Наста вырашыла зладзіць максімальна кароткі адпачынак, але абавязкова ля мора, і выбрала Літву. Нягледзячы на тое, што прыйшлося сядзець дзесяць дзён на каранціне ў Вільнюсе, у яе атрымалася добра ад’есціся веганскай ежы і ўсё ж такі ўбачыць Куршскую касу, унесеную ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO.
Правілы каранціну па прыездзе, якія ўвесь час змяняюцца
– Калі першы раз прыязджаеш у Літву з моманту адкрыцця межаў, зараз абавязкова павінен сабраць асобны пакет дакументаў – гэта пры ўмове, што няма віду на жыхарства. Пакідаеш свой мэйл, мабільны нумар, адрас рэгістрацыі жылля на перыяд каранціну. Таксама абавязкова за суткі да выезду трэба зарэгістравацца на адмысловым медыцынскім сайце Літвы. Там атрымліваеш QR-код, які таксама могуць спытаць на мяжы.
Калі прыязджаеш, то абавязаны жыць па адрасе, які ўказаў у анкеце і на медыцынскім сайце. Прагуляцца ў перыяд каранціну можна толькі ў радыусе кіламетра ад гэтага адрасу. У кафэ, рэстараны і крамы заходзіць нельга. Але ежу можна заказваць бескантактнай дастаўкай.
Пры гэтым правілы каранціну для прыезджых мяняюцца кожны панядзелак. Калі я ехала, то трэба было сядзець на каранціне 14 дзён, але на восьмы дзень дазвалялася здаць аналіз. Калі ён адмоўны, то можна выходзіць. Я так і планавала зрабіць, але да моманту здачы тэсту правілы памяняліся.
Тады каранцін скарацілі да 10 дзён, а зараз тэст можна зрабіць адразу па прыездзе. Калі ён адмоўны, то можна выходзіць. Але з сабой трэба абавязкова мець даведку аб адмоўным тэсце і ўсюды яе па патрабаванні паказваць.
Што такое выбарачны кантроль і чаму ПЦР-тэст у Літве непрыемны
– Літва падпарадкоўваецца рэкамендацыям СААЗ, у іх ажыццяўляецца выбарачны кантроль тых, хто на каранціне. СААЗ кажа, што трэба менш рэсурсаў марнаваць на кантроль. Я і мае некалькі знаёмых, якія сядзелі ў Вільнюсе на каранціне, пад гэты кантроль не патрапілі. Але я ўсё роўна сумленна адсядзела дзесяць дзён на каранціне, выходзіла прагуляцца толькі некалькі разоў.
Пры здачы ПЦР-тэсту ў Літве абавязкова трэба, каб ён быў з сертыфікатам. Такі аналіз робяць некалькі клінік у Вільнюсе, кошт – каля 80 еўра. Грамадзяне Літвы могуць здаць гэты тэст бясплатна, астатнія павінны плаціць. Чаргі асаблівай няма – тэлефануеш і запісваешся за 3-4 дні загадзя.
Цікава, што мазок бяруць не як у нас, нейкай палачкай з наматанай на ёй ваткай. Працэдура значна больш непрыемная: пластыкавую штуку праз нос апускаюць у горла. Гэта досыць непрыемна, затое вынік кажуць ужо ўвечары таго ж дня, прынамсі так расказвала мая каляжанка, якая зрабіла тэст яшчэ да майго прыезду.
Дастаўка ежы на любы густ – і можна нават выбіраць упакоўку
– У Вільнюсе вельмі зручныя дастаўкі прадуктаў і ежы з кавярні. Можна нават выбіраць, у якой упакоўцы ты хочаш, каб прывезлі ежу, пластыкавай ці папяровай. Я выбірала, вядома, папяровую. Заказвала шмат прадуктаў, якія ў нас дарагія ці не вельмі якасныя, а ў Літве смачныя і даступныя: авакада, манга, веганскія ёгурты і сыры.
Яшчэ цешыла хуткасць дастаўкі – ежу прывозілі на працягу 25–30 хвілін, не трэба чакаць мінімум паўтары гадзіны, як гэта часцей за ўсё бывае ў Мінску. У цэнтры, дзе я жыла на каранціне, было некалькі веганскіх профільных кавярань, і я таксама выбірала іх праз дастаўку. Для дастаўкі з кавярань рэкамендую службу Wolt, а прадуктаў – Barbora.
Тры гадзіны да мора на аўто
– На ізаляцыі ў Вільнюсе я шмат працавала дыстанцыйна. У Ніду на два няпоўныя дні вырашыла з’ездзіць, каб адпачыць, праветрыцца, падыхаць соснамі, паглядзець на барханы. Была я ў Нідзе ўсяго раз, тры гады таму, і мне вельмі спадабалася гэта магічнае месца. З аднаго боку заліў, з іншага – мора.
У мяне ў Вільнюсе была сяброўка на машыне, мы паехалі да мора разам. Шаша вельмі камфортная. Дабраліся за тры гадзіны па хуткаснай трасе да Клайпеды. У пэўных месцах на трасе можна развіваць хуткасць да 130 км у гадзіну.
