Лекцыі, выставы, кіно, Дзень Волі, модная барахолка, начная вечарына – CityDog.io сабраў цікавыя мерапрыемствы выхадных, якія могуць вам спадабацца.
МІНСК
Пятніца: паслухайце лекцыю «Беларускі ландшафт»
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў куратар Міхаіл Мірошнікаў прачытае лекцыю «Беларускі ландшафт». Будуць размаўляць пра разнавіднасці і філасофію роднага ландшафту.
Краявіды, архітэктурныя матывы, святы і будні адлюстраваліся ў шматлікіх палотнах мастакоў, каштоўнасць твораў якіх з часам узрастае: сучасныя тэхналогіі і тыражнасць робяць прафесійны пейзаж дарагім рарытэтам.
Субота: паглядзіце кіно 1939 года
Праект Cinemascope запрашае паглядзець роўд-муві-кіно 1939 года «Дыліжанс». Трансляцыя будзе весціся на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.
Паўночная Амерыка, канец 19-га стагоддзя. З маленькага мястэчка пад назвай Тонта адпраўляецца дыліжанс. Пункт прызначэння – Нью-Мексіка. Кампанія падабралася больш чым пярэстая: п’яніца-доктар, які страціў ліцэнзію, баязлівы банкір, шулер, гандляр алкаголем, куртызанка і цяжарная жонка афіцэра. На чале дыліжанса – вярзіла-фурман і грубаваты прадстаўнік закона. Ужо ў дарозе да экіпажа прыбіўся каўбой-злачынца.
Экіпажу трэба будзе перасекчы арызонскія прэрыі, дзе поўна непрыязна настроеных індзейцаў. Ці дабяруцца героі да Нью-Мексіка ў поўным складзе?
Субота: патанцуйце да раніцы на вечарыне
23 сакавіка, 23:00.
«Цэх» (Машэрава, 11/2).
Білеты: ад 10 да 25 руб.
Нічога лішняга: любімая музыка, асляпляльнае святло, бляск дыскашара і нерэальная атмасфера. Для тых, каму трэба патанчыць.
Субота-нядзеля: абнавіце гардэроб на «Open Шкаф»
23-24 сакавіка, з 12:00 да 21:00.
Прастора «М11» (Машэрава, 11).
Уваход: вольны.
Па традыцыі вас чакаюць вінтаж, garage sale, дызайн, вініл, арт, музыка, модны паказ, майстар-класы да актыўнасці ад партнёраў. Хочацца схадзіць хаця б дзеля атмасферы.
Субота-нядзеля: запішыцеся на двухдзённую «ТэатраТэрапію»
23 і 24 сакавіка, 15:00.
РТБД (Крапоткіна, 44).
Удзел: 60 руб.
«ТэатраТэрапія» – гэта два дні, поўных унутраных лабараторый, практык і трансфармацый. Сустрэчы пройдуць пад тэмай «Адзінота – непераадольны разрыў паміж Я і Іншымі» з сумесным праглядам спектакля «Вечар».
Каб замовіць месца, неабходна прайсці невялікае сумоўе з куратаркай праекта Жаннай Гурынай. Пасля гэтага вы атрымаеце поўныя звесткі аб праграме і часе сустрэч.
Звяртайцеся па нумары +375 44 765 11 93 альбо ў інстаграм @gurina.coach.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Пагоркi i грудкi»
Да 16 красавіка.
Галерэя «Арт Фабрыка» (вул. Свярдлова, 2).
Уваход: 5 руб.
У сераду, 20 сакавіка, у галерэі «Арт Фабрыка» адкрылася выстава «Пагоркi i грудкi» – сапраўднае падарожжа па хвалістай паверхні часу і прасторы непадалёк ад старажытнага Лоска.
Некалькі аўтараў сустрэліся ў гэтым пейзажы і пражылі творчы час з летняй навальніцай, шпацырамі па ваколіцах, купаннямі ў бліскучай рэчцы, доўгімі размовамі, фатаграфічнымі эксперыментамі і народжанай ідэяй сумеснай працы, якая расцягнулася на некалькі месяцаў і пераўтварылася ў калектыўны праект-развагу над вечнымі філасофскімі пытаннямі.
Усе фотаздымкі надрукаваны ў тэхніцы цыянатыпіі літаральна на летнім сонцы ўдзельнікамі праекта.
Усе выхадныя: схадзіце на выставу Terragraphica: Sacrum
Да 21 красавіка.
Палац мастацтва (вул. Казлова, 3).
У Палацы мастацтва адкрылася выстава Terragraphica: Sacrum, якая ахоплівае шырокі пласт чалавечага ўяўлення аб уладкаванні Сусвету. Праз міфы, легенды, духоўныя практыкі і рэлігіі мы прыходзім да сакральнага сэнсу.
