Сабралі самыя цікавыя мерапрыемствы выхадных, якія ладзяць беларусы ў розных краінах. Выбірайце, як будзеце бавіць час.
МІНСК
Пятніца–нядзеля: даведайцеся пра рамантычныя хатнія расліны
3–5 лютага, 14:00.
Батанічны сад.
Кошт: 5 руб. (дадаткова – уваход у сад 10 руб.).
Напярэдадні Дня ўсіх закаханых Цэнтральны батанічны сад запрашае на інтэрактыўны практыкум па доглядзе і агратэхніцы вырошчвання самых вядомых кветак – сімвалаў кахання. Можна будзе пазнаёміцца з такімі рамантычнымі пакаёвымі раслінамі, як азалія (сімвал адданасці), гібіскус (кветка сямейнага шчасця), антурыум і спатыфілум (мужчынскае і жаночае шчасце) і іншымі.
Месца правядзення – экспазіцыйная аранжарэя. Працягласць практыкума – 2 гадзіны. Без папярэдняга запісу. Падрабязней па тэлефонах: +375 29 320 17 17; +375 17 379 69 15.
Нядзеля: навучыцеся рабіць паштоўкі ў тэхніцы выцінанкі і калажу
5 лютага, 12:00.
Майстэрня «Ярна».
Кошт: 40 руб.
У нядзелю вас клічуць на майстар-клас па выцінанцы, прымеркаваны да Дня закаханых. Пад пільным кіраўніцтвам мастачкі, арт-тэрапеўткі і народнай майстрыхі выцінанкі Наталлі Сухой вы створыце сардэчныя паштоўкі ў тэхніцы выцінанкі і калажу, даведаецеся процьму цікавага пра выцінанку і яе гісторыю і атрымаеце сапраўдную арт-медытацыю.
Па ўдзел звяртайцеся ў асабістыя да спадарыні Наталлі.
Нядзеля: завітайце на музычна-паэтычную імпрэзу
У прасторы «Манахром» адбудзецца новы выступ з вакальных цыклаў. Гэтым разам – «Любоў і жыццё паэта» ды «Вакальныя сатыры» ад удзельнікаў праекта «Ростані» тэнара Юрыя Гарадзецкага і піяністкі Паліны Задрэйка. Кажуць, можна будзе прачнуцца ад зімовай спячкі пад добрую музыку.
Нядзеля: паспрабуйце патанчыць бачату
Студыя танца KREDO запрашае на бясплатны майстар-клас для пачаткоўцаў па бачаце. Можна будзе вывучыць базавыя крокі і павароты, пазнаёміцца з іншымі ўдзельнікамі і пры жаданні застацца на вечарыну – паглядзець, як танчаць больш вопытныя танцоры.
Усе выхадныя: знайдзіце падарункі да надыходзячых свят
3–5 лютага.
ГЦ Galleria Minsk (2-і паверх).
Уваход: вольны.
«Гарошак-маркет» запрашае па падарункі. Будзе драўляны посуд і сувеніры, джутавыя кошыкі, мыла ручной працы, свечкі з соевага і какосавага воску, вязаныя цацкі і аксесуары, упрыгажэнні ў сярэднявечным стылі і іншае.
Працаваць будуць з 10:00 да 22:00. Шукайце маркет на другім паверсе.
ГОМЕЛЬ
Пятніца: пабывайце на прэзентацыі кнігі пра Гомель
3 лютага, 16:00.
Палац Румянцавых і Паскевічаў (пл. Леніна, 4).
Уваход: вольны.
У пятніцу адбудзецца прэзентацыя пятага выдання кнігі гомельскага археолага, доктара гістарычных навук Алега Макушнікава «Гомель са старажытных часоў да канца XVIII стагоддзя».
У кнізе – процьма матэрыялу па гісторыі Гомеля са старажытных часоў да канца XVIII стагоддзя. З яе вы даведаецеся, як з’явіўся і развіваўся Гомель, найстаражытнейшы на паўднёвым усходзе Беларусі горад, у часы Кіеўскай Русі, Чарнігаўскага княства, Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Новая рэдакцыя кнігі значна пашырана графічнымі выявамі і фотаматэрыяламі.
ГРОДНА
Нядзеля: навучыцеся пісаць тэрапеўтычныя казкі
5 лютага, 12:00.
«Феафанія-крама» (вул. Кірава, 3).
Удзел: 30 руб.
Псіхалагіня і казачніца Вольга збірае групу ў Гродна, каб пісаць тэрапеўтычныя казкі. Што гэта дасць? Магчымасць пераасэнсаваць пражыты вопыт (станоўчы ці адмоўны) праз мастацтва і слова; магчымасць бяспечна і клапатліва разглядзець, вывучыць і прааналізаваць сітуацыю, якая непакоіць; магчымасць знайсці новыя шляхі рашэння праблем праз казачныя вобразы; магчымасць стаць чараўніцай і казачніцай, якая стварае дзівосныя сусветы і гісторыі.
Таксама абяцаюць каву, гарбату і прысмакі. Запіс у @madeofsamshit.
Усе выхадныя: паспейце на выставу дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў
Да 5 лютага, з 9:00 да 20:00.
