Куды пайсці ў выхадныя 4–6 жніўня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 4–6 жніўня ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
Сабралі класныя мерапрыемствы ад беларусаў у трох сталіцах – Мінску, Варшаве і Вільнюсе. Выбірайце, дзе будзеце «святкаваць» першыя выхадныя жніўня.

Сабралі класныя мерапрыемствы ад беларусаў у трох сталіцах – Мінску, Варшаве і Вільнюсе. Выбірайце, дзе будзеце «святкаваць» першыя выхадныя жніўня.

Выбірайце сабе справу

МІНСК

Пятніца: адсвяткуйце першы дзень нараджэння кінапрасторы mooon

4 жніўня, з 18:00 да 21:15.

Кінапрастора mooon у ТРЦ Palazzo.

Білеты: дарослым – ад 30 руб., дзецям – ад 15 руб. (тут).

У гонар першага дня нараджэння кінапрастора mooon запрашае ўсіх жадаючых на вялікую вечарыну. У праграме – вялікая дзіцячая віншавальная размалёўка, піньята з цукеркамі, фотазона і прагляд мультфільма «Лэдзі Баг і Супер-Кот».

Дрэс-код для дзяцей – касцюмы супергерояў з мульціка, для дарослых – чырвоныя элементы вопраткі і прычоскі супергерояў.

Пятніца: пабывайце на адкрыцці art store «Дзённік пяці мастачак»

4 жніўня, 19:00.

Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).

Уваход: вольны.

Праект прадстаўляе жывапіс, графіку і арт-аб’екты пяці беларускіх мастачак, кожная з якіх па-свойму працуе з тэмай памяці.

Дзённік – адна з практык, у якіх памяць матэрыялізуецца і знаходзіць абрысы. Праект з’яўляецца дзённікам – такім, як калі б яго стваралі ўсе пяць мастачак разам і кожная асобна: індывідуальнае і калектыўнае, асабістае і творчае, уражанні і рэфлексія пераплятаюцца з асаблівай шчырасцю і непасрэднасцю.

Пятніца: зʼездзіце ў Сулу на вечарыну «Рыцары ночы Сярэднявечча»


4 жніўня, з 20:00 да 00:00.

Парк гісторыі «Сула» (Стаўбцоўскі раён).

Білеты: дарослым – 30 руб., дзецям – 15 руб., дзецям да 7 гадоў – бясплатна (тут).

 

У пятніцу ў Вялікім княстве Сула адбудзецца вечарына «Рыцары ночы Сярэднявечча». З 20:00 да 22:00 вас чакае начны заплыў на дракары, экскурсіі па замках, кавальская майстэрня, забава «Чарка на лязе» ў Каралеўскай асамблеі, дэгустацыя старкі ў Бровары, майстар-клас па танцах каля Калегіума, рыцарскі турнір, сярэднявечныя гульні і танцы, фотазоны, пасвячэнне ў рыцары ў беларускім мястэчку, а таксама вогненнае шоу.

Субота: паглядзіце кіно 1960 года

5 жніўня, 19:30.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Гэтым разам праект Cinemascope будзе паказваць італьянска-французскі фільм «Прыгода | L’avventura» (1960).

Па сюжэце, падчас круізу багатая і прыгожая жанчына Ганна таямніча знікае на незаселенай выспе, пасварыўшыся са сваім палюбоўнікам Сандра, што прымушае яго і яе сяброўку Клаўдзію адправіцца на пошукі. Незразумела, ці скончыла гэта дзівацкая жанчына жыццё самагубствам ці паплыла куды-небудзь разам з кантрабандыстамі. Паміж Сандра і Клаўдзіяй, дзяўчынай небагатай, завязваецца інтрыжка, але ён кідае яе з-за іншай жанчыны.

Субота і нядзеля: правядзіце час з дзецьмі на сямейным фестывалі ToyDay

5-6 жніўня, з 10:00 да 19:00.

Батанічны сад.

Білеты: поўны – 12 руб., ільготны – 6 руб. (тут).

Усе выхадныя ў батанічным садзе будзе праходзіць сямейны фестываль ToyDay. Вас чакаюць розныя пляцоўкі з настольнымі і драўлянымі гульнямі, мастацкімі майстар-класамі, лаунж-зона, скаладром, вялікі фуд-корт, маркет рамеснікаў, канцэртная праграма, дыскатэка 90-х і шмат іншага.

Субота і нядзеля: адпачніце ў Дудутках пад хіты 90-х

5-6 жніўня, з 18:00 да 01:30.

Музей «Дудуткі» (в. Пціч, Пухавічскі раён).

Білеты: ад 15 да 40 руб. (тут).

На выхадных у Дудутках будзе весела: музыка 90-х, нулявых і новага часу, лазернае шоу, бітва на паяданне дранікаў, зоны чылу і актыўнага спорту, вандроўны самагоншчык, фестываль фарбаў Color Fest, фуд-корт, фотазоны і шмат чаго іншага.

Усе выхадныя: паспейце паглядзець найноўшыя артэфакты з археалагічнага комплекса

Да 13 жніўня.

Мінская ратуша (пл. Свабоды, 2а).

Білеты: дарослым – 6 руб., студэнтам і пенсіянерам – 4 руб., школьнікам – 2,5 руб.

