Вялікая афіша на вялікія выхадныя: вось куды можна схадзіць 29 снежня – 2 студзеня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Вялікая афіша на вялікія выхадныя: вось куды можна схадзіць 29 снежня – 2 студзеня ў Мінску, Варшаве, Ві...
Наперадзе – не толькі Новы год, але і вялікія выхадныя. Беларусы Мінска будуць адпачываць да 2 снежня ўключна, у іншых краінах – па абставінах. Зрабілі для вас вялікую падборку цікавых падзей, каб вы і святочны настрой нарэшце знайшлі, і добра адсвяткавалі

Наперадзе – не толькі Новы год, але і вялікія выхадныя. Беларусы Мінска будуць адпачываць да 2 снежня ўключна, у іншых краінах – па абставінах. Зрабілі для вас вялікую падборку цікавых падзей, каб вы і святочны настрой нарэшце знайшлі, і добра адсвяткавалі

МІНСК

Чацвер–субота: пазнаёмцеся з гісторыяй Каляд

28–30 снежня, 14:00.

Беларуская хатка (вул. Рабкораўская, 19).

Кошт: 3,5 руб. (абавязковы папярэдні запіс: +375 17 375 52 13.

Цягам трох дзён у Мінску можна будзе ўзяць удзел у мерапрыемстве пад назвай «Калядная зорка Максіма», якое пазнаёміць ахвотных з гісторыяй аднаго з самых містычных святаў – Каляд.

Удзельнікаў чакае батлейка і ўдзел у вырабе каляднай зоркі і елачнай цацкі.

Субота: завітайце на святочны кірмаш у батанічным

30 снежня, з 11:00 да 16:00.

Батанічны сад (вул. Сурганава, 4б).

Уваход: дарослым – 14 руб., дзецям да 3 гадоў – бясплатна, старэйшым дзецям – 7 руб.; шматдзетныя сем’і аплочваюць толькі дарослыя квіткі, дзецям – бясплатна.

У батанічным садзе пройдзе вялікі сямейны кірмаш «Зімовы сад». Будзе анімацыйная праграма з любімымі і новымі героямі, фуд-зона, майстэрня Дзеда Мароза з майстар-класамі і займальныя конкурсы. Таксама вас чакаюць калядныя эльфы, Грынч, героі «Шчанячага патруля», «Фіксікі», Ганна і Эльза, Гары Потэр, Мікі і Міні Маус і іншыя.

Таксама абяцаюць кірмаш забаў і незабыўнае шоу.

Субота: забяжыце за апошнімі падарункамі на маркет New Year’s Craftmall

30 снежня, з 12:00 да 20:00.

Flame Place (пр-т Машэрава, 9/8).

Уваход: вольны.

Святочны кірмаш унікальных вырабаў ручной работы – падарункі, кераміка і тэкстыль, упрыгажэнні, яловы дэкор, ёлачныя і дзіцячыя цацкі, свежапрыгатаваныя дамашнія прысмакі, а таксама навагодняе меню і мора шампанскага, ёлка і музыка.

Прыбірайцеся, бярыце родных, сяброў, дзетак, каханых хвосцікаў і прыходзьце: купляць падарункі, загадваць жаданні, танчыць, вадзіць карагоды каля ёлкі, фатаграфавацца і зараджацца святочным настроем.

Субота: зазірніце з дзецьмі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза

30 снежня, з 14:00 да 16:00.

ГЦ Galileo (Бабруйская, 6).

Кошт: бясплатна.

ГЦ Galileo запрашае дзяцей і іх бацькоў за навагоднім настроем. Дзед Мароз абяцае падарыць наведвальнікам зімовую казку і прыгожыя фота.

Акрамя таго, штодня ў гандлёвым цэнтры працуе пошта Дзядулі Мароза. Маленькія госці могуць напісаць ліст з самымі патаемнымі марамі і апусціць яго ў вялізную паштовую скрыню.

Субота і аўторак: адпраўцеся на калядную экскурсію ў Дукорскі маёнтак

30 снежня і 2 студзеня.

