7 июня в клубе «Брюгге» (Партизанский проспект, 6а) авторы лучшего альбома и лучшего белорусскоязычного альбома года – группа Tonqixod – отыграют сольный концерт. А пока послушайте и посмотрите, что они советуют послушать и посмотреть на выходных.
Уладзь Лянкевіч
King Gizzard & The Lizard Wizard
Аўстралійская банда, якая прымусіць вас узбадзёрыцца і разам з тым занурыцца ў нязведаныя псіхадэлічныя глыбіні. Я б раіў пачаць знаёмства з альбомa Flying Microtonal Banana 2017 года, які запісаны на электрагітарах з дадатковымі чвэрцьтонавымі ладамі і мае прыемны арыентальны водар. Галоўнае – не пераблытаць, бо за 2017 год яны ўмудрыліся выдаць пяць альбомаў. А таксама глядзіце лайвы: напрыклад, ад KEXP (калі хочацца больш якаснага гуку) або з фестывалю Primavera Sound Porto (калі хочацца поўнага адрыву).
Magma
Калі мне становіцца сумна і не стае нейкай мазгаломкі, то я ўключаю дзецішча Крысціяна Вандэра – гурт Magma, заснавальнікаў стылю цойль. Мяне захапляе тая сур’ёзнасць, з якой пяецца на выдуманай мове пра падзеі на выдуманай планеце. Люблю больш вясёлыя альбомы накшталт Üdü Ẁüdü (1976). Але заходзяць і дэбютны Kobaia (1973), і шалёны, амаль оперны Wurdah itah (1974).
Песняры – “Гусляр” (1979)
Не палохайцеся стрэмнага азначэння “рок-опера” і імені аўтара паэмы, на словы якой напісаны гэты гукавы габелен (дарэчы, гэта Янка Купала). Проста ўключаю і слухаю прыгожую музыку з атмасферным вінтажным саўндам. А тое, што гэта зроблена ў Беларусі ў 70-я, проста прыемны бонус і чарговая птушачка ў спісе “мы таксама нармальныя людзі, як і ўсе”.
Mamuthones – Fear On The Corner
Найсвяжэйшы рэліз італьянцаў з Mamuthones “Fear On The Corner” (2018). Спачатку альбом прываблівае сваёй уяўнай бяскрыўднасцю і лёгкасцю, а потым проста па-чалавечы палохае. Шырокі стылістычны дыяпазон гарантуе такі ж шырокі спектр уражанняў.
Björk – Volta
Гэты альбом Б’ёрк заўсёды ўздзейнічае на мяне чароўным чынам. Калі ў мяне апускаюцца рукі, то, паслухаўшы яго, хочацца ў бой; калі здараюцца прыступы беспадстаўнай весялосці, то з вока пачынае выцякаць меланхалічная сляза. Выдатна закампанаваны і неверaгодна цэльны.
Merzota и “Ритуальные услуги”
Апошнім часам я паддаўся на прапаганду Конрада Ерафеева і пераслухаў тое-сёе з новай генерацыі маладых музыкаў, якія граюць пад крылом “Інатэкі”. Аматарам мінімалізму і лоў-фая мусяць зайсці Merzota і “Ритуальные услуги”. Дзёрзка, весела і душэўна, хаця пару разоў можна перашчоўкнуць на наступны трэк. Хацеў бы я ў свае 16 пісаць такія песні.
Любыя выхaдныя можна расквеціць, чарговы раз пераглядзеўшы фільм Dead Man Джыма Джармуша. Гэта ці не найлепшы мюзікл з бачаных мной.
Максім Субач
Miles Davis – In a Silent Way (1969)
Гэты альбом адфільтраваўся з вялізнай масы ўсяго, што праз мяне праходзіла гадамі. Майлз Дэвіс – гэта ў першую чаргу джаз. Але з процьмы іншых прызнаных майстроў яго заўсёды вылучала імкненне сфакусіравацца не на колькасці нот у адным такце і аднастайных сола, а хутчэй інтанацыя – узважаны падыход да кожнага гуку. Дарэчы, у запісе бралі ўдзел іншыя выбітныя музыкі, якія пазней і самі зрабіліся “іконамі стылю”. Альбом уяўляе сабой дзве працяглыя кампазіцыі, якія трымаюць слухача ад самага пачатку і павольна вядуць да гарманічнага завяршэння.
Ferenc Liszt. Piano Concerto No. 1
Пра Ліста можна гадзінамі распавядаць як пра аднаго з найвялікшых піяністаў у гісторыі, але ягонае майстэрства не абмяжоўвалася выключна творамі для фартэпіяна. У сваім першым канцэрце ён паказвае сябе як выдатнага аранжыроўшчыка. Мноства мелодый, матываў і настрояў чаргуюцца цягам 20 хвілін, напоўненых эмоцыямі. Аднак як і з усёй класічнай музыкай, тут вельмі важны характар выканання, які можа дужа адрознівацца. На мой густ, лепей абыходзіць бокам піяністаў, якія граюць усё у надзвычай паскораным тэмпе, бо тады страчваецца мноства дэталяў. Шукаючы відэа на “Ютубе”, не засяроджвайцеся на колькасці праглядаў – гартайце ніжэй, да з’яўлення не вельмі яркіх карцінак.
Leszek Możdżer (Solidarity of Arts, Gdansk, 2010)
І на закуску вялікі канцэрт Leszek Możdżer (Solidarity of Arts, Gdansk, 2010) – стракаты, рознабаковы джаз. У адным месцы сабралася шмат файных музыкаў, граюць уласныя творы, пераасэнсаванні чужых тэм, імправізуюць адзін з адным. Найлепшае, за што мы любім джаз.
Андрэй Аляксеенка
Muslimgauze
З музыкі раю ацаніць мёртвага брытанца-электроншчыка Muslimgauze, ён жа Брын Джонс. Маю на вінце каля 40 ягоных альбомаў, якія паступова для сябе адкрываю.
Valseuses
А з кнінематографа можна пераглядзець (а хто не бачыў, то паглядзець!) фільм Valseuses Бертрана Бліе. Па-мойму, ён круцейшы за Stranger Тhan Рaradise згаданага ўжо Дж. Джармуша. Да таго ж Дэпардзье яшчэ малады, прыкольны і яшчэ вельмі далёка да прыгодаў на адным з беларускіх сенакосаў.
Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.