“Факт, што нехта на нас нападае, не робіць з нас лепшых людзей”. У Мінску выдалі кніжку, якую вам варта прачытаць

“Факт, што нехта на нас нападае, не робіць з нас лепшых людзей”. У Мінску выдалі кніжку, якую вам варта ...
Польскі пісьменнік, які напісаў кнігу пра каханне беларускай сялянкі і эсэсаўца, прыехаў у Мінск, каб сустрэцца з чытачамі і сфатаграфавацца з танкам у музеі Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы кнігарні “Логвінаў” вы можаце прачытаць яго інтэрв’ю.

Польскі пісьменнік, які напісаў кнігу пра каханне беларускай сялянкі і эсэсаўца, прыехаў у Мінск, каб сустрэцца з чытачамі і сфатаграфавацца з танкам у музеі Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы кнігарні “Логвінаў” вы можаце прачытаць яго інтэрв’ю.

Ігнат Карповіч нарадзіўся ў 1978 годзе ў вёсцы Случанка Беластоцкага ваяводства – у 19 кіламетрах ад беларускай тэрыторыі. То бок па волі лёсу – у Польшчы. Пасля 1945 года ніхто не ведаў, як пройдзе мяжа паміж БССР і ПНР і якія этнічныя беларускія тэрыторыі трапяць да Саветаў, а якія зробяцца “новымі крэсамі”.

Мяжа прайшла так, як яна прайшла, і беларус Ігнат Карповіч вывучыўся ў Варшаве на спецыяліста па іберыстыцы і афрыканістыцы і зрабіўся адным з найпаспяховейшых пісьменнікаў Польшчы, напісаўшы восем раманаў, чатыры з якіх траплялі ў шорт-ліст літаратурнай прэміі Nike.

Чаму гэта важна?

Але адкуль ён паходзіць, ніколі не забываўся. Ягоны раман, дзе апавядаецца, як беларуская сялянка Соня Трахімчык і афіцэр СС Ёахім Кастарп пакахалі адзін аднаго і што з гэтага выйшла, зазнаў сапраўдны трыумф у Польшчы і Цэнтральнай Еўропе.

Зусім нядаўна кніга выйшла па-беларуску. Значна пазней, чым у Венгрыі, Літве, Германіі ды Украіне, – але затое ў гэтым выпадку “карабель вярнуўся ў родную гавань”, як сказаў бы адзін вядомы палітык. Некаторыя кавалкі тэксту перакладчыцы Марыі Мартысевіч перакладаць не давялося: па-беларуску яны былі і ў арыгінале.

Кніга выконвае вельмі важную місію – пераасэнсоўвае падзеі Другой сусветнай з пазіцыі сучаснага чалавека. Пасля Васіля Быкава, Андрэя Адамовіча і Святланы Алексіевіч ва ўласна беларускай культуры такога няшмат: “Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі, “Франц і Паліна” Уладзіміра Сцяпана, вершы Антона Рудака.

Можна толькі фантазіраваць, як бы склалася літаратурная кар’ера Карповіча, калі б мяжа прайшла іначай (і ці была б у яго такая кар’ера наогул). Застаецца факт: за ўсё жыццё ён у суме быў у Мінску трое сутак – два прыезды з перапынкам у дзясятак гадоў. Шмат чуў пра новы будынак Музея ВАВ, таму гэтым разам з гатэля Карповіч накіраваўся адразу туды, найперш удакладніўшы, ці сапраўды там стаяць “кацюшы” і іншая “тэхніка для сэлфі”.

Сумесь спагады і іроніі

Мы сустракаемся з ім, калі Ігнат ужо з “трафеямі”: некалькімі фота, якія яму дапамаглі зрабіць мінскія студэнткі, фанаткі танкавых камп’ютарных гульняў. Карповіч кажа, што супрацоўніцы музея не выпусцілі яго праз той уваход, дзе ён заходзіў, а прымусілі прайсці ўсю экспазіцыю: шлях ад пачатку вайны пад купал, у залу славы.

Але яго гэта не вельмі здзівіла. Усе еўрапейцы, якія цікавяцца тэмай Другой сусветнай, ведаюць і пра тое, з якім пафасам ставяцца да вайны ўлады Беларусі. І прымаюць з разуменнем. У крайнім выпадку – з сумессю спагады і іроніі, як Ігнат Карповіч.

Сумесь спагады і іроніі – гэта і пра кнігу “Сонька”, перад мінскай прэзентацыяй якой мы пагутарылі з пісьменнікам.

