“Тут мала турыстаў – я так называю мінчукоў з іншых раёнаў”. Гід па Маякоўцы ад мясцовага

“Тут мала турыстаў – я так называю мінчукоў з іншых раёнаў”. Гід па Маякоўцы ад мясцовага
Разам з Samsung мы расказваем вам забытыя і падзабытыя гісторыі з мінскага мінулага. Сёння па Маякоўцы – сваім родным раёне – нас водзіць публіцыст Севярын Квяткоўскі.

Разам з Samsung мы расказваем вам забытыя і падзабытыя гісторыі з мінскага мінулага. Сёння па Маякоўцы – сваім родным раёне – нас водзіць публіцыст Севярын Квяткоўскі.


“Калі ты з Чэрвеньскага, цябе ніхто не чапае”

– Я жыву на ніжняй Маякоўцы, а нарадзіўся на верхняй Маякоўцы, на Камвольным камбінаце. Вуліца Дзянісаўская дзеліць гэты раёнчык на дзве часткі. Мы ў школе яшчэ называлі другую частку брацкім народам. Тады была культура гэтых раённых груповак.

Мы казалі пра сябе: “Мы з Чэрвеньскага”, – і гэта быў код. Калі ты з Чэрвеньскага, цябе ніхто не чапаў. Гэта была нейтральная тэрыторыя: “А, з Чэрвеньскага? Ну ладна, ідзі”. Насамрэч я так рады, што ўсё гэта знікла! Уся гэта дур. Для падлетка гэта было неверагодна цяжка, ты ўвесь час мусіў думаць, каб не патрапіць у якое завуголле. Усе гэтыя групоўкі гопнікаў зніклі разам з Савецкім Саюзам. Раптам аказалася, што ёсць цікавейшыя заняткі, што можна зарабляць грошы...

Наш раёнчык мы называлі Швейцарыяй. Бо тут быў спакой. За Дзянісаўскай, дзе Камвольны камбінат, – там ужо Польшча ці Чэхія, там ужо не так спакойна. А за чыгункай (раён Валадзько, Жукоўскага, Бакінскай. – Рэд.) – там проста Мордар, пекла і халакост.

У маім дзяцінстве чыгуначнага моста (праз Магілёўскую. – Рэд.) не было, праз чыгунку пераходзілі па пераходзе. Я ў той раён хадзіў у школу, яго называлі Арцель – па вуліцы Артылерыстаў. І вось на пераходзе стаялі хлопцы з Арцелі, і, каб перайсці, трэба было або заплаціць 20 капеек, або назваць поўны склад мінскага “Дынама”, або назваць 20 металічных каманд. Я называў 20 металічных каманд.

Тады музыка дзялілася на метал і “хвалю”. Да металу адносіліся амаль усе, нават якасная папса, напрыклад Scorpions... Пра той раён ёсць легенда, што туды нават немцы не заходзілі ў час акупацыі, бо гэта старыя бандыцкія кварталы, дзе ўсім было небяспечна. А я жыў фактычна на памежжы.
 


Стары Чэрвеньскі

– Чэрвеньскі рынак – гэта боль. Яны разбурылі гісторыю і нічога не прапанавалі. А сюды траціна горада ездзіла на закупкі. Рынак – гэта, вядома, фантастыка. Тое, што ў нас знішчылі культуру рынкаў, вельмі сумна.

Я ўсё жыццё жыў каля рынку, усё было пад рукой. Пасля зносу Чэрвеньскага я адчуваю сябе як савецкі чалавек пасля распаду Савецкага Саюза: я не ведаю, куды ісці, не ведаю, дзе што прадаецца. Не ведаю, дзе элементарна лямпачку набыць, увогуле нічога – бо ўсё было тут!

Цяпер рынак перавезлі далей па Маякоўскага, але гэта ўжо не тое. На гэтым месцы ён быў прынамсі з 30-х. Але я падазраваю, што мог быць і раней: вельмі зручнае месца, пад’езд да горада.
 

“У канцы 80-х на рынку з’явіліся палякі, яны прадавалі джынсы. Мае аднакласнікі – здаровыя коні 16-гадовыя – іх рабавалі: забіралі торбы і ўцякалі. Калі паляк быў здаровы, мог адбіцца. Міліцыя не дапамагала. Потым аказалася, што мяне зрабілі верхаводам банды: у міліцыі ўсе яны казалі, што я імі кірую, а я нават і не ведаў”.


Раён, у якім няма савецкіх назваў

– Я вельмі ганаруся, што ўсё жыццё жыву ў раёне, дзе няма савецкіх назваў. Нават вуліца Маякоўскага, былы Ігуменскі тракт, – гэта ўсё ж пра іншае: няшчасны паэт, які ўспяваў савецкую ўладу і ад яе ж загінуў. Гэта не Судмаліс і не Мяснікоў – не кат, не забойца.

Яшчэ тут ёсць адносна новая вуліца Фізкультурная. А ўсе астатнія: Надзеждзінская, Сонечная, Вялікаморская, Дзянісаўская, Палявая, Пажарная – абсалютна аўтэнтычныя назвы. Для мяне дзіва, як такі здаравенны кавалак Мінска захаваў іх усе.

Вуліца Маякоўскага даўней называлася Ігуменскі тракт, потым Чэрвеньскі тракт – калі горад Ігумен перайменавалі. А ў канцы ХІХ–пачатку ХХ стагоддзя гэта быў Дачны праспект. Заможныя мінчукі мелі тут дачы, а фактычна жылі, бо тады была мода жыць за горадам.
 

“Мы знаходзімся ў старой Серабранцы – яна ішла ўздоўж Ігуменскага тракта прыкладна да Дзянісаўскай. Чаму гэту назву абралі для цяперашняй Серабранкі, я не ведаю. Там была толькі вёска Шэйпічы – і ўсё, адны палі. А Серабранка была тут”.


Наш раён абмежаваны ў прасторы чыгункай і Свіслаччу. Тут не зробіш Малінаўку, гэты раён вельмі цяжка сапсаваць да канца. Бо будаваць блізка ад вады нельга, і каля самай чыгункі будаваць таксама не будуць. Тут мала турыстаў – я так называю мінчукоў з іншых раёнаў. Тут няма гармідару, няма натоўпу.

Вельмі прыемна, што да цэнтра Мінска ад мяне на машыне 3 хвіліны, на тралейбусе 8, пешкі 25. Пры тым гэта такі абсалютны закуток, тут вельмі добра з дзецьмі, тут усе адпачываюць.
 

“У 80-я тут ці не штодзень граў пахавальны аркестр. Цяпер і мода знікла, і пакаленне жыхароў змянілася на маладзейшае”.


– У нас у раёне булдосаў фактычна няма. Дакладней, ёсць, але лакалізаваныя ў адным месцы. А раней яны акупіравалі дзіцячыя пляцоўкі. Але з дзецьмі пачалі гуляць не толькі мамкі, але і таткі, і таткі іх хутка паразганялі. У гэтым плане тут вельмі камфортна.

Пад маім пад’ездам ёсць дызайнерскі дворык. Яго зрабіла мая суседка Жанна, яна дызайнер па адукацыі. Проста для душы зрабіла вось такі кавалак прыгажосці. Праблем з ЖЭСам не было, яна проста паведаміла пра сваю ініцыятыву – і ўсё. Вось так проста. Таму мо хто захоча рэалізавацца – то вэлкам у наш пад’езд! – запрашае Севярын далучацца да афармлення жыллёва-творчай прасторы аднаго мінскага пад’езда.
 

 


Бойкі з “крэстамі”

– Можа, не ўсім спадабаецца тое, што я скажу, але Мінск неаднародны, і ў сацыяльным плане таксама. У нашым раёне былі такія рабочыя гета, адкуль тутэйшыя хадзілі біцца з “крэстамі” – выхадцамі з вёскі, якія прыехалі працаваць у горад. Вёска тады была рабская, разрыў узроўню жыцця вёскі і горада быў каласальны. Я ездзіў у вёску, кароў пасвіў, ездзіў на конях – я гэтым ганаруся! Але ў сацыяльным плане ніхто не хацеў мець з гэтым нічога агульнага.

Рабочыя, якія прыехалі з вёсак, вылучаліся: яны былі неадукаваныя, яны не ўмелі гаварыць па-руску, апраналіся не па-гарадскому. Супраць іх аб’ядноўваліся ўсе: і Серабранка, і Мордар...
 

“Дарэчы, у адным з гэтых інтэрнатаў жыў знакаміты кантралёр метро, такі ўчэпісты. Калі ён памёр, раптам стала яго не хапаць у прасторы...”


Нас у дзяцінстве пужалі Чыжоўкай: і дарослыя, і аднагодкі. Хоць мне не было так страшна: у мяне свая Чыжоўка была тут, за чыгункай.

Пра Чыжоўку раскажу вам фрашку. Калі мы з жонкай сталі разам жыць, я ёй распавядаў усе гэтыя страшныя гісторыі пра Чыжоўку, яна з недаверам слухала (яна сама з Чыжоўкі). І вось мы з ёй прыязджаем на Лясную, і яна бачыць двух п’яных хлапцоў на прыпынку, якія кураць, лаюцца. Жонка пачынае: “Я не хачу, каб мой дзіцёнак рос у гэтым страшным раёне!..” І тут пад’язджае 102 аўтобус, і  хлопцы кажуць: “О, наш, паехалі дамоў, у Чыжоўку!”


“Машыніст спужаўся і кінуў у нас пустую бутэльку з-пад чарніла”

– Усё дзяцінства мы гулялі на чыгунцы. Вось у мяне шнар – гэта мы гулялі ў партызан, склалі на рэйках барыкаду. Машыніст спужаўся і са злосці кінуў у нас пустую бутэльку з-пад чарніла 0,7. І я той шнар атрымаў, калі ад бутэлькі ўварочваўся. А аднойчы мой аднакласнік выразаў нейкі дроцік каля рэек і на 20 хвілін спыніў рух цягнікоў паміж Гомелем і Мінскам.

Бацькі нашы былі перакананы (бо прапаганда так пераканала), што жыць у савецкай краіне вельмі бяспечна. І дзеці пастаянна гінулі: будоўлі не ахоўваліся, і дзяцей засыпала пяском, яны падалі з абрываў, з бэлек. Хлопец у суседнім двары дагуляўся: спрачаліся, хто бліжэй падыдзе да цяжкагруза, ён падышоў, і яму засмактала нагу.

І, вядома, чыгунка – гэта пастаянна раздушаныя каты, сабакі. Адзін раз і чалавека знайшлі. А яшчэ ў дзяцінстве, памятаю, ладзілі экскурсіі: андатра нейкім чынам завялася ў Свіслачы, дайшла адтуль да чыгункі, там счапілася з катом, і абодва загінулі.
 

“У савецкія часы рух на чыгунцы быў пастаянны: танкі, БТРы, грузавікі сюды везлі на рамонт, а потым назад у Польшчу, у ГДР. І мне чыгунка прышчапіла такую карысную звычку: я навучыўся адключацца ад усялякіх непатрэбных гукаў”.
 

“Гэта ўнікальны пераход-труба. А раней чыгуначнага моста над Магілёўскай не было, і на месцы цяперашняй Магілёўскай быў прыватны сектар. Мы школьнікамі каталіся з горкі з чыгуначнага насыпу якраз там, дзе цяпер мост. А ў гэтым месцы знаходзілася кустарная вытворчасць трунаў. Адна цынкавая труна тут валялася, на ёй мы з сябрамі і каталіся з гары”.
 

“Мне страшэнна падабаецца гэты індастрыял, гэта першая мінская цеплаэлектрастанцыя, але яна пад №2”.


Вельмі важна, што мы жывём побач са Свіслаччу. Гэта таксама было месца нашых гульняў. Там я малы аднойчы ледзь не патапіўся – праваліўся пад лёд. А падросшы, мы ў вербах над рэчкай гулялі ў вайну. Былі рускія і немцы, чырвоныя і белыя, мянты і бандыты. Я заўжды быў за немцаў, бандытаў і белых – інтуітыўна.

Цяпер купацца тут нельга, рыбу вудзіць можна, але есці нельга – у раёне Кастрычніцкай з заводаў у раку зліваецца нейкая гадасць. (Мяне аднойчы пачаставалі тутэйшай рыбай, дык нават котка не ела – рыба смярдзела нафтай.)

Ёсць спадзяванне, што некалі гэта выправіцца. Усё роўна тут, на ўзбярэжжы, вельмі рэлаксацыйна. А калі праклалі веладарожку, сталі даступны тыя месцы, пра якія раней ніхто не ведаў: выспачкі прыроды і прыватнага сектару.
 

“Я ў падлеткавым узросце займаўся грэбляй на каноэ. Мы хадзілі па Свіслачы да Чыжоўкі і назад. Мяне спорт цікавіў пастолькі-паколькі, але цікавіла сама Свіслач: птушкі, жывёлы... Я дзіцём куды толькі не соваўся. Мяне з міліцыяй шукалі разы тры. Я быў вандроўнікам”.
 

“Старая вінакурня – завод па вытворчасці спірту – належаў графу Любанскаму, уласніку Лошыцы. Будынак канца ХІХ стагоддзя стаіць пры вуліцы Маякоўскага пад №79”.


“Козырава – нібы Лесота ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы”


– Тутэйшыя выспачкі прыватнага сектара – гэта проста космас. Па-першае, выспа насупраць старога Чэрвеньскага, на Свіслачы. Шкада, гэтыя вулачкі ўжо дажываюць. Вуліца Пажарная фактычна ўжо зруйнавана. Засталіся яшчэ пару дамоў, але яны дажываюць апошнія месяцы. Перпендыкулярна ідзе вуліца Аранжарэйная. Уяўляеце сабе – жыць па вуліцы Аранжарэйнай!
 


– Другая выспачка – гэта Козырава, унікальны анклаў, як Лесота ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Людзі тут жывуць сваім жыццём. Ніякія фатаграфіі не перададуць гэта ўнікальнае месцапалажэнне.
 

Козырава.
 


– Яшчэ адзін анклаў ідзе ўздоўж чыгункі па Палявой і Лібава-Роменскай. Вуліца Лібава-Роменская – мая самая любімая назва ў Мінску.

Гэтыя дамы не знясуць яшчэ 50 гадоў. Побач з чыгункай нічога не пабудуеш, таму для іх чыгунка – гэта ратунак.

Мы не дайшлі да новага Чэрвеньскага, а там таксама асаблівы закуток, вельмі адасобленае жыццё, такі сабе Свазіленд.
 

Былая вёска Шэйпічы.


І яшчэ адзін прыватны сектар ёсць за Дзянісаўскай, за вайсковай часткай пры Маякоўскага. Часам мы ў дзяцінстве, ідучы побач, чулі воклічы салдатаў з-за агароджы: “Гэй, хлопец!” Салдаты давалі нам 15 капеек, каб мы купілі ім марожанае. Мы куплялі за 12 капеек, а 3 капейкі заставаліся нам за паслугу. Я часам адмаўляўся ад тых капеек, бо лічыў, што трэба дапамагаць людзям у бядзе.

Раён ваенных – эмацыйна ўжо не мой, але па жыцці мой. Праз яго можна дайсці да мясцовага Лесота. Яно знаходзіцца між Маякоўкай і Серабранкай. Мікрараён і гэта месца – як неба і зямля. Адзін Мінск – два розныя космасы.

У бліжэйшыя гады гэтаму прыватнаму сектару, я думаю, нічога не пагражае. Але ўвогуле наша праблема ў тым, што ў нас няма прыватнай уласнасці на зямлю. Нейкім чынам гарвыканкам вызначае, што цябе можна сагнаць з зямлі тваіх продкаў і пасяліць у якую-небудзь ж...


Калі вам падабаецца рубрыка «Мінск 1067», рабіце рэпост артыкула і не забывайцеся на хэштэгі #сваё, #SamsungBelarus, #Minsk1067. Дзякуй!

 

 
РУБРЫКУ “МІНСК 1067” МЫ СТВАРАЕМ РАЗАМ З КАМПАНІЯЙ SAMSUNG ELECTRONICS*.
Клікніце, каб падпісацца на навіны Samsung Беларусь.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.by магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

   Фото: Citydog.by.

*ООО «Самсунг Электроникс Рус Компани», ИНН 7703608910

Еще по этой теме:
“На мастака Савіцкага ён збіраў кампрамат”. 7 фактаў пра скульптара, чые працы вы бачыце кожны дзень
«В “Лакомке” я не был 40 лет. А там даже нелепая ступенечка по центру осталась». Цеслер рассказывает и показывает любимые места Минска
Тысяча лет проспекта Независимости. История самой главной улицы Минска, которую вы, скорее всего, не знаете
поделиться