Гродзенская выставачная зала (вул. Ажэшкі, 38).
Білеты: дарослым – 3 руб., студэнтам – 2,5 руб., школьнікам – 1,5 руб., дашкольнікам – бясплатна.
У выставачнай зале Гродна цяпер працуе трыенале дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў «ДЭКАРТ-22. Выбранае». Там можна пабачыць процьму свежых цікавых прац у розных тэхніках: тэкстыль, кераміка, шкло, батык, метал. Ёсць і класічнае, традыцыйнае мастацтва, і арт-эксперыменты. І вядомыя беларускія майстры, і маладыя аўтары.
ВАРШАВА
Субота: пабывайце на выступах Рамана Арлова
4 лютага, 15:00 і 17:00.
«Беларускі моладзевы хаб» (pl. Konstytucji, 6).
Білеты: 20 і 30 злотых.
«Беларускі моладзевы хаб» запрашае адразу на два выступы Рамана Арлова, беларускага музыкі, кампазітара, стваральніка тэатральных праектаў для дзяцей і дарослых, які ў гэты дзень святкуе свой дзень нараджэння.
У 15:00 будзе дзіцячы музычны монаспектакль «Як Святы Мікалай Новы Дзень уратаваў», разлічаны на дзяцей і дарослых. У 17:00 у цёплым лямпавым акустычным гучанні прагучаць найбольш вядомыя хіты музыкі: «Адлегласць», «Сонца смяецца», «Зорка Венера», «Станцыя», «Маё сонца», «Будзьма беларусамі» і іншыя.
Нядзеля: паўдзельнічайце ў воркшопе для беларусак
У Варшаве ўпершыню пройдзе дзень воркшопаў для беларусак «ТРЫМАЕМСЯ». У праграме – тры лекцыі: «Маё стаўленне да цела і як яго палепшыць» ад Вольгі Хаткевіч, фітнес-нутрыцыёлагіні, пілатэс-трэнеркі, коуча; «Пункты апоры: як дапамагчы сабе ў складаны час» ад Надзеі Гарадніцкай, псіхалагіні, лагатэрапеўткі; «Як я (не) даю рады: мацярынства ў эміграцыі» ад Насты Базар, нізавай фем-квір-актывісткі.
Нядзеля: паслухайце лекцыю пра знакамітае яйка і банан Маўрыцыа Катэлана
5 лютага, 14:00.
Ul. Bracka, 20, 1-ы паверх, аднайменная кавярня.
Кошт: 75 злотых (запіс праз дырэкт).
У нядзелю вас клічуць на лекцыю мастака-канцэптуаліста, сцэнографа Аляксандра Адамава. Гаворка будзе пра тое, чаму банан мог стаць косткай у горле для тых, хто яго купіў, у чым была логіка Катэлана, што магло б вылупіцца з самага папулярнага яйка і ад якой яно курыцы.
БЕЛАСТОК
Пятніца: паслухайце стэндап на беларускай мове
У Беласток з камедыяй на беларускай мове едуць Ягор Анісімаў і Павел Радзевіч – дасведчаныя і таленавітыя комікі. Схадзіце паслухаць жарты на роднай мове і атрымаць прыемныя эмоцыі напрыканцы тыдня.
ГДАНЬСК
Субота: паслухайце выступ беларускіх музыкаў з розных гуртоў
4 лютага, 19:00.
Паб Paszcza Lwa (Kwietna, 39).
Квіткі: 30 злотых (наяўныя на ўваходзе).
У Гданску выступіць PSYCHO SQUAD – калектыў беларускіх музыкаў з розных гуртоў, якія былі вымушаны пакінуць краіну. На канцэрце яны выканаюць усімі любімыя песні гурта SYSTEM OF A DOWN, таму збірайце сяброў і ідзіце весяліцца.
ВРОЦЛАЎ
Субота: набудзьце білет на канцэрт гурта «Разбітае сэрца пацана»
4 лютага, 19:00.
Stary Klasztor (Jana Ewangelisty Purkyniego, 1).
Білеты: 70 злотых.
Любімы гурт «Разбітае сэрца пацана» сыграе канцэрт у Вроцлаве. Абяцаюць і старыя хіты, і новыя, зусім невядомыя, нікім не чутыя песні, створаныя пасля 24 лютага.
ВІЛЬНЮС
Нядзеля: паслухайце беларускамоўны стэндап
Беларускія комікі з суполкі «Пан Стэндап» даюць у Вільнюсе гарачанькі беларускамоўны стэндапчык. Самы шчыры гумар на роднай мове для вас назапасілі Макс Канавал, Саша Калінкін і Паша Залуцкі. На выступ у 18:30 білетаў ужо няма, таму паспейце забраніраваць сабе месца на 21:00.
Нядзеля: схадзіце на сустрэчу пра рак
Сустрэча «Пра рак. Гісторыі беларусак» пройдзе ў межах выставы з фотагісторыямі трох беларусак, якія цяпер лечаць рак малочнай залозы. Выстава прымеркавана да Сусветнага дня барацьбы з ракам, які адзначаюць 4 лютага.