Музейны комплекс «Дукорскі маёнтак» (а/г Дукора, вул. Школьная, 15).

Кошт: дарослыя – 20 руб., дзеці 7–18 гадоў – 10 руб., дзеці да 7 гадоў, інваліды 1-2-й груп, ветэраны ВАВ – бясплатна.

 

У снежаньскія і студзеньскія дні ў Дукорскі маёнтак вяртаюцца любімыя і доўгачаканыя героі Каляд: Каза, Чорт, Дзед і Баба.

Надышоў час збірання цукерак, але для гэтага спатрэбіцца прайсці шэраг традыцыйных выпрабаванняў і, вядома, патанчыць-паспяваць.

Таксама ў гэтыя дні наведвальнікаў чакаюць бясплатныя майстар-класы па саломапляценні і выцінанцы. Удзел уваходзіць у кошт білета.

Субота і аўторак: схадзіце з дзецьмі на калядную казку ў музей

30 снежня і 2 студзеня, 12:00 і 14:00.

Інтэрактыўны музей музыкі (Харужай, 1а).

Білеты: ад 25 руб.

 

Інтэрактыўны музей музыкі запрашае стаць героем самай каляднай казкі «Щелкунчик в мире музыки» – для дзяцей ад 3 да 8 гадоў.

Малыя змогуць акунуцца ў атмасферу зімовага свята і паслухаць добрую музычную казку з незвычайным гукавым суправаджэннем на музычных інструментах, а таксама прыняць удзел у творчым конкурсе, загадаць жаданне на каралеўскім троне, пачаставацца смачнымі ласункамі і атрымаць куфар з падарункамі!

Чакаюць хлопчыкаў і дзяўчынак, сняжынак і зайчыкаў, прынцэс і рыцараў – і іх бацькоў. Мерапрыемства праводзіцца ў малых групах да 7 дзяцей.

Усе выхадныя: пашукайце святочны настрой у музеі ёлачных цацак

Кожны дзень.

Нацыянальны гістарычны музей (К. Маркса, 12).

Білеты: дарослым – 11 руб., пенсіянерам, школьнікам, дзецям з 6 гадоў – 8 руб., дзецям да 6 гадоў – бясплатна.

На выставе прадстаўлена калекцыя ёлачных цацак з усяго свету, якая штогод папаўняецца новымі ўнікальнымі экспанатамі. У Музеі ёлачных цацак кожнае дзіця зможа перанесціся ў чароўную навагоднюю казку, а дарослыя – вярнуцца ў дзяцінства.

Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з традыцыйнымі зімовымі святамі Беларусі, унікальнымі абрадамі і навагоднімі батлеечнымі інтэрмедыямі. Экспазіцыя раскажа гісторыю вытворчасці шкляных шароў і іншых упрыгажэнняў з сярэдзіны XIX стагоддзя да нашых дзён. Тут можна будзе адначасова пабываць у розных кутках свету: Конга, Перу, Інданезіі, Новай Зеландыі і Паўночнай Карэі. Навагоднія цацкі савецкага перыяду, якія сталі блізкімі і роднымі некалькім пакаленням, раскажуць дзецям пра традыцыі навагодніх свят у часы СССР. Адзін з акцэнтаў праекта – мініяцюрнае інтэрактыўнае каляднае мястэчка.

Усе выхадныя: завітайце ў Lidbeer Dvor на фотазону ў стылі 90-х (і не толькі)

Да 14 студзеня.

Lidbeer Dvor (Кульман, 1/8).

Уваход: вольны.

Фуд-пляцоўка Lidbeer Dvor адкрыла зімовы сезон і запрашае на промасэты з аўтарскімі глінтвейнамі, вялікі калядны маркет ад рамеснікаў і фермераў, кросінг падарункаў, майстар-класы і іншае. Адна фотазона ў стылі 90-х чаго каштуе! Тут вам і ёлка з савецкімі цацкамі, і дыван на сцяне, і адпаведная мэбля.

А яшчэ на пляцоўцы можна прыгожа запакаваць падарункі і, як звычайна, падсілкавацца чым-небудзь смачным.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па садзе ліхтароў «Макра-мікра-мір»

Да 29 лютага.

