падзіравілася, і тэнісная сетка ўся пагніла. У садзе меўся таксама занядбаны ружоўнік з чэзлымі ружамі, сям-там яго ўпрыгожвалі альпійскія горкі, а ў адным закутку раслі мяккія карычневыя плюгаўкі, якія, калі на іх незнарок наступіш, вельмі непрыемна смярдзелі.

Яшчэ ў глыбіні саду меўся калодзеж. У першы ж дзень, калі Караліна з бацькамі засялілася ў дом, цёткі Валошка і Вежа прачыталі ёй лекцыю пра тое, які гэты калодзеж небяспечны, і папярэдзілі, каб яна трымалася ад яго як мага далей. Натуральна, Караліна адразу кінулася на пошукі калодзежа, каб дакладна даведацца, дзе ён, і ўжо з веданнем справы трымацца ад яго як мага далей.

На трэці дзень яна яго адшукала на зарослай паляне, што пачыналася за тэнісным кортам. Нізкі, складзены з цэглы калодзежны зруб хаваўся ў высокай траве за купкаю дрэваў; зверху ён быў накрыты цяжкімі дошкамі, каб у калодзеж выпадкам ніхто не ўваліўся. У адной дошцы была невялікая дзірка. І Караліна паўдня забаўлялася тым, што кідала ў тую дзірку каменьчыкі й жалуды і падлічвала, колькі міне секунд, пакуль каменьчык ці жолуд даляціць да вады і з дна калодзежа пачуецца ціхі гук: «Боўць!»

А яшчэ Караліна вывучала, якія ў наваколлі жывуць жывёлы. Яна бачыла вожыка, бачыла змяіную скуру (без змяі), бачыла камень, што выглядаў як жаба, і жабу, што выглядала як камень. Акрамя таго, яна запрыкмеціла ганарыстага ката, які ўвесь час падглядаў за ёй, узлазячы то на плот, то на дрэва, але, як толькі яна спрабавала да яго наблізіцца, імгненна знікаў.

Так, даследуючы сад і наваколле, Караліна прабавіла на новым месцы першыя два тыдні. Усяго клопату ў маці было паклікаць яе на абед і вячэру ды прасачыць, каб, выходзячы на двор, дачка апранулася цёпла: лета ў тым годзе выдалася надзвычай халоднае. Зрэшты, холад не спыняў дзяўчынку, Караліна кожны дзень нястомна даследавала новыя месцы, пакуль аднойчы не пачаўся дождж і яна вымушана была застацца дома.

– Што мне рабіць? – спытала дзяўчынка.

– Пачытай кніжку, – прапанавала мама. – Ці паглядзі які-небудзь мультфільм. Пагуляй з цацкамі. Ну, ці ідзі паназаляй цёткам Валошцы й Вежы або таму шаленцу-дзядку, што ўверсе.

– Але я нічога гэтага не хачу. Я хачу далей даследаваць! – сказала Караліна.

– Тады, ведаеш, рабі, што хочаш. Толькі ціха, – адказала мама.

Караліна падышла да вакна і паглядзела ў неба. З яго падаў дождж – і гэта была зусім не тая лёгкая імжа, пад якой можна спакойна гуляць. Гэта быў дажджына, які, нібы камікадзэ, мэтанакіравана пікіраваў уніз, каб пасля разляцецца на тысячу мокрых аскепкаў. Ён яўна меў сур’ёзныя намеры, і адзін з іх, несумненна, заключаўся ў тым, каб ператварыць сад у кашу з гразі.

Караліна перагледзела ўсе свае дыскі, нагулялася з цацкамі, усе кніжкі былі даўно перачытаны. Дзяўчо ўключыла тэлевізар, але на ўсіх каналах паказвалі або апранутых у гарнітуры мужчын, якія абмяркоўвалі фондавыя біржы, або бязглуздыя ток-шоў. Урэшце Караліна натрапіла на цікавую праграму: гэта быў канец перадачы пра прыроду – нешта пра ахоўную афарбоўку. Дзяўчо захоплена назірала, як розныя жывёлы, птушкі і казюркі, хаваючыся ад небяспекі, прыкідваліся лісцікамі, галінкамі ці іншымі жывёламі. Праграма Караліне вельмі спадабалася, але, на жаль, хутка скончылася, а пасля пачалася перадача пра кандытарскую фабрыку.

