Куды пайсці ў выхадныя 20–22 кастрычніка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 20–22 кастрычніка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
У гэтыя выхадныя беларусы арганізуюць шмат цікавых мерапрыемстваў у розных гарадах і краінах свету – далучайцеся!

У гэтыя выхадныя беларусы арганізуюць шмат цікавых мерапрыемстваў у розных гарадах і краінах свету – далучайцеся!

МІНСК

Пятніца: схадзіце на ценявую імпрэзу Infinite Vibe

20 кастрычніка, з 18:00.

Бар «Манекі» (вул. Кастрычніцкая, 21).

Кошт: толькі вечарынка – ад 20 руб., з праграмай – ад 99 руб.

Вечарынка, якая дапаможа вам зрабіць першыя крокі ў пражыванне, усведамленне і прыняцце сваіх схаваных бакоў. Абяцаюць працаваць з усімі ўзроўнямі ўспрымання: ментальным, эмацыйным і фізічным.

У праграме, якая пачнецца з 18:00, – знаёмства з паняццем ценю і спосабамі яго трансфармацыі ў дары; інтэрактыўная лекцыя «Даведайся пра свой архетып тара»; тантрычная практыка Дасканаласці; практыка з дошкамі садху «Калідор кахання». З 23:00 – пачатак вечарыны. Dress code: freaky bohemian.

Пятніца: паглядзіце кіно 1970 года ў музеі

20 кастрычніка, 19:00.

Музей Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

«Трыстана» з Катрын Дэнёў – адзін з апошніх фільмаў ветэрана-сюррэаліста Луіса Бунюэля, які да самага канца сваёй кар’еры захоўваў і рэжысёрскую хватку, і непрадказальную фантазію, і анархісцкую злосць.

Але менавіта «Трыстана» выклікала ў момант свайго выхаду на экраны здзіўленне крытыкаў. Як так: перакананы сюррэаліст раптам звярнуўся да класічнай прозы «іспанскага Бальзака» Беніта Перэса Гальдоса і зняў фільм паводле яго рамана гэтак жа строга і як бы рэалістычна. Але сюррэаліст заўсёды сюррэаліст: рэалізм «Трыстаны» падманлівы...

Фільм будуць паказваць у Скульптурнай залі музея з выкарыстаннем бесправадных навушнікаў на мове арыгінала (іспанскі) з рускімі субтытрамі.

Субота: пабывайце на сямейнай імпрэзе «Хатні тэатр – тэорыя і рэальнасць»

21 кастрычніка, 12:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Білеты: дзіцячы – 20 руб., дарослы – 5 руб., другое дзіця – 15 руб., другі дарослы – бясплатна.

У музеі Якуба Коласа пройдзе імпрэза «Хатні тэатр – тэорыя і рэальнасць» ад сямейнага тэатра «Бусы».

Спачатку пакажуць хатні спектакль з дзецьмі «Эксперымент 3028» пра дзіўны выпадак у лабараторыі штучнага інтэлекту і наш чалавечы выбар. Пасля вас чакае займальная лекцыя па гісторыі хатняга тэатра: даведаецеся пра тэатры на стале, пад сталом, на паляне, у агародзе, у кватэры, палацы і замку. А на салодкае – майстэрня па стварэнні смешных хатніх робатаў.

Запіс па тэл.: +375 17 270 17 02.

Субота-нядзеля: завітайце на дабрачынную барахолку KaliLaska Market

21–29 кастрычніка.

Вул. Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

І зноў KaliLaska Market будзе праходзіць у новым фармаце: працаваць барахолка будзе не толькі на выхадных, але цэлы тыдзень. Абнаўляць асартымент абяцаюць кожны дзень, таму наведаць можна і не аднойчы.

У наступныя выхадныя – 28-29 кастрычніка – пройдзе фінальны распродаж: усе рэчы, якія застануцца, будуць аддаваць з 50%-най скідкай.

Нядзеля: паслухайце індыйскую музыку

22 кастрычніка, 19:00.

Прастора «Манахром» (вул. Кастрычніцкая, 16/3).

Уваход: free donation.

У Індыі існуе 72 асноўных класічных рагі і некалькі тысяч варыяцый. Традыцыя загадвае кожнай пары года і часу сутак сваю рагу. Гэта санскрыцкае слова літаральна азначае «запал, колер і прыхільнасць», нешта, што здольна «афарбаваць сэрцы людзей».

Вас будзе чакаць цудоўны вечар з выканаўцамі Ягорам Джэйгалам (флейта бансуры) і Юрыем Лебедзевым (табла).

