Каменная Горка, Масюкоўшчына, Курасоўшчына – чаму ўсё гэта так называецца?

Каменная Горка, Масюкоўшчына, Курасоўшчына – чаму ўсё гэта так называецца?
У Беларусі 80 тысяч геаграфічных назваў, і не ўсе з іх мы можам растлумачыць з пункту гледжання нашай сённяшняй мовы.

У Беларусі 80 тысяч геаграфічных назваў, і не ўсе з іх мы можам растлумачыць з пункту гледжання нашай сённяшняй мовы.

У вас не бывала ўражання, што ў школе на ўроках гісторыі нам расказваюць не ўсё? У рубрыцы «Наша ўсё» мы актуалізуем школьныя веды плюс даём больш інфы, дэталей і акцэнтаў.

ВАЖНА: нашы тэксты можна (і трэба!) выкарыстоўваць, рыхтуючы рэфераты і даклады.

Вёску назвалі Чэрці таму, што яны там вадзіліся? Не абавязкова

Многія назвы адсылаюць нас да часоў, калі продкі высякалі пушчы пад палі і вёскі. Бо некалі ад Парыжа да Уральскіх гор быў адзін толькі лес, уся вольная ад яго прастора была калісьці высечаная, «расцярэбленая», «выдзертая», «чышчаная» — адсюль назвы Церабяжы, Дзерць, Чысць. А таксама Ляды і Пасека (апошняе пазней прывязалася да пчол, у аснове корань «сячы»). Дзялянка ўрадлівай зямлі сярод балот і пяскоў магла звацца Астравец або Астравок. Новы разроблены ўчастак — Навіна, Новікі, а стары, адпаведна, Старына, Старынкі.

Высокія неўрадлівыя месцы, піша даследчыца Валянціна Лемцюгова, называлі Горкамі — адсюль і Горы-Горкі, і Мар’іна Горка, і мінская Каменная Горка.

Злы дух. Карціна Язэпа Драздовіча. 1930 год.

У гэту самую групу трапляе і назва Чэрці (або Чэрцы на Лепельшчыне). Яны не ад таго, што камусьці бачылася там нячыстая сіла, а ад «падчэрчвання», падразання дрэў, каб засушыць іх і выкарчаваць.

Не хаваецца нічога экстравагантнага і за назвай Пагулянка: гэта незасеянае поле, якое «гуляе», адпачывае. Гуляй-Поле значыць тое самае.

Назва Пагост паходзіць ад слова «госці»

Многія найменні сягаюць часоў старажытных беларускіх княстваў. Ад імёнаў гістарычных асобаў утвораныя назвы Заслаўе — «Ізяславль», ад князя Ізяслава, сына Рагнеды, Браслаў — «Брячіславль», ад Брачыслава Ізяславіча, які згадваецца ў летапісах і скандынаўскіх сагах. Барысаву даў імя Барыс-Рагвалод Усяславіч, сын Чарадзея.

Ад імёнаў заснавальнікаў і гаспадароў назвы мясцін утвараліся цягам усёй гісторыі — як Тураў, ці Мікалаеўшчына, ці Юрацішкі. Да гэтай групы адносіцца і Ленін пад Мікашэвічамі. Да кіраўніка савецкай Расіі назва не мае адносін, яна вядомая з 16 стагоддзя.

Старажытныя габрэйскія могілкі ў вёсцы Ленін.

Не ўсё проста і з словам «сяло». Яно значыла не проста вялікую вёску, а сядзібу князя ці баярына. Калі вёска называецца Вялікае Сяло — амаль гарантыя, што ў даўнія часы там жыў са сваімі слугамі хтосьці ўплывовы.

Тых самых часоў і назва Пагост — у найноўшыя часы так называлі могілкі, але гэта слова блізкае не да ghost, а да guest. Пагостамі называлі месцы, дзе спыняўся князь падчас штогадовага аб’езду ўладанняў (тады не было тэлевізара, трэба было ўвесь час паказвацца народу). У пагосты звозілі даніну, туды з’язджаліся купцы-«госці», ад гэтага і назва. З прыходам хрысціянства на пагостах паставілі цэрквы, каля цэркваў з’явіліся могілкі — так паступова значэнне слова змянілася.

Менскі замак. Малюнак Язэпа Драздовіча.

Да часу заснавання першых умацаваных пасяленняў, з якіх выраслі гарады, адсылаюць назвы Гарадок, Гарадзец, Гарадзішча, Гарадзея, Гародня.