Прыспеў час пагутарыць з бацькам – ён быў дома. Каралініны бацькі ўвогуле амаль заўсёды былі дома, бо працавалі праз інтэрнэт. Кожны з іх меў свой кабінет.

– Прывітанне, Каралінка, – не паварочваючы галавы, прамовіў тата, як толькі Караліна пераступіла парог яго кабінета.

– Угу, – адказала яна. – На двары дождж.

– Так, залева страшэнная, – пацвердзіў тата.

– Ды не тое каб страшэнная, – не пагадзілася Караліна. – Проста невялікі дожджык. Можна я пайду пагуляю?

– А што кажа мама?

– Мама кажа: «Ты не выйдзеш на вуліцу ў такое надвор’е, Караліна Джонс!»

– Значыць, ты і праўда не выйдзеш.

– Але я хачу далей даследаваць наваколле!

– Можаш пакуль даследаваць нашу кватэру, – прапанаваў бацька. – Вось табе папера і асадка. Палічы, колькі ў кватэры дзвярэй, вокнаў, складзі спіс рэчаў блакітнага колеру ці наладзь пошукавую вадагрэйную экспедыцыю – знайдзі, дзе ў нас у кватэры тытан… Галоўнае, не замінай мне працаваць.

– А можна мне зайсці ў гасцёўню? – спытала Караліна. (У гасцёўні ў іх стаяла дарагая – і нязручная – мэбля, што засталася пасля смерці Каралінінай бабулі. Бацькі не дазвалялі Караліне заходзіць у гасцёўню, дый самі туды не наведваліся – так было зручней усім.)

– У гасцёўню? Можна. Толькі не чапай там нічога, не нарабі беспарадку.

Караліна абдумала бацькавы словы і, узяўшы паперчыну і асадку, рушыла вывучаць кватэру.

Яна хутка знайшла вадагрэйны тытан (ён хаваўся ў падвеснай шафцы на кухні). Палічыла ўсе блакітныя рэчы (сто пяцьдзясят тры). Палічыла ўсе вокны (дваццаць адно). Палічыла ўсе дзверы (чатырнаццаць). Трынаццаць знойдзеных Каралінай дзвярэй адчыняліся і зачыняліся. А чатырнаццатыя, у куце гасцёўні, – вялізныя і цяжкія, з цёмнага карычневага дрэва, – былі замкнёны.

– Куды вядуць гэтыя дзверы? – спытала Караліна ў мамы.

– Нікуды, мая мілая.

– Але ж усе дзверы некуды вядуць.

Мама пакруціла галавой:

– Глядзі сама.

Мама зняла з цвіка на вушаку ў кухні нізку ключоў, выбрала з іх самы стары, самы вялікі, самы чорны і самы іржавы і разам з Каралінай рушыла да гасцёўні. Там яна адамкнула старыя дзверы. Тыя адчыніліся…

Мама казала праўду: дзверы нікуды не вялі. За імі быў цагляны мур.

– Калісьці гэты дом быў адным цэлым, і гэтыя дзверы некуды, вядома, вялі, – патлумачыла мама Караліне. – А потым дом падзялілі на асобныя кватэры, і гэтыя дзверы заклалі цэглай. Цяпер там, па той бок, – пустая кватэра, якую пакуль ніхто не купіў.

Мама зачыніла дзверы і павесіла нізку з ключамі назад на вушак.

– Ты ж іх не замкнула, – заўважыла Караліна.

– А нашто іх замыкаць? – паціснула плячыма мама. – Яны ўсё адно нікуды не вядуць.

Караліна нічога не адказала.

На двары было ўжо амаль цёмна, дождж па-ранейшаму ліў, барабаніў у шыбы і размываў святло ад фар машын, што паўзлі па вуліцы.

Каралінін бацька перапыніў працу, каб згатаваць што-небудзь для ўсіх на вячэру. Караліне татава ежа прыйшлася недаспадобы:

– Татка, ну зноў ты выкапаў нейкі дзіўны рэцэпт! – скрывілася яна.