Сакральнае мастацтва – гэта не экзістэнцыяльная спрэчка аб паходжанні свету і сутнасці светабудовы, а хутчэй спроба канкрэтнага мастака даць адказ на вечныя пытанні пра прыроду дабра і зла, граху і дабрадзейнасці.
ВАРШАВА
Нядзеля: схадзіце за абноўкамі на маркет беларускіх рамеснікаў
24 сакавіка, з 11:00 да 19:00.
Scena Chmielna (Nowy Świat, 27a).
Уваход: вольны.
У нядзелю ў беларускім месцы Scena Chmielna пройдзе арт-маркет беларускіх рамеснікаў. Модна будзе набыць упрыгажэнні, свечкі, адзенне, прысмакі і іншыя рэчы, створаныя рукамі нашых майстроў. Завітвайце!
Нядзеля: адзначце Дзень Волі з суайчыннікамі
24 сакавіка, з 14:00 да 19:00.
Plac Trzech Krzyży – Plac Zamkowy.
Уваход: вольны.
У нядзелю беларусы Варшавы святкуюць Дзень Волі. Спачатку будзе мітынг з удзелам беларускіх, польскіх, украінскіх палітычных і грамадскіх дзеячаў. Пасля стартуе марш да помніка Мікалаю Каперніку – традыцыйнага месца правядзення штотыднёвых беларускіх акцый. Фінальным пунктам падзеі стане вялікі вечаровы канцэрт на Замкавай плошчы з удзелам вядомых беларускіх артыстаў.
Сярод музыкаў, якія прымуць удзел у святкаванні, – Dzieciuki, Піт Паўлаў, Atesta.
Нядзеля: схадзіце на вялікі канцэрт салідарнасці гурта N.R.M.
Гурт N.R.M. грае ў Варшаве вялікі канцэрт салідарнасці да Дня Волі. Салідарнасці з усімі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў краінах, дзе гэтыя асноўныя правы чалавека знішчаны.
Разам з N.R.M. у імпрэзе бярэ ўдзел яшчэ адзін беларускі рок-гурт, назва якога пакуль не раскрываецца. Да музыкаў далучыцца і вядомы польскі мастак і акцыяніст Павел Альтхамэр.
ВІЛЬНЮС
Пятніца: пабывайце на адкрыцці выставы Out(In)side беларускай мастачкі
CreateCulture Space запрашае на адкрыццё выставы Out(In)side беларускай мастачкі Ангеліны Блашчыцынай, пераможцы сумеснага з Chrysalis Mag OPEN CALL для мастакоў і мастачак з Беларусі.
Out(In)side – выстава-даследаванне ўнутранага і знешняга свету чалавека праз партрэты і акварэльныя ілюстрацыі мастачкі. Праз кожны слой заліўкі, кожнае перапляценне колераў мастачка расказвае гісторыю пра сустрэчу рэальнасці і міфа, а акварэль як матэрыял накіроўвае гледача даследаваць крохкасць і тонкасць уласнай існасці.
Нядзеля-панядзелак: адсвяткуйце Дзень Волі
24-25 сакавіка.
Розныя месцы.
Удзел: вольны.
Беларусы Вільнюса таксама збіраюцца разам, каб адсвяткаваць Дзень Волі. Запланаваны аўтапрабег, канцэрт з удзелам беларускіх музыкаў, святочны марш, круглы стол і іншае.
Падрабязны расклад і месцы правядзення мерапрыемстваў глядзіце тут.
БЕРЛІН
Субота: паглядзіце спектакль Юры Дзівакова Clausa Fores
23 сакавіка, 20:00.
ACUD Theater, Kunst- und Kulturhaus (Veteranenstraße, 21).
Уваход: па бясплатных білетах.
Прадзюсарская ініцыятыва INEX KULT прывозіць у Берлін спектакль Юры Дзівакова Clausa Fores у выкананні Аляксандра Казелы. Вы ўбачыце і, галоўнае, пачуеце з першых вуснаў музычную гісторыю падзення самотнага тырана.
Спектакль будзе ісці на італьянскай і нямецкай мовах.
Усе выхадныя: прыміце ўдзел у фестывалі Гётэ-Інстытута ў выгнанні
З 22 да 25 сакавіка.
ACUD Theater (Veteranenstraße, 21).
Уваход: на ўсе мерапрыемствы вольны.
З пятніцы, 22 сакавіка, Інстытут Гётэ ў выгнанні ладзіць у Берліне міждысцыплінарны фестываль, прысвечаны Беларусі. Фэст мае мэтай засяродзіць увагу на жыццяздольнасці і разнастайнасці беларускай культурнай сцэны ў Германіі і за яе межамі.
Падрабязную праграму, лакацыі ды спасылкі на рэгістрацыю (там, дзе яна патрэбна) глядзіце тут.