Што новага пра пісьменнікаў і паэтаў могуць расказаць інтэр;еры, у якіх яны жылі? Мы праверылі і даведаліся шмат цікавага. Напрыклад, Якуб Колас жыў у самым маленькiм пакоі ў доме. Янка Купала і Пятрусь Броўка любілі збіраць камяні. А яшчэ ў Броўкі быў механічны каляндар – гаджэт, якому вы пазайздросціце.
ДОМ ЯКУБА КОЛАСА, ЯКІ ЁН АТРЫМАЎ У ПАДАРУНАК
Такім шырокім жэстам дзяржава вырашыла павіншаваць пісьменніка з 70-годдзем у 1952-м. А пасяліўся Колас на гэтым месцы адразу пасля вайны, бо папярэдні яго дом у Вайсковым завулку разам з усімі рэчамі згарэў.

Мясціна была выбрана нездарма – побач Акадэмія навук, у якой Колас займаў пасаду віцэ-прэзідэнта. У 1945 годзе гэта была ўскраіна горада, пісьменнік нават успамінаў, што чуў выццё ваўкоў, якія прыходзілі з суседняга лесу.
Спачатку тут быў невялікі драўляны дом, дзе падчас вайны жыў намеснік начальніка нямецкага шпіталя. У новапабудаваным доме паэту і яго сям;і, сынам Данілу і Міхаілу з жонкамі і дзецьмі, давялося пражыць зусім нядоўга: Якуб Колас памёр ў 1956 годзе, а музей адчыніў дзверы ў 1959-м.

Гасцёўня ў доме Якуба Коласа.

На фота пісьменнік з унукамі. А пітны рог – падарунак ад Броўкі на 70-годдзе.
Калі дом для Якуба Коласа быў узведзены, абстаноўкай заняліся яго нявесткі, Зарына і Наталля. Мэблю яны прывозілі з Рыгі і Масквы, многія прадметы і дэталі інтэр;ера ўжо ў той час можна было назваць вінтажнымі.

Гадзіннік 1819 года з бронзы, стаяў у вялікай залі.
У якасці кабінета Якуб Колас выбраў сабе зусім невялікі пакой, пры якім знаходзілася маленечкая спальня, галоўнымі рэчамі ў якой былі два фотаздымкі на сцяне: партрэт жонкі Марыі Дзмітрыеўны, якая памерла ў маі 1945 года, і сына Юрыя, які прапаў без звестак падчас Вялікай Айчыннай вайны.


Вясёлая посцілка – падарунак румынскай дэлегацыі.
Галоўная інфармацыя пра стол Коласа – гэта тое, што ён за ім памёр, калі пісаў ліст свайму сябру-перакладчыку. “Дорогой Женя” – апошнія словы паэта. У гэты дзень былі народзіны ўнучкі Коласа – Марыі, ён нават паспеў купіць ёй каробку цукерак.
ШТО НА СТАЛЕ Ў ЯКУБА КОЛАСА?

1. Партфель, з якім Колас хадзіў на працу ў апошнія гады жыцця:

2. Кампазіцыю з зялёнага мармуру выканалі майстры-каменярэзчыкі, якія рабілі надмагільны помнік жонцы Коласа. Бюст Пушкіна тут невыпадкова: пясняр ім захапляўся, нават пераклаў паэму “Палтава” на беларускую мову:

3. Барометр заўсёды стаяў на стале, бо пісьменнік меў сялянскія карані і неабыякава ставіўся да надвор’я. Падстаўка ў выглядзе дубовых пянёчкаў, таму што дуб – любімае дрэва паэта:

4. Пісьменніка не стала 13 жніўня 1956 года.

5. Той самы так і не дапісаны ліст Коласа:

6. Шкатулка для лістоў:

7. Гэтая мілая сава – на самой справе яшчэ і начнік:


Звычайна Якуб Колас уставаў рана, мог, калі дазваляла здароўе, пачысціць ад снегу дарожкі, любіў пілаваць і секчы дровы, гуляць па сваёй сядзібе. У цёплую пару тут было шмат кветак, невялікі ўчастак зямлі быў засеяны жытам.

