Засталося не так шмат лета – наступныя выхадныя ўжо будуць апошнімі. Таму паспейце зрабіць тое, што яшчэ не паспелі: напрыклад, патанцуйце да самай раніцы, абнавіце гардэроб на моднай барахолцы або правядзіце дзень з сямʼёй.
МІНСК
Пятніца–нядзеля: абнавіце гардэроб на «Open Шафе»
18–20 жніўня, з 12:00 да 21:00.
Дворык LidBeer (вул. Кульман, 1/2).
Уваход: вольны.
Чарговая «Open Шафа» будзе праходзіць на працягу трох дзён. Вас запрашаюць купляць крутыя рэчы, дзяліцца эмоцыямі, атрымліваць асалоду ад зносін, слухаць музыку, смачна есці і цешыцца добрым надвор’ем.
Таксама будуць майстар-класы па калажах і стварэнні масак, лекцыі ды модныя паказы.
Пятніца: паслухайце мелодыі адыходзячага лета
Музычная гасцёўня Adagiо запрашае на начны канцэрт «Мелодыі адыходзячага лета». Тут вы пачуеце фартэпіянныя пераклады трэкаў да вядомых кінафільмаў, а таксама глыбокую атмасферную аўтарскую музыку, здольную абудзіць уяўленне і прадставіць у думках сваю ўласную кінагісторыю.
Аўтар праграмы – піяніст і кампазітар Філіп Шпартаў. У залі ўсяго 30 месцаў.
Пятніца: схадзіце на вечарыну «Апошняя змена»
Едзем у «летні лагер» на вечарыну? Там будзе вялікі рух! Самыя любімыя танцавальныя сучасныя трэкі + класіка танцаў: Брытні Спірс і Максім, медлякі, белыя танцы, важатыя, бранзалеты для пацалункаў, заданні і прызы – гэта ўсё падрыхтавана для апошняй змены!
Субота-нядзеля: правядзіце дзень на сямейным фестывалі
19-20 жніўня.
Батанічны сад.
Кошт: дзецям да 12 – бясплатна, дзецям 13–17 гадоў – 10 руб., дарослым – 20 руб., семʼям (мама, папа, дзеці да 12 гадоў) – 35 руб.
У суботу і нядзелю ў батанічным садзе будзе праходзіць чарговы сямейны фестываль «Букідс. Прафесіі». Можна будзе і адпачыць, і ў розных актыўнасцях паўдзельнічаць. А дзеці змогуць прымерыць на сябе розныя прафесіі і нават атрымаць першы «заробак».
Білеты можна купіць загадзя анлайн або на месцы ў касах.
Субота: схадзіце на вялікі стэндап-канцэрт
19 жніўня, 19:00 і 23:00.
Бар StandUp (Партызанскі пр-т, 12).
Кошт: столік на аднаго – 27 руб., на дваіх – 54 руб., на траіх – 81 руб., на чацвярых – 108 руб. (тут).
Арганізатары кажуць, што вас чакае 1,5 гадзіны якаснага гумару ад розных комікаў – без паўтораў! А яшчэ для зручнасці адбудуцца адразу два выступы, таму дакладна можна будзе паспець (і месцаў таксама ўсім хопіць!).
Субота: правесяліцеся ўсю ноч на Мінскім моры
У суботу адбудзецца апошні open air гэтага лета на Мінскім моры – не прапусціце. Арганізатары абяцаюць незабыўную атмасферу, лепшыя кактэйлі і топавых дыджэяў горада М. І ўсё гэта – на двух танцполах: R&B|POP-хіты 2000-х і бясконцыя біты DEEP HOUSE|DISCO|INDIE DANCE.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па адной з новых выстаў (або па усіх)
З 17 жніўня.
Розныя галерэі.
У чацвер, 17 жніўня, у Мінску адкрываецца адразу некалькі выстаў. Вось якія:
- У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (пр-т Незалежнасці, 47) – выстава жывапісу і графікі Грэгара Данэляна «Да Бясконцасці…». У экспазіцыі – творы з 1991 па 2020 гг. з калекцыі сям’і мастака, а таксама з прыватных калекцый. Да 17 верасня.
- У галерэі «Універсітэт культуры» (Кастрычніцкая пл., 1) – выстава Ягора Арцюхова «Арт-Фокус». У экспазіцыю ўвайшлі творы апошніх 4 гадоў. Уваход вольны. Выстава працуе да 6 верасня.