Там жа ёсць паромы да касы. Калі ты пешкі, пераправа каштуе 1 еўра. На машыне мы заплацілі 12,7 еўра – назад ужо нічога не плацілі. Там яшчэ ёсць экалагічны збор, але ён плаціцца па пэўных днях. З нас нічога не ўзялі.
Частка кавярань зачынена, недзе робіцца рамонт
– Жыллё арандавалі праз «Букінг» у самой Нідзе. Калі мы патэлефанавалі, то гаспадары сказалі: там усё адкрыта, заходзьце і жывіце, а калі будзеце выязджаць, мы прыедзем, расплаціцеся. Такой вельмі прыемны давер. Прапаноў жытла шмат – за двухпакаёвую кватэру мы заплацілі 90 еўра за дзве ночы.
Зараз у Нідзе не сезон, але трошкі людзей было, частка кавярань зачынена, недзе робіцца рамонт. Гэта курортнае месца, таму цэны завышаны, але ёсць вялікія магазіны, дзе можна купляць ежу танней.
Як і ў Вільнюсе, тут таксама абавязковы масачны рэжым. Але ўвечары мала людзей насілі маскі. Усё ж такі марское паветра, сосны – хочацца надыхацца на поўныя грудзі. Мы да рэкамендацый ставіліся сур’ёзна і маскі стараліся у грамадских месцах не здымаць.
Абавязковы масачны рэжым і ў крамах. А так ўнутры асабліва нічога не памянялася, толькі профільных тавараў, масак і антысептыкаў, стала больш. А яшчэ ў крамах велізарныя стэнды з веганскай ежай.
Тэндэнцыя развіцця ўнутранага турызму на фоне кавіду
– Мы шмат гулялі. У канцы 2000 года тэрыторыя Куршскай касы была ўключана ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO як аб’ект культурнага ландшафту. Там насамрэч вельмі прыгожа.
Абавязкова трэба падняцца на Вядзьмарскую гару. Адзін мясцовы майстар пачаў на гэту гару ставіць драўляныя скульптуры па розных казках. Тут ёсць вядзьмаркі, цмокі, дзядулі, шмат чорцікаў – усё вельмі арыгінальна. Потым далучыліся іншыя майстры. Да гэтага часу амаль штогод сюды з’язджаюцца майстры, рэстаўруюць старыя скульптуры і ствараюць новыя. Усё гэта знаходзіцца ля стромкага абрыву, з якога ўнізе бачны велізарны лес.
У гэты сезон з надвор’ем можа не пашанцаваць. Так было ў нас: адзін дзень ішоў дождж, затое ў іншы было сонечна. Калі надвор’е добрае, то з аднаго боку Куршскай касы можна назіраць, як сонца ўзыходзіць, а вечарам з другога боку – як яно заходзіць. Гэта вельмі незвычайна. Парніджская дзюна – адзінае месца ў Літве, дзе можна ўбачыць, як сонца ўстае з вады і ў ваду апускаецца.
На гэтай дзюне, выспе высатой у 53 метры, усталяваны сонечны гадзіннік-каляндар. Гэта круглая пляцоўка з невялікімі паўкруглымі прыступкамі, якія азначаюць гадзіны. У цэнтры пляцоўкі ўсталяваны абеліск, падаючы цень ад якога і служыць стрэлкай гадзінніка. На абеліску выгравіраваны знакі рунічнага календара і святочныя піктаграмы. Па баках пляцоўкі ўстаноўлены чатыры скульптурныя фігуры, якія азначаюць вясновыя і восеньскія раўнадзенствы і летнія і зімовыя сонцастаянні.
Мы правялі ў Нідзе ўсяго паўтара дня. Але там настолькі прыгожыя месцы, што яны вартыя любога часу, які ў вас ёсць. Вядома, хацелася б хоць яшчэ адзін дзень.
Потым яшчэ крыху мы пагулялі па Клайпедзе.
Вядома, звяртаеш увагу, што, у адрозненне ад іншых гадоў, усюды ў асноўным машыны з літоўскімі нумарамі. Турыстаў амаль няма. Мне здаецца, у Літве, як і ў Беларусі, актыўная тэндэнцыя развіцця ўнутранага турызму на фоне кавіду.
Каб вярнуцца на радзіму, трэба абавязкова адбыць належны тэрмін каранціну ў Літве ці мець дазвол профільнага органа на выезд. З беларускага боку асабліва ўважліва глядзяць, ці няма ў цябе віду на жыхарства.
Па правілах, па вяртанні ў Беларусь таксама ёсць 10 дзён самаізаляцыі, але яе ніхто не правярае. Дарэчы, у беларускіх правілах кіламетра на прагулкі няма і можна выходзіць толькі ў краму побач або ў аптэку, а калі ў цябе сабака, напрыклад, то яго выгул правіламі не прадугледжаны.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Фота: архіў гераіні.