Батанічны сад (вул. Сурганава, 4б).

Білеты: па буднях (акрамя панядзелка) і выхадных: поўны – 12/16 руб., льготны – 6/8 руб., дзецям да 3 гадоў, шматдзетным, інвалідам, удзельнікам ВАВ – бясплатна.

 

Кожны дзень з 18:00 да 22:00 у батанічным садзе заззяе таямнічымі агнямі сад ліхтароў «Макра-мікра-мір» – дзіўныя і вялізныя светлавыя фігуры насякомых, якія дазваляюць стаць меншым, каб убачыць большае. Тут пчаліны вулей дасягае памеру двухпавярховага будынка, а павук у тысячу разоў большы за рэальны памер!

У выхадныя і святочныя дні дадаткова праходзіць фаер-неон-шоу (у 21:00). Таксама з 18:00 да 22:00 вы можаце наведаць экспазіцыйную аранжарэю.

Усе выхадныя: паспрабуйце святочныя дэсерты ў мінскіх кавярнях

Любы дзень.

Розныя месцы.

Калі хочацца не толькі падняць сабе настрой, але і зрабіць прыгожыя святочныя фотакарткі для сацсетак, адпраўляцеся ў мінскія кавярні, кафе і рэстараны за цікавымі навагоднімі дэсертамі. Вось тут мы зрабілі падборку месцаў, дзе можна знайсці тэматычныя смакоцці: ад какавы з пернікавым чалавечкам да пірожных у выглядзе ёлачных цацак.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце на канцэрт Пукста і Агаяна

29 снежня, 19:00.

Scena Chmielna (Nowy Swiat, 27a).

Білеты: 50 зл. на ўваходзе.

 

У пятніцу самая няспетая зорка беларускага андэрграўнда Сяргей Пукст дае вялікі канцэрт разам з выбухованебяспечным Вовам Агаянам на ўдарных. Не пашкодзіць зарадзіцца перад Новым годам.

Пятніца: паслухайце акустычны канцэрт Алеся Дзянісава

29 снежня, 19:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (Dożynkowa, 6a).

Уваход: вольны (можна пакінуць данат).

«Беларускі моладзевы хаб» запрашае правесці апошнюю пятніцу года пад акорды беларускага музыканта Алеся Дзянісава. Музыка сыграе свае лепшыя хіты, а гледачы змогуць усе разам падпяваць. А можа, і патанчыць.

Нядзеля: адсвяткуйце Новы год сярод беларусаў

31 снежня, з 21:00.

Scena Chmielna (Nowy Swiat, 27a).

Білеты па папярэдняй рэзервацыі: 500 зл. (замаўляйце па нумары: 515 25 50 73).

Беларусаў Варшавы запрашаюць святкаваць Новы год па-беларуску. Прапануюць безлімітны бар і ежу ў фармаце шведскага стала. Таксама будзе вялікі канцэрт гурта «Красная зелень», ноч танцаў пад зорны кавер-бэнд музыкаў з гуртоў Volski, Brutto, «Ляпис Трубецкой», J:MОРС, «Крамбамбуля», Superbullz і музычныя сюрпрызы ад знакамітых гасцей з розных калектываў: Akute, Lear, Георгий Добро, Раман Арлоў і таемныя госці. Ну і караоке да самай раніцы (а можа, і болей). Вядоўца – Аляксандр Памідораў.

Нядзеля: правядзіце навагоднюю ноч у беларускім бары

31 снежня, з 21:00 да апошняга госця.

Beer Station Ursynów (аl. KEN, 47).

Уваход: ад 200 зл.

Beer Station прапануе святкаваць Новы год разам. Абяцаюць смачныя стравы, розныя алкагольныя напоі і, вядома ж, нечаканыя сюрпрызы і падарункі. Будзьце гатовы да актыўнага ўдзелу ў спаборніцка-забаўляльнай гульні «Успрыманне» і сустрэчы з таямнічым Богам Зімы, якога неабходна будзе залагодзіць пачастункамі, а таксама выканаць яго непрадказальныя заданні.