Пра што кніга?

– Жыццё – і так складаная трагедыя, якая з намі адбываецца, каб мы яшчэ і пераказвалі яе сур’ёзнай мовай. У літаратуры вы заслужылі рэпутацыю вострага іраніста, майстра самага рознага кшталту літаратурнай гульні. І раптам з’яўляецца “Сонька” – шчымліва-брутальная кніга пра падзеі Другой сусветнай. Сур’ёзная тэма і іранічны падыход – ці сумяшчальна гэта?

Гэтыя сур’ёзныя рэчы і гэты часам іранічны падыход да іх – усё гэта паходзіць з жыцця. Прадэманструю на прыкладзе: на Беласточчыне адзін з фанатаў “Сонькі” назваў мост, дзе паводле кнігі адбываліся спатканні беларускі з немцам, у гонар галоўных герояў “Мост Сонькі і Ёахіма”, аб чым на мосце вісіць адпаведная шыльда. Гэта частка жыццёвая.

Але далей пачынаецца іронія. Нашы, скажам так, “патрыятычна-прагрэсіўная сілы” заганьбілі мост і перайменавалі яго ў “Мост здрадніцы і забойцы”, а маладыя людзі сталі чапляць на той мост замочкі на знак вечнага кахання.

Аўтар выношваў гісторыю сем гадоў. Гераіня мела пэўны прататып…

– Так, мой дзядзька, мастак Лявон Тарасевіч, аднойчы сказаў, што ў нашай вёсцы была жанчына, якая звязалася з немцам. І пазней вакол аднаго гэтага сказа пачала выбудоўвацца гісторыя. Я выдатна ўяўляў, як у вельмі малой вёсцы Случанцы, у вельмі маленькай супольнасці ўсё тады магло развівацца.

Гэта не “мілая малая Айчына”. У тым месцы людзі часта жывуць у непрыязні і нянавісці адзін да аднаго, і падчас вайны ці глабальнай варажнечы гэта можа выліцца ў гвалт і выпусканне негатыўных эмоцый. Часта мы хочам вельмі дакладна падзяліць ролі. Дрэнныя немцы, якія ўварваліся сюды, і ахвяры, якія былі добрымі... Але факт, што нехта на нас нападае, не робіць з нас лепшых людзей.

Навошта даваць голас тым, хто яго не мае?

Вельмі дзіўная выйшла кніга. Там-сям прапушчаны адна-дзве старонкі, водступы ды прабелы…

– Пішучы “Соньку”, я навучыўся важнай рэчы. Працэс выкрэслівання – такі ж важны, як і працэс напісання, і ён значна складанейшы. Таму ў мяне ў кнізе ёсць усе гэтыя прагалы. Навошта? Каб паказаць, што гісторыя Сонькі – сканструяваная.

Гэта дазваляе не да канца паверыць у яе. Трохі дыстанцыявацца ад гісторыі, каб чытач зразумеў: гэта не праўда пра Соньку, а толькі гісторыя пра яе, якую нехта павінен быў расказаць.

У традыцыйнай беларускай літаратуры мужчыны мелі права апавядаць гісторыю, мелі права на гераічную ці ахвярную ролю ў Другой сусветнай вайне. Ты паднімаеш тэму гвалту, у тым ліку фізічнага, распаведзенага месцамі з гледзішча жанчыны. Закранаеш праблемы меншасцей…

Я ад пачатку сваёй творчасці намагаюся даць голас тым, хто ў мэйнстрыме гэтага голасу не мае. Бо як інакш мужычка Сонька, непісьменная Сонька магла данесці да людзей гэту гісторыю? У выніку доўгіх разваг я прыйшоў да высновы, што апавядальнік майго рамана павінен быць безасабовым, “духам бясплотным”, але нельга яго назваць халодным і неспагадлівым.

Гэта ваенная гісторыя, але не да канца, бо яна спалучаецца з персанажам, які бачыць яе з вышыні нашага часу: гэта паспяховы варшаўскі рэжысёр Ігар-Ігнат. Чытач вагаецца: ці гісторыя, апісаная ўнізе, праўда, ці гэта толькі нейкія іранічна-аптычныя ілюзіі. Гісторыя распавядаецца ці яе прыдумляюць? Што ты ўкладаеш у слова “праўда” і ці верыш у яе існаванне?