Да 13 жніўня ў Мінскай гарадской ратушы працуе выстава «Падарожжа ў мінулае: найноўшыя артэфакты з археалагічнага комплекса на рацэ Менка».

Больш за 100 унікальных артэфактаў IX–XII стагоддзяў – першых вынікаў даследаванняў 2023 года – прадстаўлены на выставе. Вялікую цікавасць уяўляюць фрагменты керамічных гаршкоў і гандлёвыя пломбы з княжацкімі знакамі прадстаўнікоў полацкай дынастыі. Прыцягваюць позірк рознакаляровыя шкляныя пацеркі – прадметы жаночага касцюма і імпарту з усходніх краін.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе Станіслава Жукоўскага

Да 1 кастрычніка.

Мастацкі музей (вул. Леніна, 20).

У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава «Станіслаў Жукоўскі: пункт прыцягнення – сядзіба».

Выстава паглыбляе ў атмасферу сядзібнага жыцця пачатку ХХ стагоддзя з яе павольнымі буднямі, цеснай сувяззю з прыродай не толькі дзякуючы віртуознаму жывапісу мастака, але і за кошт інсталяцый з мэблі, гадзіннікаў, фарфору, скульптуры і іншых прадметаў сядзібнага побыту. Прадметы з карцін «выходзяць» у прастору, ствараючы адчуванне прысутнасці.

ВАРШАВА

Пятніца: паглядзіце кіно культавага польскага рэжысёра

4 жніўня, 19:45.

Месца паведамяць удзельнікам асабіста.

Кошт: 85 зл.

У пятніцу беларусаў Варшавы чакае атмасферны кінавечар на летняй тэрасе. Разам з праектам So Рeople і культурным аглядальнікам будуць глядзець культавы фільм галоўнага польскага рэжысёра Анджэя Вайды «Попел і алмаз».

На сустрэчы вы зможаце даведацца, хто такі Анджэй Вайда і чаму гэта важна ведаць; пагаворыце пра «пакаленне калумбаў»; разбярэце па частках класіку польскага кіно і паглыбіцеся ў польскую культуру. Фільм будзе на польскай мове з рускімі субцітрамі.

Субота: запішыцеся на творчы сняданак з традыцыйнай вышыўкай


5 жніўня, з 12:00 да 15:00.

Twój Wychad (aleja 3 Maja, 14).

Кошт: 100 зл.

У суботу праект «Этыка» запрашае на новы творчы сняданак у Варшаве. Удзельнікам прапануюць вышыць сабе абярэг. Кожная схема, якую можна будзе выбраць самастойна, – гэта арыгінальны ўзор з беларускага нацыянальнага касцюма.

Працаваць будуць не з пяльцамі, а з халсцінай, каб падкрэсліць значнасць і каштоўнасць такога нацыянальнага скарбу, як вышыўка. У кошт уключаны ўсе матэрыялы, а таксама гарбатка з ласункамі.

Па запіс і падрабязнасці пішыце ў дырэкт.

Субота: схадзіце на экскурсію па Каралеўскіх лазенках

5 жніўня, 18:00.

Месца сустрэчы паведамяць асабіста.

Кошт: 100 зл.

Ці ўмееце вы якасна адпачываць? Так, каб цёплая пара выходзіла з вушэй ад паслаблення? А вось польскія арыстакраты 17-га стагоддзя ох як умелі! І Каралеўскія лазенкі таму ідэальнае пацвярджэнне.

Гэта не толькі вытанчанае спа і каралеўскія купальні, але і філасофскі гурток, месца медытацый і поўнага зліцця з прыродай. Парк поўны сімвалаў і пацешных рэбусаў.

Па запіс на экскурсію пішыце ў дырэкт.

Нядзеля: паспрабуйце тэхна-ёгу і арт

6 жніўня, 16:00.

Nowy Świat, 27A.

Кошт: 80 зл.

У праграме – лекцыя пра цэласнасць ёгі, ёга пад электронную музыку ад дыджэя, маляванне агульнай карціны на вялікім палатне, каб пазбавіцца ад эмоцый, а таксама знаёмствы і асалода ад напояў на летняй верандзе бара.

Прыемны бонус – кактэйль, віно, піва і ліманады ад арганізатараў.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: дапамажыце на «Том Соер Паці»

4 жніўня, 15:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Колькі: бясплатна.

Каворкінг CreateCulture Space хутка стане яшчэ прасторней і ўтульней, бо там з’явіцца цэлая студыя! Але для таго, каб яна стала сапраўдным месцам творчасці і натхнення, арганізатарам патрэбна дапамога. Таму яны запрашаюць кожную і кожнага з вас далучыцца і прывесці новае памяшканне ў парадак.

Усе выхадныя: падрыхтуйце непатрэбныя рэчы да продажу

Любы дзень.

Ва ўласнай шафе.

На наступным тыдні, 9 і 10 жніўня, у Вільнюсе пройдзе вялікі Garage Sale, арганізаваны беларускамі Аляксандрай Зверавай і Кацярынай Харошынай. Можна будзе пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў альбо абнавіць уласны гардэроб. Падаць заяўку трэба да 7 жніўня!

На лакацыі будзе ігрыстае і стылістка Оля Малікава, якая пры жаданні дапаможа вам выбраць «тую самую» рэч, якая падыдзе менавіта вам.

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться