CityDog.io паразмаўляў з ЛГБТК-парамі, якія з’ехалі з Беларусі, пра тое, як яны пачуваліся дома і як жывуць у эміграцыі ў Грузіі, Украіне, Германіі, Партугаліі і Польшчы.
Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.
Аліна і Алеся (Беларусь – Грузія): «Мы тут замежніцы, няма ўпэўненасці, што нас абароняць у выпадку чаго»
Аліна і Алеся
Гэтыя дзяўчыны працуюць у IT: Алеся (30) – project manager, Аліна (22) – content lead. Пазнаёміліся дзяўчаты больш за 4 гады таму ў Мінску – і жыць разам пачалі ўжо там. У 2020 годзе «з-за палітычнай, эканамічнай і нестабільнай эмацыйнай сітуацыі» ў Беларусі пераехалі ў Грузію. Зрэшты, гэта краіна – не фінальная кропка на карце іх вандровак.
Пра жыццё ў Беларусі: «Так часта паводзяць сябе простыя сяброўкі»
– У Мінску жыць разам мы пачалі досыць хутка – здаецца, праз 4-5 месяцаў пасля знаёмства, – расказвае Аліна. – Пры гэтым да сустрэчы з Алесяй я сустракалася з хлопцамі і нават сама не ведала, што бісексуальная. Таму з сябрамі давялося рабіць нешта кшталту камінг-аўту практычна адразу. Бацькам я расказала год таму, а са сваякамі блізкіх адносін у мяне і не было, таму казаць ім нешта не бачу сэнсу.
Стрыечныя браты і сёстры майго ўзросту, якія падпісаны на мяне ў інсце, думаю, здагадваюцца: змест сваіх пастоў я асабліва не фільтрую, хоць і не пошчу нешта занадта адкрытае.
Чаму ўсё так склалася? Мусіць, таму што я выхоўвалася ў даволі традыцыйнай сям’і, дзе гутарак пра сексуальнасць не было: першапачаткова меркавалася, што ты ўмоўна «нармальная».
Бацькі Алесі дагэтуль афіцыйна нічога не ведаюць – але, нам здаецца, здагадваюцца. Мы ўжо даўно жывём разам, пераехалі ў іншую краіну, і калі раней у іх былі пытанні а-ля «калі ты ўжо мужа сабе знойдзеш?» ці «колькі можна жыць з суседкай?», то ў апошні час яны зніклі. Пры гэтым казаць ім наўпрост пра нашы адносіны Алеся не хоча. На яе думку, чыя-небудзь сексуальная арыентацыя – гэта не тое, што трэба тлумачыць і расказваць. У грамадстве гэта ўсё павінна быць натуральна, без неабходнасці рабіць камінг-аўты і стрэсаваць.
У цэлым Алеся не асабліва звяртае ўвагу на меркаванне навакольных, таму ў нас ніколі не ўздымалася пытанне наконт таго, што яна адчувае, калі мы бяромся на вуліцы за рукі, напрыклад. Мяне ж гэта заўсёды вельмі абурала. Увесь час здавалася, што на нас усе глядзяць. Пра тое, каб пацалавацца ў грамадскім месцы, нават не было гаворкі. Мы выдатна ведалі, што жывём у краіне, дзе ў прадстаўнікоў ЛГБТК-кам’юніці няма абсалютна ніякіх правоў. Таму прыцягваць да сябе лішняе асуджэнне, негатыў, а, магчыма, і агрэсію не хацелася.
Часам мы маглі праявіць адна да адной нейкую пяшчоту: патрымацца за рукі, прыабняцца – але так часта паводзяць сябе і сяброўкі.
Пра жыццё ў Грузіі: «ЛГБТК-кам’юніці тут большае, але адчуваеш сябе менш бяспечна»
– У Грузію мы пераехалі, таму што тут добры клімат, прыгожая прырода, цікавая культура. Плюс да ўсяго сюды не патрэбна віза, і ў 2020 годзе дастаткова проста было аформіць ІП і рахунак у банку.