Сувенір, які Пятро Глебка прывёз у падарунак з Каліфорніі.
Сам Колас пасадзіў дрэвы-сімвалы ў гонар сваёй сям’і: дубы прысвяціў мужчынам, бярозку – любімай жонцы.

Амаль адзінае, што захавалася з даваеннага дома пісьменніка. У фондах музея яшчэ ёсць срэбныя чаркі – падарунак ад Купалы на 25-годдзе сямейнага жыцця.
Пісаў паэт толькі пяром нумар 86, ніколі не карыстаўся аўтаручкамі, у крайнім выпадку мог узяць аловак. Пры гэтым пісаў вельмі прыгожа, нават каліграфічна. На машынцы не друкаваў, да яго прыходзіла машыністка.

Каля ложка ў паэта заўсёды стаяў тэрмас, таму што ён часта хварэў. Попельніцу Колас зрабіў сам, а металічную падстаўку пад яе – яго кіроўца.



Да канца жыцця кій і валёнкі сталі практычна неад;емнай часткай вобраза пісьменніка.
ПЯЦІПАКАЁВЫЯ АПАРТАМЕНТЫ ПЕТРУСЯ БРОЎКІ
Літаратурны музей Петруся Броўкі размяшчаецца на Карла Маркса, у кватэры, у якой доўгі час жыў паэт са сваёй сям;ёй. Сам дом няпросты, у савецкі час тут была сабрана партыйная і грамадская эліта, таму ў народзе ён атрымаў назву “наменклатурны”.

Будынак у стылі мадэрн быў узведзены яшчэ ў 1905 годзе, зараз ён асабліва цікавы тым, што ўнутры яго захаваўся светлавы калодзеж, праз які ў пад’езд трапляе дзённае святло. Пасля вайны дом хацелі знесці, каб працягнуць бульвар, які ішоў ад цяперашняй плошчы Свабоды. Але тут жыў Панамарэнка, які пераязджаць нікуды не хацеў і знос дома прадухіліў.

У кватэры сапраўдны інтэр;ер захавалі ў двух пакоях: кабінеце і бібліятэцы. Паколькі жытло і машыну дзяржаўнаму дзеячу выдзеліла дзяржава, Броўка мог дазволіць сабе значную частку заробку траціць на кнігі. У доме іх было больш за тры тысячы, лічыцца, што ён змог асіліць іх усе.

Больш за ўсё Броўка любіў рускіх класікаў, сярод беларускіх пісьменнікаў асабліва вылучаў Рыгора Барадулiна і Васiля Быкава, не толькі дзякуючы літаратурнаму таленту, але і таму, што яны былі землякамі – усе з Ушацкага раёна.


Пісьменнік жыў па асаблівым раскладзе дня. Заўсёды прачынаўся ў 5 гадзін раніцы, ішоў на дзве гадзіны шпацыраваць па ўзбярэжжы Свіслачы, натхняўся, потым з 7 да 9 кожны дзень пісаў вершы, а толькі пасля гэтага ад’язджаў на працу.

Падчас шпацыру Броўка збіраў прыгожыя каменьчыкi.
Нягледзячы на важную пасаду – дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, – Броўка сам рэгуляваў свой графік: на працоўным месцы ён знаходзіўся толькі пакуль у яго былі справы, мог дазволіць сабе сысці раней, нешта нетэрміновае дарабляў дома.

Афіцыйныя лісты Броўка мог надрукаваць на машынцы, а вершы пісаў толькі ад рукі і лежачы на канапе, ролю наборшчыцы звычайна выконвала яго жонка. Машынка Сontinental дасталася пісьменніку пасля вайны па загадзе Панамарэнкі ў якасці трафея. Кожны сябра Союза пісьменнікаў БССР атрымаў па машынцы, радыёпрыёмніку і гадзінніку.

Спецыяльна для Броўкі машынку перарабілі на беларускую раскладку. Яна такая ж, як і на сучаснай камп’ютарнай клавіатуры, няма толькі адзінкі, тройкі і нуля, таму што іх можна замяніць пэўнымі літарамі.
З-за працы на яго стале заўсёды было шмат папак і дакументаў. Сам стол вельмі цяжкі, прывезены з Германіі пасля вайны.
ШТО НА СТАЛЕ Ў БРОЎКІ?