Усе выхадныя: завітайце на выставу акварэлі беларускай мастачкі

Усе выхадныя.

Кавярня Kult Kawy (Chmielna, 30).

Уваход: вольны.

У беларускай кавярні Kult Kawy праходзіць выстава акварэлі беларускай мастачкі Анастасіі Моўчан. Можна прыйсці паглядзець, а таксама замовіць на бары смачную каву ці калядныя стравы. Напрыклад, цяпер у меню вы знойдзеце салаты «Аліўе» і «Пад шубай». Іх можна зʼесці на месцы або забраць з сабой – і дома гатаваць не давядзецца.

ГДАНЬСК

Нядзеля: адсвяткуйце Новы год разам з беларусамі

Ноч з 31 снежня на 1 студзеня.

Zoe’s bistro (Stągiewna, 1a).

Беларусы Гданьска традыцыйна збіраюцца сустрэць Новы год разам і гуляць да самай раніцы. Удзельнікі будуць сумесна гатаваць навагоднія стравы, упрыгожваць ялінку, знаёміцца і весяліцца.

Абмеркаванне дэталей святкавання тут. Колькасць месцаў абмежавана.

 

ВІЛЬНЮС

Субота: пабывайце на канцэрце гусляра Алеся Чумакова і спявачкі Таццяны Ячнай

30 снежня, 18:00.

Дом легенд (Subačiaus g., 15/2).

Уваход: вольны (вітаюцца данаты на аплату дарогі музыкам).

З калядным канцэртам у Вільнюс едуць гусляр Алесь Чумакоў і спявачка Таццяна Ячная. Вы пачуеце калядныя і навагоднія песні з Англіі, Ірландыі, Шатландыі, Уэльса, Іспаніі, Італіі, Францыі, Даніі, Фінляндыі, Румыніі, Украіны, Беларусі, Латвіі, ЗША, Венесуэлы і, канешне ж, Польшчы.

Усе песні прагучаць на беларускай мове ў перакладах беларускіх паэтаў – пад акампанемент беларускіх гусляў.

Усе выхадныя: пакатайцеся на калядным цягніку (і не толькі)

Да 7 студзеня.

Каля Саборнай плошчы (Sventaragio, 2).

Кошт: 5 еўра, дзецям да 90 см – бясплатна.

Калядны цягнік запрашае малых і іх бацькоў у паўгадзінную паездку па напоўненым калядным духам Старым горадзе. Галоўны прыпынак, дзе трэба чакаць цягнік, – каля Саборнай плошчы. Рост дзяцей будзе вымярацца спецыяльным лічыльнікам «Гномы». Білеты можна набыць на прыпынку, адсканіраваўшы QR-код.

А калі палістаеце галерэю інстаграм-паста, знойдзеце і іншыя цікавыя мерапрыемствы на святы: напрыклад, можна зʼездзіць на лыжны курорт або схадзіць у музей цацак.

ДЛЯ ЎСІХ

Усе выхадныя: прыгатуйце сабе што-небудзь смачнае

Любы дзень.

Дома.

А хто сказаў, што гатаваць калядныя стравы можна толькі на Новы год? Глупства! Смачна есці і радаваць сябе трэба кожны дзень. Тым больш што мы ўжо ўсё прыдумалі за вас.

Напрыклад, тут знойдзеце 9 варыянтаў святочных салатаў, тут – 8 варыянтаў лёгкіх закусак. А вось тут мы расказвалі пра стравы з мяса і рыбы, якія абавязкова трэба паспрабаваць. Ну а калі ўсё ж такі задумваецеся, што прыгатаваць на навагодні стол, то вось тут забірайце гатовае меню.

Усе выхадныя: паглядзіце калядныя беларускія мульцікі

Любы дзень.

Дома.

Беларуская тэатральная школа Вільнюса падрыхтавала падборку беларускіх мульфільмаў для святочнага настрою. Таму заварвайце какаву, захутвайцеся ў плед, знаходьце мульцікі на YouTube – і правядзіце спакойны ўтульны вечар дома.

 

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться