Знаёмцеся: гэта Надзея Леановіч і яе незвычайна цудоўныя, яркія і сонечныя карціны Мінска.
«Звычайна ў мяне больш добрых успамінаў і добрых асацыяцый – таму ўсё такое пазітыўнае»
– Усё пачалося ў 2018 годзе, калі я сышла з працы настаўніцай і шукала сябе. Я малявала то партрэты, то пейзажы, то нацюрморты – а аднойчы замалявала ў нататнік нейкія свае падарожжы. Памятаю, там быў Кракаў, Марсэль – карацей, тыя месцы, дзе я была.
І вось я паступова запаўняла гэты нататнік, малявала і малявала нешта… Была, напрыклад, серыя «Сметніцы» – то бок тое, што я бачыла, то і малявала.
І вось недзе ў канцы 2019 года я зразумела, што больш за ўсё мне падабаюцца менавіта пейзажы. Мне падабалася маляваць фрагменты будынкаў, сметніцы (яны выходзілі амаль як нацюрморты – нейкія бутэлькі, фанцікі). Мне было цікава адлюстроўваць будынкі, іх формы, колеры – і паказваць, як менавіта я іх бачу.
Гэта адказ на пытанне, чаму мае карціны такія каляровыя і чаму мой Мінск такі яркі: кожны раз я прымяняю сваю оптыку, свае ўражанні і ўспаміны – і гэта адбіваецца на колерах. Так, нейкія месцы падаюцца мне больш змрочнымі, але звычайна ў мяне больш добрых успамінаў і добрых асацыяцый – таму ўсё такое пазітыўнае.
Ці бывае, што проста ў нейкія дні будынкі змяняюць свой колер (з-за ценю, з-за сонца), і тады я проста яшчэ больш выкручваю гэту перамену, раблю яе яшчэ больш яскравай.






«Мінску не хапае айдэнтыкі»
У Мінску мне нават дапамагае, што тут малы цікавы гістарычны цэнтр. Таму ўсё пазнавальна: што б я ні намалявала, усе пазнаюць месца. Гэта дазваляе мне спрашчаць пейзажы, змяняць аб’екты, будынкі і іх колеры, і ўсё роўна месца будзе пазнавальным – па форме, па асяроддзі.
То бок менавіта сам Мінск дазваляе мне яго змяняць і рабіць больш пазітыўным. Мне наогул здаецца, што Мінску не хапае айдэнтыкі, і таму я таплю за пазітыў: Мінск не такі абязлічаны, у ім ёсць месцы, якія можна перабудаваць, абнавіць, яго колерам можа быць не толькі шэры – але і жоўты.
«Часам я раблю малюнкі па картах Yandex ці Google: націскаю ў рандомным месцы, адкрываю панараму і малюю»
Карціны я ствараю па-рознаму. Часцей за ўсё я раблю фотаздымкі і потым малюю па фота. Я шмат гуляю па горадзе і раблю дзясяткі здымкаў на адным месцы – нават спецыяльна чакаю, каб праехаў тралейбус ці аўтобус.
Ведаеце, як бывае з турыстычнымі фота? Ты чакаеш, калі ўсе знікнуць з кадра, каб здымак быў пусты, – а я, наадварот, чакаю людзей з парасонамі ці з сабачкамі, транспарт, раварыстаў.
Калі мне не падабаюцца мае фота ці я проста не ведаю, што зрабіць, я раблю малюнкі па картах Yandex ці Google: націскаю ў рандомным месцы, адкрываю панараму і малюю яе.
Накіды адразу ў горадзе я раблю рэдка. Шчыра кажучы, я б хацела больш маляваць у горадзе, але для мяне гэта выпрабаванне. Мастакі, якія часта ходзяць на пленэры, героі: трэба цягаць эцюднік, фарбы, стаяць у любое надвор’е.
Зараз я часам замалёўваю нешта пастэллю – а потым па гэтым накідзе раблю карціну дома. А часам, калі мне не хапае фотаздымка ці накіда, я магу ўзяць карціну і пайсці да таго месца, якое малюю. Таму што часам мне не хапае шырыні погляду: па фота ты не можаш зазірнуць за вугал, што там далей за будынкам, – гэта абмяжоўвае.



«Тыя, хто з’ехаў з Беларусі, памятаюць Мінск менавіта такім, як на маіх карцінах: сонечным і пазітыўным»
У асноўным мае карціны купляюць людзі ва ўзросце 25–45 гадоў. Нехта ўбачыў карціны на выставе, нехта знайшоў месца па геалакацыі. Як правіла, людзі купляюць карціны з тымі месцамі, якія ім дарагія: можа, яны працуюць побач; можа, жывуць ці жылі; можа, проста шмат часу праводзяць там.
У апошнія гады карціны часта сталі набываць тыя, хто з’ехаў з Беларусі. Так, мае карціны куплялі і проста людзі, якія жывуць за мяжой, не беларусы, але часцеў за мяжу мае карціны едуць да беларусаў, якія хочуць мець часцінку роднага горада і напамін пра родны дом.
Што цікава, яны часта мне кажуць, што памятаюць Мінск менавіта такім, як на маіх карцінах: сонечным і пазітыўным.



Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з архіву гераіні.