У рубрыцы «Прэм'еры» сёння – апавяданне вядомага амерыканскага пісьменніка Говарда Філіпса Лаўкрафта.
Говард Лаўкрафт – амерыканскі пісьменнік, аўтар твораў у жанрах жахаў, містыкі і фэнтэзі, якія пасля яго смерці зрабіліся культавымі і істотна паўплывалі на сучасную літаратуру жахаў. Творчасць Лаўкрафта настолькі ўнікальная, што даследчыкі выдзяляюць асобны паджанр – лаўкрафтаўскія жахі.
Заўтра, 2 мая, у 17:00 у кнігарні “Акадэмкніга” (метро “Акадэмія навук”) пачнецца продаж зборніка апавяданняў Лаўкрафта “Кліч Ктулхту” па-беларуску. У міфах Ктулху вусціш нязведанага суседнічае з фантасмагарычнымі апісаннямі выдуманых старажытных гарадоў, багоў і артэфактаў. Перакладчыкі апавяданняў – Уладзіслава Гурыновіч, Павел Донаў і Алесь Кудраўцаў. Мастачка – Кацярына Дубовік.
З 17-й да 20-й у кнігарні можна будзе набыць кнігу са зніжкай, узяць аўтографы ў перакладчыкаў і абмеркаваць з імі творчасць аўтара.
Каты Ултара
Кажуць, нібыта ў горадзе Ултар, які ляжыць над ракою Скай, закон сурова забараняе забіваць катоў. Я схільны ў гэта верыць, асабліва калі гляджу на свайго ката, што сядзіць ля каміна і вуркоча. Кот – стварэнне таямнічае і набліжанае да дзіўных існасцяў, якіх чалавечыя вочы не здольныя ўбачыць. Ён – душа сівога Егіпта, захавальнік паўзабытых паданняў з мёртвых гарадоў Мероэ і Афіра. Ён родзіч высакародных валадароў джунгляў, спадкаемца сакрэтаў спрадвечнай лютай Афрыкі. Вялікі сфінкс – яго стрыечны брат, яны гавораць на адной мове, але кот старажытнейшы за сфінкса, ён памятае тое, пра што сфінкс даўно забыў.
У горадзе Ултар, яшчэ да таго як гараджане прынялі закон, што забараняе забіваць катоў, жылі стары арандатар з жонкай. Яны лавілі катоў, што вольна гулялі па вуліцах, і з прыемнасцю забівалі іх. Ніхто не ведаў, навошта яны гэта робяць, – магчыма, ім назаляла гучнае мяўканне ўначы, а магчыма, раздражняла каціная звычка шнырыць употайкі па чужых дварах і кветніках пасля заходу сонца. Але якой бы ні была прычына, стары з жонкаю атрымлівалі нечуваную асалоду, ловячы і забіваючы кожнага ката, што з'яўляўся паблізу іхнай хаціны. Пранізлівыя енкі з іх жытла з надыходам ночы сведчылі пра незвычайны спосаб забойства. Жыхары горада не асмельваліся сказаць старому і яго жонцы нават слова, бо зморшчаныя абліччы тых былі злосныя, а іхная хацінка, схаваная ў цёмным занядбаным дворыку пад разгалістымі дубамі, выглядала вельмі змрочнай. Усе гараджане, што мелі катоў, люта ненавідзелі і яшчэ больш баяліся гэтых дзіўнаватых старых, а таму, замест таго каб пакараць забойцаў, пільна сачылі за сваімі ўлюбёнцамі, каб тыя не набліжаліся да схаванай пад шатамі дрэваў хаціны. Калі ж праз недагляд кот знікаў, а потым уначы чуліся жахлівыя крыкі, гаспадару заставалася адно плакаць над стратай альбо суцяшацца тым, што, дзякуй багам, такі жудасны лёс напаткаў усяго толькі ката, а не кагосьці з дзяцей. Бо жыхары горада Ултар былі людзьмі простымі і не ведалі, з якіх абшараў прыйшлі каты ў наш свет.
Аднойчы на вузкія брукаваныя вулачкі Ултара з поўдня прыйшоў дзіўны караван. Цемнатварыя вандроўцы не былі падобныя да іншых качэўнікаў, якія двойчы на год праязджалі праз горад. Размясціўшыся на рынкавай плошчы, вандроўнікі заняліся варажбой. Яны за срэбныя манеты прадказвалі гараджанам лёс і куплялі пярэстыя каралі ў мясцовых гандляроў. З якой краіны прыйшлі вандроўнікі, ніхто не ведаў, але месцічы бачылі, як яны ладзяць дзіўныя богаслужэнні і малююць на баках сваіх павозак незвычайных істот з целамі людзей і галовамі катоў, сокалаў, бараноў і львоў. Іх галоўны насіў на галаве вычварны ўбор, упрыгожаны двума рагамі, паміж якімі размяшчаўся дыск.
Сярод таямнічых вандроўнікаў быў хлопчык, у якога не было ні маці, ні бацькі, адно толькі маленечкае чорнае кацяня. Усе яго родзічы памерлі ад чумы, і ніхто не мог суцешыць яго ў горы, апроч гэтага маленькага пухнатага стварэння: самотнае дзіця радавалася і забывала пра сваю скруху, назіраючы свавольства гарэзлівага чорнага звярка. Хлопчык, якога цемнатварыя вандроўнікі звалі Менес, часам плакаў, але часцей усміхаўся, гуляючы з кацянём на прыступках маляванай павозкі.
Тры дні прабылі вандроўнікі ў горадзе Ултар, і на трэці дзень чорнае кацяня знікла – Менес шукаў яго ўсю раніцу, але так і не змог знайсці. Чуллівыя гараджане падышлі да хлопчыка, які плакаў на рынкавай плошчы, і расказалі яму пра старога і ягоную жонку, а таксама пра жахлівыя крыкі, якія чуліся гэтай ноччу. Тады хлопчык перастаў плакаць і занурыўся ў думкі, а потым пачаў маліцца. Ён узняў рукі да сонца, прамаўляючы словы малітвы на невядомай мове, якую ніводзін гараджанін не мог зразумець. Зрэшты, яны не надта і імкнуліся, бо ўсю іх увагу забралі неба і аблокі, якія пачалі дзівосна пераўтварацца. Нібыта ў адказ на малітвы хлопчыка, аблокі ў небе змянялі форму, і ў вышынях паўставалі прывідныя, туманныя абрысы загадкавых істот – напалову людзей, напалову звяроў, – увянчаных каронамі ў выглядзе дыскаў з двума рагамі з бакоў. Прырода багатая на невытлумачальныя з'явы, здольныя ўразіць чуллівую душу.
Уначы вандроўнікі з'ехалі з Ултара, і больш іх там ніколі не бачылі. А гараджане занепакоіліся, бо ў тую ж ноч усе каты і коткі зніклі з горада. Вялікія і маленькія, чорныя, шэрыя, паласатыя, жоўтыя і белыя – усе яны пакінулі сваіх гаспадароў і сышлі невядома куды. Стары Крэнан, бурмістр, сцвярджаў, што цемнатварыя чужынцы забралі ўсіх катоў, каб адпомсціць за забойства кацяняці Менеса, і кляў апошнімі словамі і вандроўнікаў, і хлопчыка. А Ніт, хударлявы натарыус, меркаваў, што гэта хутчэй за ўсё справа рук старога арандатара і ягонай жонкі, чыя нянавісць да катоў была ўсім вядомая і не мела межаў. Аднак ніхто так і не асмеліўся пайсці да жахлівых старых і запатрабаваць ад іх тлумачэнняў, хаця маленькі Атал, сын карчмара, казаў, што напярэдадні вечарам ён бачыў усіх катоў Ултара ў тым праклятым двары пад дрэвамі. Каты акружылі хаціну і павольна набліжаліся да яе, ідучы ўрачыста, па двое ў шэрагу, нібыта падчас нейкай нечуванай цырымоніі. Дарослыя не ведалі, ці многа праўды ў словах маленькага хлопчыка, і хаця зласлівыя старыя цалкам маглі зачараваць катоў, завабіўшы іх у смяротную пастку, гараджане вырашылі ні ў чым іх не абвінавачваць, прынамсі пакуль яны не выйдуць са свайго цёмнага і агіднага жытла.
У тую ноч жыхары Ултара адышлі да сну ў гневе і непакоі, а калі на досвітку прачнуліся, то ўбачылі, што – о цуд! – іх каты і коткі вярнуліся. Вялікія і маленькія, чорныя, шэрыя, паласатыя, жоўтыя і белыя – усе былі на месцы. Каты зрабіліся надзвычай гладкімі і тлустымі і гучна і задаволена вуркаталі. Гараджане ажыўлена абмяркоўвалі незвычайнае здарэнне. Бурмістр Крэнан упарта паўтараў, што катоў забіралі з сабой цемнатварыя прыхадні, бо ніводзін кот не вярнуўся б з хаціны старога арандатара і ягонай жонкі жывым. Але ўсе сышліся на адным: каты незразумела чаму адмовіліся ад мяса і нават не зірнулі на сподачкі з малаком. Цэлыя два дні тлустыя лянівыя каты Ултара не дакраналіся да ежы, а толькі драмалі каля агню і грэліся на сонцы.
Мінуў тыдзень, перш чым гараджане заўважылі, што ў вокнах змрочнай хаціны пад дрэвамі не мільгае ні агеньчыка. Тады хударлявы Ніт згадаў, што з той ночы, калі з Ултара зніклі каты, на вуліцах больш не бачылі ні старога арандатара, ні ягонай жонкі. Калі мінуў яшчэ тыдзень, бурмістр вырашыў пераадолець страх і знайсці прычыну такой падазронай цішыні, бо гэта, урэшце, яго абавязак. Асцярожны, ён узяў з сабой сведак – каваля Шанга і каменячоса Тхула, і яны ўтрох скіраваліся да хаціны. Узламаўшы хісткія дзверы, мужчыны ўбачылі два дачыста абгрызеныя чалавечыя шкілеты, якія ляжалі на земляной падлозе, і мноства брыдкіх чорных жукоў, што кешкаліся ў цёмных кутах.
Гэта здарэнне ўскалыхнула ўвесь Ултар. Каранёр Затх горача спрачаўся з хударлявым натарыусам Нітам, а Крэнана, Шанга і Тхула засыпалі пытаннямі. Распыталі таксама маленькага Аталу, сына карчмара, узнагародзіўшы яго пасля салодкімі ласункамі. Гараджане яшчэ доўга ўспаміналі старога арандатара, і ягоную жонку, і караван цемнатварых вандроўнікаў, і маленькага Менеса з чорным кацянём, і малітву хлопчыка, і тое, што дзеялася ў небе падчас малітвы, і таемнае знікненне катоў пасля сыходу вандроўнікаў, і таксама тое, што неўзабаве знайшлі ў змрочнай хаціне пад дрэвамі ў глыбіні агіднага двара.
І ўрэшце гараджане прынялі цудоўны закон, пра які цяпер гавораць гандляры з Хатэга і пра які спрачаюцца вандроўнікі ў Ніры, – закон горада Ултар, які сурова забараняе забіваць катоў.
Пераклала Уладзіслава Гурыновіч.