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе пераможцаў «Восеньскага салона»

Да 5 лістапада.

Палац мастацтва – ZAL#2 (вул. Казлова, 3).

Уваход: 6 руб. – поўны, 3 руб. – льготны.

У чацвер, 19 кастрычніка, у Палацы мастацтва адкрываецца выстава пераможцаў «Восеньскага салон» Postscriptum XXXIII. Вас чакаюць творы 35 мастакоў, якіх наведвальнікі найбольш актыўна падтрымалі ў наступных намінацыях: жывапіс, графіка, скульптура, манументальнае і дэкаратыўнае мастацтва, інсталяцыя і фатаграфія.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу графікі гродзенскай мастачкі

З 20 кастрычніка па 19 лістапада.

Галерэя «ДК» (вул. Герцэна, 2а).

У пятніцу, 20 кастрычніка, у галерэі «ДК» адкрываецца выстава графікі гродзенскай мастачкі Валянціны Шобы «А гэта вінілы пра Лета».

Аўтарка нарадзілася разам з культурай хіпі і, калі дайшла да сталага ўзросту, прыйшла да ўсведамлення прывабнасці і правільнасці сузірання і адзіноты як асновы жыцця. І раптам з цэнтра яе жыцця забіў фантан з кветак і гукаў… Публіка кідае кветкі на сцэну ўспамінаў… І адкрыўся партал у той, іншы свет, і ўсё, што з’явілася са стану забыцця, прыйшло, каб здабыць абрысы, якія гучаць. Жыццё цыклічнае.

ВАРШАВА

Пятніца: схадзіце на адкрыццё выставы «Сукенкі за свабоду»

20 кастрычніка, 18:00.

Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Уваход: вольны.

 

Музей вольнай Беларусі запрашае на унікальную выставу Ганны Каран «Сукенкi за свабоду». Праект Ганны з’яўляецца асэнсаванай рэакцыяй на падзеі апошніх гадоў у Беларусі, звязаныя з пратэсным рухам як рэакцыяй на беззаконне і беспакаранасць дыктатарскага рэжыму. Ганна звяртаецца да выключна персанальных гісторый людзей і выкарыстоўвае іх асабістыя рэчы.

Удзельніцы праекта па просьбе мастачкі самі выбіралі сукенку. Каб далікатны тэкстыль не спарахнеў, Ганна пакрывае гэтыя сукенкі тоўстым слоем эпаксіду, ператвараючы кожную сукенку ў помнік. Аб’екты пачынаюць напаўняцца сэнсамі, калі Ганна выходзіць у поле, дзе «прымярае» на сукенкі жывыя кветкі і пры дапамозе фарбы фіксуе іх адбітак. Так унутры кожнай сукенкі Ганна кансервуе энергетыку чалавека і перажытых падзей.

Пятніца: паслухайце акустычны канцэрт Тацяны Грыневіч-Матафонавай

20 кастрычніка, 18:30.

«Беларускі дом» (ul. Kryniczna, 6).

Уваход: вольны.

Таццяна Грыневіч-Матафонава вяртаецца ў Варшаву з акустычным канцэртам. Будуць песні пад гітару і скрыпку, сумесныя тэрапеўтычныя спевы, танцы і шчырыя гутаркі.

Таццяна стаяла ля вытокаў аднаўлення беларускіх народных танцаў. Пра гэта, а таксама пра сваё цяперашняе жыццё ў Стамбуле яна раскажа падчас канцэрта.

Нядзеля: прагуляйцеся па самых знакамітых могілках Варшавы

22 кастрычніка, 14:00.

Kościół pw. św. Karola Boromeusza.

Кошт: 100 зл.

Калі пачаць пералічваць самыя багемныя месцы Варшавы, то, вядома, можна ўспомніць пляц Збавіцеля, вуліцу Познаньску або Саску Кемпу, але ўсе гэтыя месцы цьмянеюць у параўнанні з ім – самым старым некропалем Варшавы Павонзкамі. Тут адпачываюць вяршкі польскай інтэлігенцыі: уплывовыя палітыкі, таленавітыя мастакі і музыканты, рэжысёры і дзеячы літаратуры. І ўсё гэта – пад балдахінам дзіўнай архітэктуры склепаў і скульптур надмагілляў.

Праект Poznanska 24 запрашае паглыбіцца ў замагільны свет Варшавы і дакрануцца да інфернальнай гісторыі тых, каго з намі няма, але хто назірае за намі ўвесь час.

Нядзеля: схадзіце на экскурсію па Жалібожы

22 кастрычніка, 15:00.

Жалібож.

Кошт: 85 зл.