Дзявочая Гара ні разу не дзявочая

Па назвах некаторых азёр, рэк і ўзгоркаў можна вызначыць, што ў дахрысціянскія часы яны лічыліся святымі, прысвечанымі паганскім боствам. Найвышэйшая ў Беларусі кропка, гара Дзяржынская, раней так і называлася — Святая. Ці на Браслаўшчыне ёсць азярко Божае Вока. Часам тое ж значэнне, даводзіць Лемцюгова, мелі назвы з словам «Белы», якое магло быць сінонімам святога.

Тая ж гісторыя з Дзявочай Гарой (такія ў Беларусі як мінімум тры — на Валожыншчыне, у Мсціславе і ў Кіраўскім раёне).

Дзявочая гара не мяжы Валожынскага і Маладзечанскага раёнаў.

Звязаную з назвай легенду пра дзяўчыну, якая паблізу жыла і трагічна загінула, пераказаў у адным з вершаў пачынальнік новай беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Тым часам дзеўкі да тых гор не маюць дачынення. Па-літоўску бог — dievas. Адпаведна гара божая, проста назву славяне перанялі ў балтаў, якія жылі на беларускіх землях да іх прыходу.

Назваў з балтыйскімі каранямі ў Беларусі вельмі многа, асабліва на паўночным захадзе — Ашмяны, Мядзел, Пяршаі, Смаргонь. А рэкі дык і ўвогуле — калі не з балцкай, дык з вугра-фінскай мовы. Няміга, Свіслач, Вяча, Цна — старажытныя народы пакінулі тут надзейныя сляды.

Брэст названы ў гонар рэдкага дрэва

Нашы самыя даўнія гарады маюць назвы гідранімічнага паходжання — ад найменняў рэк: Полацк ад Палаты, Віцебск і ад Віцьбы, Пінск ад Піны, Слуцк ад Случы, Друцк ад Друці… нават Менск, паводле адной з версій, ад Менкі ці нейкай такой ракі.

Асобна стаіць Брэст-Бярэсце: берасць — гэта дрэва, белы вяз. Назваў, утвораных ад характэрных зараснікаў, таксама хапае: Восава, Альхоўка, Дуброва, Ельніца

Драўляныя будынкі старажытнага Брэста – ім тысяча год.

Цікавая гісторыя з Бабруйскам. Ён названы ад рэчкі Бабруя (навукоўцы кажуць, што гэта таксама балтызм, як Гаўя). Калі вырас горад, назва ракі стала як бы другараднай па значэнні і змянілася на Бабруйку. Тое самае з Зэльвай: так раней называлася рака, якая пасля ўзнікнення паселішча стала Зэльвянкай. Тое самае са старажытным Лагойскам, пастаўленым на рацэ Лагазе, якая цяпер завецца Лагойка. І Орша ў 1067 згадваецца як «горад на Ршы». Перадаўшы назву гораду, рэчка стала называцца Аршыцай.

Калі вёску назвалі Зады: нічога асабістага, гэта проста тэрмін

Многія назвы засталіся ў памяць пра аграрную рэформу часоў Вялікага Княства Літоўскага — Уставу на валокі 1557 года. Тады раскіданыя ў беспарадку надзелы перамералі, «парэзалі» на роўныя кавалкі і размеркавалі паміж сялянскімі сем’ямі.

Рэвалюцыйная зямельная рэформа 1552-га праводзілася па італьянскім узоры. Ідэю падала каралева-італьянка Бона Сфорца. Партрэт работы Лукаса Кранаха Малодшага,1553 год.

Утварыліся вёскі, якія дастаялі да нашых дзён, і панскія сядзібы — двары, якія не дастаялі. Назвы кшталту Новы Двор — з тых часоў. Як і, уласна, Валокі, Дзесяціны, Маргі (гэта ўсё меры плошчы), Куты, Кліны, Зады — участкі, што засталіся па-за межамі размеркаваных валок, не паўсюль жа ўдавалася намерыць геаметрычна роўныя надзелы. А назва “морг” паходзіць ад нямецкага слова Morgen – раніца: так называлася меры плошчы, якую адзін селянін мог узараць за дзень (каля 0,56 га).

Слова засценак — таксама тых часоў, ад «сценка» — лінія-мяжа паміж участкамі. Участкі-засценкі аддавалі звычайна шляхецкім сем’ям.

Рэформу праводзілі, вядома, не для таго, каб узбагаціць беларускую тапаніміку, а каб прасцей было вылічваць і збіраць з сялян падаткі.

З падаткамі ды павіннасцямі звязаныя і назвы Слабада — так называлі паселішчы на свежым месцы, куды ўласнік-пан ці дзяржаўныя ўраднікі запрашалі сялян, абяцаючы ільготы ў першыя гады гаспадарання. Слабада — ад слова «свабода».

На захадзе Беларусі пра тое самае казалі «воля» — адсюль назвы Воля, Вулька, Добрая Воля, Леанволь, Янаволь і прозвішча Вольскі, дарэчы.