– Гэта рагу з бульбы й цыбулі, з каліўцам тархуну і далікатным швейцарскім сырам, – прызнаўся тата.

Уздыхнуўшы, Караліна падышла да халадзільніка, дастала з лядоўні гатовыя замарожаныя фрыткі і невялікую піцу.

– Ты ж ведаеш, я не люблю эксперыментальных рэцэптаў, – патлумачыла яна тату, пакуль яе вячэра круцілася ў мікрахвалёўцы і маленькія чырвоныя лічбачкі мяняліся на экране ў напрамку нуля.

– Можа, каб ты пакаштавала, табе спадабалася б, – сказаў тата, але Караліна адмоўна пакруціла галавой.

Крыху пазней тым самым вечарам Караліна ўжо ляжала ў ложку. Дождж сцішыўся, і яна амаль засынала, калі раптам да яе вушэй даляцеў дзіўны гук: «Тык-тык-тык...» Караліна падхапілася. І тут пачулася: «Кр-р-рыхк!»

Дзяўчынка ўстала з ложка, высунулася ў калідор, але нічога нязвыклага там не ўбачыла. Тады яна рушыла трошкі далей па калідоры. З бацькоўскай спальні даносіўся храп (гэта быў тата) і час ад часу соннае мармытанне (гэта была ўжо мама). Караліна ўжо падумала, што ёй усё проста прымроілася.

Але тут нешта варухнулася. Гэта было штосьці крыху цямнейшае за цень – нібы ад самой цемры штось аддзялілася і цяпер таропка аддалялася ў другі канец калідора. Караліна вельмі спадзявалася, што гэта не павук: адносіны з павукамі ў яе не склаліся.

Чорны цень шмыгнуў у гасцёўню. Не без хвалявання Караліна рушыла за ім. У пакоі было цёмна, святло сюды трапляла толькі з калідора. Ад Каралінінай постаці, што стаяла ў пройме дзвярэй, на дыван падаў агромністы крывы цень, і можна было падумаць, што Караліна – зусім не Караліна, а нейкая худая высачэзная жанчына.

Караліна якраз рашала, ці варта запаліць святло, калі заўважыла, як цёмна-чорны цень павольна выпаўзае з-пад канапы. На хвілінку ён прыпыніўся, а тады бясшумна кінуўся праз дыван да далёкага кута гасцёўні, у якім не было ніякай мэблі.

Караліна запаліла святло. У куце было пуста. У ім не было нічога, апроч старых дзвярэй з цагляным мурам за імі.

Караліна дакладна памятала, што мама да канца зачыніла дзверы. Але цяпер яны былі трошкі прыадчыненыя – усяго на некалькі сантыметраў. Караліна падышла і зазірнула за іх. За дзвярыма нічагутка не было, толькі сцяна з чырвонае цэглы. Караліна зачыніла дзверы, выключыла святло і вярнулася ў ложак.

Ёй сніліся нейкія чорныя здані, што сноўдалі з месца на месца, хаваючыся ад святла, а потым сабраліся ўсе разам у промнях месяца. У іх былі маленькія чырвоныя вочкі і вострыя жоўтыя зубы. І яны спявалі:

Цэлы дом тут нас, маленькіх,
Нас, маленькіх, цэлы дом,
Мы яшчэ да вас жылі тут,
І мы вас перажывём.

Галасы ў іх былі тонкія, ціхія і крыху тужлівыя – Караліне яны зусім не спадабаліся. Потым Караліна сніла нейкія рэкламныя ролікі, а потым – увогуле не сніла нічога.

 

 

Калі вы хочаце падтрымаць выданне «Караліны» на беларускай, то зможаце зрабіць гэта тут – аўтары чакаюць на вашу падтрымку.

Еще по этой теме:
Прэм'ера на CityDog.by. Льюіс Кэрал «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»
Премьера на CityDog.by: «Вокруг Беларуси на велосипедах с моторами» от создателей «Рома едзе»
Прэм’ера на CityDog.by. Новы раман Віктара Марціновіча “Возера Радасці” (урывак)
поделиться