1. У пісьменніка быў каліграфічны почырк. Менавіта дзякуючы яму яго ўзялі на першую працу: у 13 гадоў ён стаў пiсарам у ваенкамаце.

2. Смешная тачылка, якая нагадвае маленькі тэлевізар ці тамагочы. І лупа з ліхтарыкам. Пятрусь Броўка прывёз яе са Злучаных Штатаў, дзе ў 1959-м правёў паўгады. Там ён у якасці дыпламата прадстаўляў краiну на 14-й сесii Генеральнай Асамблеi AAН.

3. Выява адзінага сына Юрыя, якому цяпер 80 гадоў:

4. Паднос для карэспандэнцыi і драўляная падстаўка для канцылярскіх дробязяў:

5. Вершы Броўка пісаў толькі алоўкам:

6. Механічны каляндар, які перыядычна заклікае да парадку:

У доме пісьменніка заўсёды было вельмі атмасферна: прыходзiлi маладыя і сталыя паэты і пісьменнікі, супрацоўнiкi энцыклапедыi, галоўным рэдактарам якой быў Броўка, сябры.
Крэсла насупраць працоўнага стала часцей за ўсё займаў Пятро Глебка, адзін з найлепшых сяброў Броўкі. Яны нават жартавалі, што ўзялi сабе розныя варыянты iменi, таму што ў маладосцi ix заўcёды блыталi. Дарэчы, менавіта дзякуючы Глебку Броўка пазнаёмiўcя са сваёй жонкай.

Кактусы пасадзiла яшчэ жонка Петруся Броўкi.
Захапленнем Броўкі былi вандроўкi. Ён шмат выязджаў па рабоце: ЗША, Нарвегiя, Польшча, Чэхаславакiя, Румынiя, Венгрыя, Вялiкабрытанiя… Вельмi любiў наведваць Сярэднюю Азiю. Прывозiў адтуль цюбецейкi. Калi паглядзець сямейныя фотаздымкi, напрыклад з паездкi на возера, то кожны абавязкова будзе ў цюбецейцы.

Тэрмометр са Швецыi, дзе Броўка ўдзельнічаў у Кангрэсе па раззбраеннi.
Зубр як сімвал Беларусі быў вельмі распаўсюджаным сувенірам, асабліва дарыць статуэткі ў выглядзе гэтай жывёлы любілі працаўнікі розных прадпрыемстваў. У Броўкі быў цэлы статак.


Фотаздымак з подпісамі больш чым 40 чалавек на юбiлей пісьменніку падарыла трупа тэатра Янкi Купалы. Зверху ў цэнтры можна знайсці і подпiс Стэфанii Станюты.


У гэтым пакоі Броўка пісаў вершы. Заўсёды на канапе, галавой да акна, каля тэлефона.

Гэты корань пісьменнік знайшоў каля свайго лецішча ў Ждановiчах і захаваў, таму што ён нагадвае незвычаную паўзучую iстоту.
МУЗЕЙ-АСАБНЯК ЗАМЕСТ РАЗБУРАНАГА ДОМА ЯНКІ КУПАЛЫ
На трэці дзень вайны ў дом паэта трапіла бомба, і пабудова цалкам згарэла. На тэрыторыі цяперашняга парка імя Янкі Купалы пісьменнік жыў з 1927 года. Аднапавярховы дом быў падзелены на дзве часткі: у адной размясціўся Купала з жонкай і маці, у другой – яго сястра Леакадзія з дзецьмі.

Макет дома Купалы.
Сам паэт называў сваё жытло “Дом пад таполяй”, бо ў садзе расло гэта вялікае дрэва, якое таксама атрымала сваю мянушку – Вартавы. Перад паводкай яно пачынала гучна рыпець: гэта быў знак, што пара ратаваць каштоўнасці.

Будынак музея быў узведзены ў 1959 годзе, а сам музей пачаў працаваць яшчэ да заканчэння вайны.
Галоўнай каштоўнасцю сам Купала лічыў кнігі. У доме іх захоўвалася каля 20 тысяч, нават быў выдзелены асобны пакой, які выконваў функцыі бібліятэкі. Невялікая частка кніг захавалася.