Хто такія баяры і пруднікі

Назвы вёсак вакол двароў ці замкаў маглі сведчыць пра спецыялізацыі слуг — Канюхі, Бортнікі, Бондары, Токары (ткалі посцілкі), Сакольнікі (лавілі сакалоў), Калеснікі, Пруднікі (обслугоўвалі вадзяны млын, які раней называлі «пруд»).

Аляксандр Тарасевіч. Гравюра “Поры года”. 1678 год.

Частыя і назвы Баяры, Турэц-Баяры, Дубіна Баярская. У адрозненне ад Расіі, у ВКЛ баярамі называлі не абавязкова найвышэйшую эліту — тут баяры нават шляхтай маглі не быць. Так у часы ВКЛ называліся людзі, якія неслі памежную варту ці вайсковую службу і атрымлівалі за гэта зямлю. А іх нашчадкі ператварыліся ў звычайных сялян.

Шляхта 16 стагоддзя.

У адрозненне ад Баяраў, такія назвы, як Ратнікі, Ратнае звязаныя з эканамічнымі адносінамі продкаў. Яны не ад расійскага слова «раць», а ад слова «рата», арэнда. Ратнік — пасёлак на арэндаванай зямлі.

А назвы Мыцішча, Накла, Застружжа гэта сляды даўніх мытняў на рэках і дарогах (накла — так называлі мыта, а «застружыць» значыць спыніць для надгляду; у слове праглядаецца корань «струг», купецкая рачная ладдзя).

Хто такія гуды і адкуль яны ў Беларусі

Цвёрдай мяжы паміж балтамі і славянамі ніколі не было. А лінію іх узаемапранікнення можна вызначыць па суседстве назваў Крывічы, Палачаны, Русакі з тапонімамі Літва, Дайнава, Лотва ігд. А таксама Гуды, Гудзелішкі, Гудагай — па-літоўску беларус будзе «гудас». Даслоўна — гот: ваяўнічае германскае племя готаў у 4—6 стагоддзях нашай эры мігравала з Скандынавіі ў Прычарнамор’е і так моцна запомнілася продкам літоўцаў, што яны сталі называць «гудамі» народ, які жыве на поўдні ад іх. Гоцкія магільнікі знаходзілі, напрыклад, у Брэсце.

Гоцкі пахавальны келіх, знойдзены ў Столінскім раёне.

Ёсць назвы, звязаныя з іншаземцамі. Вёска Швабы сведчыць, што тут жылі немцы-каланісты, Ляхавічы ці Ляхі — пра палякаў (цікава, што ад літоўскай назвы палякаў — lenkai, паходзіць прозвішча Лянкевіч). Дулебы — гэта славянскае племя з Балканаў, якое давандравала да Беларусі ў часы нашэсця авараў. Многа тапонімаў, звязаных з татарамі — Татаршчына, Татары, Сорак Татар.

Мінская Масюкоўшчына названая ад імя татарына Мусы

Ёсць і няяўныя татарскія тапонімы, напрыклад, мінская Масюкоўшчына. Яна была некалі зямлёй татарына-шляхціча Мусы Абрагімавіча Сяліцкага, раскапаў гісторык Зміцер Дрозд. Муса — гэта Майсей, а Масюк (ці Майсюк) — беларуская форма імя. Роду Сяліцкіх гэтая зямля належала ад 1589 года, а да таго называлася ўрочышча Калодзежы.

У народных легендах, якія часам пераходзілі ў навуковыя працы, спрабавалі надаць татарскае паходжанне і Койданаву. Там, нібыта, Міндоўг разбіў якогасьці хана Кайдана. Праўда, ні пра тую бітву, ні пра таго хана ў летапісах няма. А зірнуўшы на поўнач, заўважым у Літве Кедайняй-Кейданы — там, трэба думаць, Кайдана разбілі яшчэ раз. У любым выпадку цяпер горад называецца Дзяржынск —у тым, што існаваў Дзяржынскі, сумнявацца, на жаль, не выпадае.

Чаго толькі не прыдумвалі, спрабуючы тлумачыць назвы: што плытагоны на Сажы крычалі: «Го! Мель!» — і ад гэтага назваўся Гомель (старажытная форма — Гомій, ад рэчкі Гамейкі). Што Магілёў — на месцы «магілы льва», разбойніка Машэкі. (Лемцюгова даводзіць, што было ў даўнія часы імя Магіла — і таму Магілу належала тая гара над Дняпром). Што Мір — ад татарскага «эмір» («мірам» на самай справе называлі вялікае паселішча, куды сыходзіліся з ваколіц людзі, вырашаць супольныя пытанні).