- У «Арт-Фабрыцы» (вул. Свярдлова, 2) – новая выстава Ганны Мельнікавай «Калідор зацьменняў». Уваход – па квітку ў галерэю. Да 20 верасня.
ВАРШАВА
Пятніца: паслухайце лекцыю пра тое, навошта нам патрэбна мастацтва
19 жніўня, 19:20.
Месца паведамяць удзельнікам.
Кошт: 140 зл.
Мастацтва – адна з самых загадкавых форм дзейнасці чалавека на працягу сотняў тысяч гадоў. Здавалася б, мы даўно разгадалі многія таямніцы светабудовы, аднак спазнаць мастацтва, ацаніць яго ўплыў на жыццё чалавека да гэтага часу ў поўнай меры не ўдалося.
Стаць крыху бліжэй да прыгажосці і знайсці адказы на некаторыя пытанні можна будзе на лекцыі мастацтвазнаўцы, куратара выставачных праектаў Дзмітрыя Салодкага.
Субота: схадзіце з дзецьмі на беларускамоўны дзіцячы спектакль
У суботу беларускі «Тэатр_безназвы» разам з тэатральнай ініцыятывай «Дзея другая» ладзіць прэм’еру дзіцячага лялечнага спектакліка «Угу! Навіны лесу» на беларускай мове. У цэнтры спектакля – інакшасць і непаразуменне. Пугач і Вавёрка паспрабуюць разабрацца!
Вас чакае ўтульная гісторыя пра тое, як пераадольваць складаныя сітуацыі і спрабаваць сябраваць з тымі, хто лічыць цябе ворагам.
Субота: схадзіце на канцэрт гурта «Няміга»
19 жніўня, 19:00.
Beer Station (ul. Lwowska, 17).
Уваход: donation ад 20 зл.
У суботу індзі-фольк гурт «Няміга» запрашае на ўтульны канцэрт, які пройдзе ў беларускім піўным бары Beer Station. Можна будзе і музыку паслухаць, і смачнымі напоямі пачаставацца. А можа, і дранікамі са смятанкай.
Субота: паслухайце беларускамоўны стэндап
У суботу ў Варшаве пройдзе свежанькі беларускамоўны стэндап ад суполкі PanStandup. Выступаць будуць Ягор Анісімаў, Антон Дзюбайла, Дзіма Нарышкін і Паша Радзевіч. Паспейце набыць білеты!
Субота: адсвяткуйце дзень нараджэння Юрыя Стыльскага
У суботу гурт «Дай дарогу» і асабіста Юры Стыльскі з нагоды свайго дня нараджэння грае вялікі электрычны канцэрт у Варшаве. Дадаткова абяцаюць зорных гасцей (але хто будзе – пакуль сакрэт).
ВІЛЬНЮС
Пятніца: схадзіце на прэзентацыю кнігі Алеся Аркуша «Тастамент Рагвалода»
18 жніўня, 18:00.
Гасцёўня Беларускай рады культуры (Šv. Ignoto g., 5).
Уваход: вольны.
У пятніцу Беларуская рада культуры ладзіць прэзентацыю кнігі Алеся Аркуша «Тастамент Рагвалода». Сабраныя пад адной вокладкай, два невялікія раманы «Захоп Беларусі марсіянамі» і «Сядзіба» ды апавяданне, якое дало назву кнізе, утвараюць адзіны тэкст пра Полацк.
На прэзентацыі можна будзе паслухаць прозу і вершы Алеся Аркуша, пагутарыць пра Полацк і разгадаць загадкі беларускай гісторыі. А таксама набыць кнігі і атрымаць аўтограф аўтара.
БЕРЛІН
Субота: завітайце на вечарыну арт-праекта Revolution
Калі жывяце ў Берліне альбо будзеце там на выхадных, завітайце на вечарыну арт-праекта Revolution. У праграме: 19:00–21:00 – паказ фільмаў і эксперыментальны сэт ад дыджэя Yelizar; 21:00–22:00 – дыджэй сэт ад Yelizar і Madmaper.
На выставе таксама можна ўбачыць інсталяцыю беларускіх мастакоў Лесі Пчолкі і Уладзіміра Грамовіча «Праз Закон» (2022–2023). Адмысловы госць – музыка і дыджэй LEO K.