Паколькі дом быў разбураны, інтэр;ер кабінета сабраны з сапраўдных рэчаў той эпохі, але яны не належалі Купалу. Абстаноўка, максімальна набліжаная да рэальнасці, была адноўлена па ўспамінах блізкіх.


На стале паэта стаялі фотаздымкі бацькоў і статуэтка Пушкіна. Дарэчы, “адносіны” ў Купалы з Пушкіным склаліся не адразу. У дзяцінстве маленькі Яся Луцэвіч абразіўся на паэта, які ў сваіх творах просты народ называў словам “чернь”. Але пасля ён зразумеў неабгрунтаванасць прэтэнзіі да агульнаўжывальнага слова, Пушкіна шчыра палюбіў і актыўна перакладаў яго творы.
У 20-я гады электрычнасць у Мінску яшчэ была вялікай раскошай. У прыватны дом электрычнасць і тэлефон Купалу былі праведзены аднаму з першых.


На стале Купалы таксама стаяла дэкаратыўная ручка-ружжо – падарунак, які сімвалізуе, што зброя паэта – гэта пяро. Песняра вельмі любілі простыя людзі. Многія ведалі, што паэт абажае кветкі, таму, каб не турбаваць яго, пакідалі букеты на падваконнях.

А вось на крэслах, якія стаяць у адноўленым кабінеце, Купала дакладна сядзеў, і не раз. Іх у музей перадала сям’я Канстанціна Елісеева, з якім Купала сябраваў усё жыццё, а калі прыязджаў у Маскву, часцей за ўсё спыняўся ў яго на кватэры.
Прыжыццёвы партрэт на фоне пейзажа таксама напісаў сябра паэта, Дзмітрый Полазаў. Ён быў суседам Купалы, жыў крыху бліжэй да Свіслачы, разам яны не раз ездзілі ў этнаграфічныя экспедыцыі. У гады вайны мастак жыў у блакадным Ленінградзе, але з партрэтам не развітаўся.

Купала любіў працаваць у цішыні і адзіноце, яму вельмі не падабалася, калі яго турбавалі ў гэты час. А вось калі вершы былі гатовыя, ён аддаваў перавагу таму, каб услых іх зачытвалі іншыя, пераважна сябры.
Асаблівае стаўленне ў Купалы было да камянёў. Яшчэ ў Акопах, дзе жыла маці паэта і куды ён прыязджаў на вакацыі, у яго быў свой улюблёны валун. Каля яго паэт мог напісаць 200-300 радкоў запар, і потым нічога не трэба было правіць.

Калі ў больш сталым узросце паэт ездзіў на мора, ён з усіх адпачынкаў прывозіў каменьчыкі. Часам ён высыпаў іх на падлогу ў кабінеце і называў іх “маё маленькае мора”. У дрэннае надвор;е або калі Купала быў у дрэнным настроі, ён іх перабіраў, і, па прызнанні самаго паэта, на душы адразу станавілася лягчэй і весялей.
Наогул паэт быў эстэтам, чалавекам з добрым густам, любіў прыгожыя рэчы.


Стылёвае паліто, знакамітыя валёнкі і чамадан, з якім паэт вандраваў.
Купала многа курыў, да таго ж любіў размаўляць з людзьмі, а кожнага трэба было пачаставаць, таму махоркі ў яго ўвесь час сыходзіла шмат.
Па ўспамінах сучаснікаў, дом паэта быў вельмі гасцінным. У гасцёўні стаяў вялікі стол, на якім заўсёды былі падрыхтаваны сталовыя прыборы, таму што сябры маглі прыйсці ў любы момант.


У гасцёўні Купалы стаяў дакладна такі буфет, паўтараюца нават дробязі на разьбе.


У 1937 годзе, калі адзначалі стагоддзе з дня смерці Пушкіна, Купала набыў у Маскве кубак з яго выявай.

Адзіныя рэчы, знойдзеныя на папялішчы дома Купалы.
Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: CityDog.by.
ЧУП «Лабс Паблисити Груп», УНП 191760213
Але так і не зразумела, чаму "Петрусь", калі "Пятрусь"?
Световой колодец там огонь. Жаль, тут нету фоток.