Ёсць паданні, прыдуманыя ў позні час, каб уславіць чужых герояў: от, ішоў расійскі фельдмаршал Сувораў, сеў адпачыць пад бярозкай і павесіў на сук свой картуз — так і назвалі месца Бярозай Картузскай (цяпер яна проста Бяроза, а Картузскай раней была, бо там быў манастыр ордэна картэзіянцаў, зачынены пасля антырасійскага паўстання 1830 года).

Што ў Беларусі належала каралю

Адбіліся ў назвах не толькі сельгасзаняткі — па ўсёй Беларусі мноства Рудняў (ёсць і Рудзенск, і Руднікі) — так называлі месцы, дзе з балотнай руды плавілі жалеза. Гута — слова нямецкага паходжання і пазначала шкляны завод. Цагельня і Майдан — назвы, звязаныя з вырабам і абпальваннем цэглы. Будай называлі лесараспрацоўчую базу, дзе палілі дрэва на попел, вугаль і паташ — усё гэта прадавалася ў Еўропу, дзе ішло на выраб пораху, мыла і іншых прадуктаў бытавой хіміі.

Яшчэ адным прадметам экспарту была пянька — канаплянае валакно на вяроўкі і канаты. І месца, дзе былі сажалкі, каб мачыць каноплі і лён, называлася Мачулішчы.

Ад «буды», найхутчэй, названы і Будслаў, славуты сваім санктуарыем і фэстам. Праўда, Лемцюгова кажа, што назва можа паходзіць ад імя Будзіслаў. Але ні пра якога Будзіслава там не чулі: у пачатку 16 стагоддзя вялікі князь літоўскі Аляксандр даў манахам-бернардзінцам безыменны ўчастак у лесе, яны паставілі «буду» і зарабілі сабе на касцёл.

Будслаўскі касцёл, выява 17 стагоддзя. Вакол – лясы.

Іначай хаціна лесарубаў называлася «курань» — адсюль Куранец. Яшчэ паляўнічая ці прамысловая база ў лесе магла называцца станам — як Каралёў Стан, напрыклад. А Каралеўшчынай (спаланізаваны варыянт назвы — Круляўшчызна) называлі маёнтак ці зямлю, што належалі дзяржаве, каралю. А вось якое-небудзь Каралёва ці Каралевічы да яго мосці караля і вялікага князя дачынення мець не будуць — проста іх уласніка звалі Караль, як мінскага бурмістра Чапскага.

Увогуле, большая частка тапонімаў паходзіць ад імёнаў уласнікаў. Нічыёй зямлі не было, кожны лапік меў гаспадара. Сялянскі род звычайна называўся ад імені ці мянушкі продка — Мехавічы, Лоцевічы (у Беларусі найбольшая сярод усіх славянскіх краін шчыльнасць назваў на -ічы) або Цярэшкі, Карзуны. (Корзунам, паводле слоўніка І. Даля, называлі раней чалавека без пярэдніх зубоў.)

Суфікс -шчына паказваў на колішняга гаспадара, які ўжо змяніўся. Так, мінская Кунцаўшчына названая ад імя Кунец (ад яго паходзіць прозвішча Кунцэвіч). Або Курасоўшчына — у судовых актах за канец 16 стагоддзя пад Менскам згадваецца двор Яна Кураша, уласніка маёнтка Лошыцы.

Нават Астрамечава — ад імені. Шляхціч Астрамеч — дакладней, яго сын, Ян Астрамечаў, быў зафіксаваны ў Попісе войска ВКЛ у 16 ст. Будучым бацькам на заметку.

У савецкі час, адзначае Георгій Рылюк, у Беларусі змянілі больш як трыста назваў. У асноўным — непрымальных з пункту гледжання расійскай ментальнасці і немілагучных для расійскага вуха. Так, замест вёскі Драчылава (яе заснавалі нашчадкі чалавека з птушынай мянушкай Драч) з’явілася Гагарына, Падонкі пераназвалі ў Знаменку, Храновае — у Грыбное. Нават вёску Шопа перайменавалі ў Высачаны, хоць «шопа» — гэта проста паветка, навес.

Што ж, гэтыя спробы таксама застануцца помнікамі свайго часу, якія многае скажуць пра яго нашчадкам.

 

#Беларусь
Еще по этой теме:
У школьным падручніку па белліце фота Янкі Купалы паставілі пад біяграфіяй Якуба Коласа. Што наогул адбываецца?
Хлопцы прыносілі на сустрэчы вёдры малака і цалаваліся (дзяўчат сярод іх не было) – як вам такая студэнцкая забава?
У самым цэнтры Мінска хлопцы спрабавалі ўзарваць антэну, якая замінала слухаць любімыя радыёстанцыі
поделиться