Пры гэтым Грузія – вельмі кансерватыўная, рэлігійная краіна са сваімі традыцыйнымі каштоўнасцямі. Тут я адчуваю нават большую небяспеку, асабліва пасля спробаў у 2021 годзе зладзіць у Тбілісі гей-прайд: каб сарваць парад, нейкія людзі збілі журналіста, той у выніку загінуў.
ЛГБТК-кам’юніці ў Грузіі большае, чым у Беларусі (ці проста яно больш адкрытае, як ні дзіўна). Але ў плане праявы сваіх пачуццяў на публіцы я пачуваюся досыць скавана. Тым больш што мы тут замежніцы, і няма ўпэўненасці, што нас абароняць у выпадку чаго. Напрыклад, калі я пацалую сваю дзяўчыну на публіцы і злаўлю нейкую агрэсію ад навакольных, наўрад ці хтосьці з мясцовых стане на наш бок – у тым ліку і паліцыя.
Хоць я вельмі паважліва стаўлюся і да Грузіі, і да грузін, у нас даволі шмат сяброў рознай арыентацыі, але цалкам вольна і бяспечна я сябе тут сапраўды не адчуваю.
Што далей: «Хочацца жыць у грамадстве, дзе кожны можа быць тым, кім хоча»
Сваё месцапражыванне дзяўчыны плануюць змяніць. У тым ліку з-за таго, што хочуць аформіць свае адносіны і завесці дзяцей.
– Хочацца мець свабоду выказвання сваіх пачуццяў без аглядкі на тое, як на цябе паглядзяць навакольныя. Пакуль што глядзім у бок Аргенціны – гэта краіна была першай, якая легалізавала аднаполыя шлюбы. Ёсць праграмы, якія дапамагаюць дваім маці правесці ЭКА, суправаджаюць цяжарнасць і ў цэлым ставяцца вельмі паважліва.
Ну, і ў прынцыпе Аргенціна – даволі інклюзіўная краіна, талерантная да многіх меншасцяў. Там вельмі шмат людзей абсалютна рознай знешнасці і арыентацыі, і ўсе адчуваюць сябе камфортна, не хаваючыся і нічога не баючыся.
Значна прыемней знаходзіцца ў грамадстве, дзе кожны чалавек можа быць тым, кім хоча. А іншыя людзі ўсведамляюць, дзе заканчваецца іх свабода, і не парушаюць чужыя межы.
Дзіма і Платон (Беларусь – Украіна – Германія – Партугалія – Польшча): «На фоне беларусаў яны паводзяць сябе нашмат больш агрэсіўна»
Дзіма і Платон
Дзіму – 21 год, ён вучыцца на QA спецыяліста. Платону – 23, ён ужо працуе па гэтай жа спецыяльнасці. Разам хлопцы больш за два гады. Кажуць, што сталі жыць разам практычна адразу, як пачалі сустракацца: «Аказалася, што нам вельмі камфортна ў плане побыту і рэжыму дня, ды і не маглі адліпнуць адзін ад аднаго».
За апошні час хлопцы паспелі пажыць ва Украіне, Германіі, Партугаліі і Польшчы. Аказалася, што ў Польшчы, нягледзячы на ўсю рэлігійнасць краіны, яны сябе адчуваюць нашмат лепш, чым у, здавалася б, свабоднай Украіне. Але прыемней за ўсё было ў Партугаліі і Германіі – у гэтую частку Еўропы хлопцы і плануюць вярнуцца.
Пра камінг-аўты і «бытавую» гамафобію: калегі прымаюць, але ў душ пускаць не вельмі хочуць
– Літаральна на днях я зрабіў камінг-аўт сваёй маме – і пакуль яна адзіная з сям’і, хто ведае пра маю арыентацыю, – кажа Дзіма.
– У мяне, наадварот, дастаткова даўно ведае пра ўсё тата, а мама і бабуля пакуль не, там складаная сітуацыя, – расказвае Платон. – Сябры пра нас усё ведаюць. Мы дастаткова адкрытыя, шмат выкладаем у інсту. Калегі (а яны ўсе беларусы, дарэчы) таксама ў курсе маёй арыентацыі. У нас з імі дастаткова добрыя зносіны, падчас выездаў на карпаратывы нам з Дзімам здымаюць асобны нумар.
Я б сказаў, што мінімальная «бытавая» гамафобія часам праскоквае, але не крытычна. Гэта могуць быць нейкія дзіўныя погляды, напрыклад, ці мімалётная гідлівасць. Вось вы, здаецца, сябруеце, цябе цалкам прымаюць, вы разам тусуецеся, а потым ты просішся схадзіць да іх у душ – а ў чалавека здараецца такая міні-збянтэжанасць літаральна на мілісекунду. І, хутчэй за ўсё, з-за банальных стэрэатыпаў пра тое, што геі часта хварэюць на ВІЧ, ці нешта падобнае.
Пра жыццё ў Беларусі: у школе і каледжы быў булінг, а на вуліцы нават па-сяброўску абняцца не вырашаліся
– Падчас жыцця ў Беларусі мы не адчувалі сябе свабодна і адкрыта, – прызнаецца Платон. – Хадзіць за ручку ў цэнтры горада ці цалавацца на публіцы для нас наогул было нешта з нечым, мы не маглі элементарна абняцца на людзях – у тым ліку і па-сяброўску пры развітанні.
Дзіма ў сілу характару заўсёды быў больш вольны, мог і хуценька буськнуць, пакуль ніхто не бачыць. Для мяне ж гэта заўсёды было вельмі няёмка, я адчуваў сябе суперзакрытым. Плюс у школе і каледжы нас булілі, таму ў Беларусі нам было складана.
Пра жыццё ва Украіне: нацыяналісты падпільноўваюць і збіваюць
У жніўні 2021 года хлопцы пераехалі ў Кіеў. З-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі на Дзіму пачаўся прэсінг ва ўніверсітэце, таму заставацца ў краіне было небяспечна. Ва Украіне хлопцы працягнулі жыць разам, завялі сяброў і актыўна інтэграваліся. Хлопцы марылі, як сустрэнуць вясну на любімым бульвары Шаўчэнкі, але пачалася вайна.
– Ва Украіне ёсць велізарная квір-супольнасць, і, здавалася б, там мусіць быць прасцей і спакойней, але не. У Кіеве арудуюць групы нацыяналістаў, якія высочваюць людзей з тусовак, збіваюць хлопчыкаў, якія выходзяць у калготках ці сукенках. Самі мы з такім, на шчасце, не сутыкаліся, але чулі нямала падобных гісторый.
Аднойчы мы хацелі пайсці на прайд, які ў Кіеве праводзіцца штогод, але ўсе знаёмыя нас адгаворвалі і папярэджвалі, што калі мы ўсё ж такі пойдзем, то пасля мерапрыемства трэба адразу бегчы, скакаць у таксі і ехаць дадому. Таму што на выхадзе будуць падпільноўваць – і нічым добрым справа не скончыцца.
У Кіеве амаль як у Берліне: напрыклад, там можна сустрэць хлопцаў у сукенках, з макіяжам і ўсё такое, але ў метро ты так не праедзеш. Нават з-за нафарбаваных пазногцяў абавязкова дачэпяцца. На фоне беларусаў украінцы паводзяць сябе нашмат больш агрэсіўна.
Пра жыццё ў Германіі: ЛГБТК-пары – абсалютная нармальнасць
Некалькі месяцаў хлопцы жылі ў Германіі. Спачатку ў Дрэздэне, потым у Дзюсельдорфе – і ў апошнім, кажуць, можна пачувацца зусім вольна. Каб праверыць рэакцыю навакольных, Дзіма і Платон узяліся за рукі і пайшлі шпацыраваць па цэнтры горада. І, што самае цікавае, не адчулі на сабе абсалютна ніякіх поглядаў – ні пазітыўных, ні негатыўных. Людзі там проста не зважаюць на тое, хто, як і з кім ходзіць. Там ЛГБТК-пары – абсалютная нармальнасць.
– У Дзюсельдорфе нас як бежанцаў узяла да сябе на «ператрымку» сям’я брытанцаў з трыма дзецьмі – 10, 14 і 16 гадоў. І нікога ўвогуле не бянтэжыла наша арыентацыя, – дадае Дзіма. – Мая мама б у жыцці не ўзяла да сябе ў дом гей-пару, асабліва калі былі б дзеці.
Пасля Дзюсельдорфа хлопцаў адправілі ў Нюрнберг – там яны і прабылі тры наступныя месяцы. А жылі ў пажылой немкі, якую таксама нічога не бянтэжыла.
Пра жыццё ў Партугаліі: самае свабоднае месца
З Германіі хлопцы з’ехалі ў Партугалію. Думалі там і заставацца, але краіна не падышла ім па ўзроўні жыцця. Хаця для прадстаўнікоў ЛБГТК-супольнасці гэта самае свабоднае месца з усіх.
– Прыходзіш на пляж, а там гей-сем’і з дзецьмі, – кажа Дзіма. – Я ў прынцыпе ніколі такіх пар з дзіцем не бачыў ужывую, а тут ляжыш загараеш – а побач тры-чатыры ЛГБТК-сем’і. Для нас гэта быў незвычайны досвед.
Пра жыццё ў Польшчы: «Больш еўрапейскі менталітэт, але на людзях за ручку не паходзіш»
Цяпер хлопцы жывуць у Польшчы. Гавораць, што ў гэтай краіне прасцей і зручней з дакументамі, але заставацца там яны не плануюць.
– У Польшчы сітуацыя лепшая, чым у Беларусі ці ва Украіне. Чытаў пра нейкае сацдаследаванне, па выніках якога больш за 60% насельніцтва нармальна ставіцца да ЛГБТК.
Хаця бываюць і неадназначныя рэакцыі. Мы не носім макіяж, не фарбуем пазногці, але часам ідзеш, напрыклад, у плюшавай кофце і з завушніцай у носе – і нават спінай адчуваеш, што на цябе хтосьці глядзіць. Абарочваешся – і гэта, хутчэй за ўсё, будзе беларус ці ўкраінец. Палякі ў гэтым плане прасцейшыя.
То бок маральна тут крыху лягчэй, чым у Беларусі ці Украіне, тут ужо больш еўрапейскі менталітэт. Але хадзіць за ручку ці цалавацца на людзях мы сабе таксама не можам дазволіць.
І што далей: «Душой і сэрцам за Беларусь, але вяртацца туды не плануем»
Па словах хлопцаў, самымі вольнымі краінамі Еўропы можна назваць Іспанію, Італію, Партугалію. Але з-за занадта расслабленага ладу жыцця мясцовых Дзіма і Платон там жыць не хочуць. Кажуць, што пакуль глядзяць у бок Германіі, Даніі ці Нідэрландаў.
– Што тычыцца Беларусі, то мы душой і сэрцам патрыёты, вельмі хварэем за сваю краіну. У плане ЛГБТК наша грамадства нават больш талерантнае, чым украінскае ці рускае, але вяртацца дадому мы не плануем, – кажа Дзіма. – У мяне, напэўна, занадта шмат негатыўных успамінаў, звязаных з булінгам у дзяцінстве, таму мяне пакуль трыгерыць.
– Ёсць разуменне і ўяўленне, што ў Беларусі павінен прайсці нейкі час, каб пачаўся этап камфортнага жыцця для ЛГБТК-людзей, – дадае Платон. – Мы вельмі спадзяёмся, што гэта пачне адбывацца ў бліжэйшы час пасля змены ўлады, але ніякіх гарантый няма – як і жадання вяртацца.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
Фота: з асабістага архіва герояў; Unsplash.com.