Я не праўдар-фундаменталіст, але ўсё далей адыходжу ад постмадэрністскага разумення адноснасці праўды. Мне падаецца, што ўсё ж ёсць штосьці такое, што мы маглі б назваць коранем праўды. І ў “Соньцы” гэты корань – каханне. Не важна, што ён быў немец, а яна – беларуска, не важна, што было пасля; важна, што ў іх было каханне. І кропка.

Урывак з рамана “Сонька”:

– Вы ні памрэце, – сказаў ён, хоць ня верыў у гэта. Так сказаў Ігнат, зь якога ўжо сашкрэблі сорам, адмаўленьне, другаснасьць.

Ён упершыню зьвярнуўся да Соні не па-польску, але па-просту – так называлася гэтая мова. Па-нашаму.

Ён сам ня ведаў, ці гэта беларуская мова, ці нейкі дыялект рускай, а можа, польскай? Нейкая трасянка? Нейкае гістарычнае або эмацыйнае адхіленьне? Нейкі народ, выкінуты з падручнікаў? Што гэта за нацыя без гісторыі? Так гаварылі яго дзяды, яго крэўныя і ён сам, пакуль не забыўся на тую мову, каб пражыць жыцьцё без фундамэнтальных моўных зьнявагаў.

Ах, матчына мова, малако сацыялізацыі, гонар без заслугі, сорам безь віны. Спачатку на гэтую мову забыліся бацькі, бо пераехалі ў Адносна Вялікі Горад Беласток. Ім трэба было працаваць, а працаваць яны маглі толькі па-польску, урэшце яны стала жылі ў Польшчы, таму памяталі, што трэба забываць па-просту. Калі б яны забыліся, што трэба забываць, то адразу б зрабіліся кацапамі: канец сяброўству, працы, новаму, лепшаму жыцьцю на новай, лепшай радзіме. Ну і лепшая пазыцыя ў грамадзтве, хто ад такога адмовіцца пасьля такой страшнай бяды і крыўды? Графа “месца нараджэньня” ў пашпарце і так была бяльмом на воку: напісанае там “Случанка” абуджала адназначныя падазрэньні.

Ігнат хутка навучыўся, што калі хочаш мець сяброў у школе і ў двары, то нельга размаўляць так, як размаўлялі дзед з бабуляй. Размаўляючы як яны, ён бы і знаёмых меў такога веку, як яны, а такія ўжо ня лазяць па дрэвах, і не страляюць з рагаткі па котках, і не цягаюць дзяўчатак за коскі cа стужкамі на кончыку. І так у школе было няпроста. У пачатковых клясах стала вядома, што Ігнат атрымаў іншае, чым равесьнікі, разьмеркаваньне. Ігнат – праз хрост і прычасьце ў адным фляконе, яшчэ ў раддоме – дастаўся меншаму Богу.

Не таму вялікаму і чыстаму, каталіцкаму і польскаму, які распачынаў і прайграваў паўстаньне за паўстаньнем, пускаў кроў, што ажно пісаліся цудоўныя вершы, а таму аранжаваму, старацаркоўнаславянскаму, які булькатаў галасамі вясковых баб і мужыкоў у салодкім кадзіле і пацямнелых іконах. Гэты ягоны Бог, карузьлікавы і вясковы, праваслаўны і пазалочаны, быў прычынаю таго, што сябры і маці сяброў глядзелі на Ігната з вышыні сваёй накрухмаленай антыкамуністычнай веры, з стальца Пятра зусім і зусім не такога файнага Яна Паўла Другога. А з такой вышыні Ігнат здаваўся падобным да свайго Бога, а значыць бракаваным, русацяпскім, ненадзейным і горшым.

Калі ён зьехаў вучыцца ў сталіцу, ён адцураўся сябе, узяў імя Ігар, навейшае і прыгажэйшае, пасьлядоўна пацьверджанае дакумэнтамі. І прозьвішча сабе падоўжыў. Замест Грыкі стаў Грыцоўскім: так больш касмапалітычна. І часам дакараў сябе, п’ючы пігулку перад сном, за непрадбачлівасьць: хто ж ведаў, што калісьці меншасьці будуць у трэндзе. Спадзеючыся, аднак, што ўрэшце яны выйдуць з моды: сьвет ніколі ня быў прыязны да меншых і слабейшых.

Кнігу “Сонька” Ігната Кароповіча можна набыць у кнігарні “Логвінаў” (Незалежнасці, 37а) або тут.

 

Перепечатка материалов CityDog.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: тэлеграм-канал «Белліт», кнігарня “Логвінаў”.

поделиться