Праект So People запрашае на экскурсію з культурным аглядальнікам па адным з самых арыстакратычных раёнаў Варшавы – Жалібожы. Абяцаюць расказаць тое, пра што ведаюць толькі жыхары гэтых мясцін.

Нядзеля: пабывайце на групе псіхалагічнай дапамогі і падтрымкі

22 кастрычніка, 15:00.

Музей вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11).

Удзел: вольны (абавязковая анкета).

Беларусаў Варшавы, якія вымушана пакінулі краіну ў выніку палітычных рэпрэсій і гвалту, запрашаюць на бясплатную групу псіхалагічнай дапамогі. У праграме: псіхатэрапія траўмы і крызісных станаў; кансультатыўная псіхалагічная дапамога ўдзельнікам групы; псіхаасвета; групавая падтрымка і магчымасць пашырэння камунікацыі.

Групы будуць праходзіць афлайн 1 раз у 2 тыдні. Працягласць – 2 гадзіны.

ВРОЦЛАЎ

Пятніца: паслухайце новы альбом беларускага рэгі-гурта Botanic project

20 кастрычніка, 19:00.

Stary Klasztor – Sala Witrażowa (ul. Purkyniego, 1).

Білеты: 70 зл. на ўваходзе.

У пятніцу беларускі рэгі-гурт Botanic project прэзентуе ва Вроцлаве новы альбом «Музыка сфер». Абяцаюць канцэрт у найлепшых традыцыях рэгі, песні з новага альбома і вядомыя хіты. А яшчэ афтэпаці з гарачанькай электроннай музыкай і дзікімі танцамі ад PAPA BO SELEKTAH.

ГДАНЬСК

Субота: схадзіце на спеўны сход з Сержуком Доўгушавым

21 кастрычніка, 19:00.

Zoe’s Bistro (Stągiewna, 1a).

Білеты: ад 30 зл. (тут).

У Гданьску адбудзецца спеўны сход з Сержуком Доўгушавым. Будуць супольныя спевы, танцы, прэзентацыя спеўніка «Бяседныя песні» і нават застолле (калі пажадаеце). Адмысловая госця – Ірына Ляшкевіч з гурта Kaliažanki.

Білеты на выбар: 30 зл. (у такі білет уваходзіць спеўнік у падарунак ды Samahon Shot) або 65 зл. – з застоллем з ежай і напоямі і спеўнікам у падарунак.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: паслухайце або раскажыце пра свае правалы гэтага лета

20 кастрычніка, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: free donation.

Прастора CreateCulture Space запрашае на новую Ноч правалаў на тэму «Летнія гісторыі». Паўдзельнічаць можна як спікер або як слухач.

Калі ёсць што расказаць, запісвайцеся ў якасці выступоўца: трэба будзе падрыхтаваць выступ на 7 хвілін у стылі стэндап або TED Talk і па магчымасці зрабіць прэзентацыю ці паказаць відэа.

А калі хочацца проста прыйсці і паслухаць, то рэгіструйцеся ў якасці ўдзельніка і прыходзьце з добрым настроем.

Нядзеля: прыміце ўдзел у дабрачыннай гульні для ўсіх жадаючых

22 кастрычніка, 14:00.

Delfi Sports Center.

Умовы: donation ад 20€.

Беларусаў Вільнюса запрашаюць далучыцца да падтрымкі Украіны праз удзел у невялікім чэмпіянаце па бадмінтоне (узровень любы; калі няма ракеткі, можна арандаваць на месцы). За 3-е і 2-е месца абяцаюць маленькія прызы, а за 1-е – файную футболку са спецыяльна распрацаваным дызайнам.

БЕРЛІН

Нядзеля: паглядзіце фільм Motherland

22 кастрычніка, 20:15.

Kino Krokodil (Greifenhagener Str., 32).

Білеты: 8 еўра (тут).

У нядзелю ў Берліне яшчэ раз паказваюць дакументальны фільм Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча Motherland, у якім беларускія пратэсты разглядаюцца скрозь прызму сістэмнага гвалту ў беларускай арміі і – глыбей – у беларускім грамадстве.

МЮНХЕН

Нядзеля: купіце білет на канцэрт NAVIBAND

22 кастрычніка, 20:00.

BACKSTAGE CLUB (Reitknechtstraße, 6).

Білеты: 28 еўра (тут), дзецям да 10 гадоў – бясплатна.

У нядзелю пашанцуе беларусам Мюнхена – туды з канцэртам едзе гурт NAVIBAND. Будуць любімыя песні, поўны гук і «свая» атмасфера. Не прапусціце!

 

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться