Куды пайсці ў выхадныя 13–15 кастрычніка ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе

Куды пайсці ў выхадныя 13–15 кастрычніка ў Мінску, Варшаве і Вільнюсе
У гэтыя выхадныя будзе столькі цікавых мерапрыемстваў, што нават не ведаем, яе на ўсё паспець! А вам што больш падабаецца?

У гэтыя выхадныя будзе столькі цікавых мерапрыемстваў, што нават не ведаем, яе на ўсё паспець! А вам што больш падабаецца?

Выбірайце сабе справу:

МІНСК

Пятніца–нядзеля: зʼездзіце ў Новую Баравую на адкрыццё цэнтральнай плошчы

13 кастрычніка, 15:00–21:00; 14-15 кастрычніка, 12:00–21:00.

Новая Баравая (вул. Міхайла Міля, 2).

Уваход: вольны.

У гэтыя выхадныя ў Новай Баравой пройдзе адкрыццё Цэнтральнай плошчы. Мерапрыемства запланавана ў фармаце гарадской ярмаркі з фуд-тракамі, маркетам рамеснікаў, гасцявой зонай з утульнай мэбляй, вулічным кінатэатрам, музычным квізам, танцамі, дзіцячай зонай і іншымі актыўнасцямі.

Арганізатары кажуць, што ўпершыню ў Мінску мерапрыемства такога маштабу адбудзецца не ў цэнтры горада, а ў спальным раёне. Варта наведаць!

Пятніца: паспейце на выставу «Космас Язэпа Драздовіча»

Да 13 кастрычніка.

Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20).

Усяго тыдзень – з 5 да 13 кастрычніка – у Мастацкім музеі працуе выстава «Космас Язэпа Драздовіча», прысвечаная 135-годдзю мастака.

На экспазіцыі можна пабачыць творы з калекцыі аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Таксама ёсць карціны са знакамітых «касмічных серый» і творы, дзе мастак праявіў свой талент партрэтыста. Частка прац прадстаўлена гледачам упершыню.

Субота: адзначце Дзень маці на каляровай дыскатэцы на катку

14 кастрычніка.

«Чыжоўка-Арэна» (вул. Ташкенцкая, 19).

Кошт: каток – 11 руб., арэнда канькоў – 4 руб. (расклад сеансаў глядзіце тут).

«Чыжоўка-Арэна» запрашае адзначыць Дзень маці ў цёплай святочнай атмасферы на тэматычнай «Каляровай дыскатэцы». Гасцей будуць радаваць папулярныя хіты ад DJ DoubleTasty, вясёлыя конкурсы і розыгрыш прызоў, вядучы, святламузыка і лазерныя спецэфекты, а таксама шмат рознакаляровых шароў і бар з напоямі і выпечкай.

Субота: паслухайце рок-класіку па-беларуску пад сапраўдныя гуслі

14 кастрычніка, 15:00.

Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5).

Кошт: 15 руб. (заказаць можна па тэл.: +375 17 270 17 02)

Гусляр Алесь Чумакоў будзе граць у музеі Якуба Коласа канцэрт да Дня маці «Мама, белая галубушка...». Вас чакае рок-класіка па-беларуску пад сапраўдныя гуслі.

На канцэрце прагучаць песні Булата Акуджавы ў перакладзе на беларускую мову, а таксама песня-віншаванне матулям у гонар свята. А яшчэ падчас сустрэчы музыка раскажа пра гісторыю гусляў ды адкажа на вашы пытаннечкі.

Субота: схадзіце на майстар-клас па бачаце

14 кастрычніка, 19:00.

Былы клуб Dozari (пр-т Незалежнасці, 58/1).

Удзел: вольны (рэгістрацыя праз дырэкт).

Школа танцаў Kredo запрашае на майстар-клас па бачаце – тых, хто зусім не танцаваў або мае невялікі досвед. Падчас занятку вы асвоіце базавыя крокі і павароты, даведаецеся пра вядзенне і ўзаемадзеянне ў пары, пазнаёміцеся з цікавымі хлопцамі і дзяўчатамі і добра пабавіце час.

Запісацца на майстар-клас можна праз дырэкт або па тэл.: +375 29 665 73 36.

Субота-нядзеля: паспрабуйце цытрусавыя ў батанічным садзе

14-15 кастрычніка.

Батанічны сад.

Уваход: поўны – 10 руб., ільготны – 5 руб.; наведванне ліманарыя і практыкум – яшчэ па 5 руб.

Батанічны сад запрашае на «Цытрусавы бум». Можна будзе наведаць унікальную аранжарэю, даведацца пра карысныя якасці трапічнай садавіны і паслухаць пра звычаі, звязаныя з пладамі ў розных краінах.

А яшчэ можна будзе прыняць удзел у творчым практыкуме і навучыцца роспісу драўляных нарыхтовак акрылавымі фарбамі – а потым забраць свой выраб дамоў. Ну і, канешне, пакаштаваць лімоны з мясцовага ліманарыя.

Субота-нядзеля: знайдзіце што-небудзь цікавае на вінтажным маркеце

14-15 кастрычніка, 12:00–21:00.

Антыкварная галерэя «Камок» (вул. Дразда, 25а).

Уваход: вольны.

У суботу і нядзелю ў антыкварнай галерэі «Камок» будзе праходзіць вінтажны маркет. Вас будуць чакаць велізарны ангар з антыкварнай мэбляй у цэнтры Мінска, адзенне і аксесуары, посуд, святло і вініл. Завітвайце!

Нядзеля: пабывайце на цікавай выставе-кватэрніку

15 кастрычніка, 18:00.

Flame Place (пр-т Машэрава, 9/8).

Білеты: ад 15 руб.

У гэту нядзелю Flame Place запрашае на надзвычай займальны творчы вечар – выставу-кватэрнік. Вас чакае выступленне трох музычных гуртоў, магчымасць пазнаёміцца з працамі сучасных беларускіх фатографаў і мастакоў, даведацца пра іх станаўленне, творчы шлях і ўнутраны свет, а таксама сюрпрыз – дакладней, сапраўднае шоу ад перформінг-гурта.

ВАРШАВА

Пятніца: даведайцеся пра малавядомыя творы славутага Янкі Купалы

13 кастрычніка, 18:30.

«Беларускі дом» (ul. Kryniczna, 6).

Удзел: вольны.

 

Падчас музычна-літаратурнай лекцыі вы пачуеце невялікія фрагменты паэм «Забытая скрыпка», «У Купальскую ноч», «На Куццю», «На папасе». Гэтыя творы з прычыны цэнзуры ў часы савецкай акупацыі не друкаваліся ці замоўчваліся і па сённяшні дзень малавядомыя, паколькі рэжым у Беларусі працягвае тую ж палітыку ў галіне культуры.

А яшчэ пачуеце гісторыю стварэння рок-оперы Лучанка-Мулявіна «Гусляр», музычныя фрагменты асноўных тэм оперы і каментарыі да іх.

Пятніца: паглядзіце кіно з культурным аглядальнікам

13 кастрычніка, 19:00.

Manhattan Studio (ul. Brzeska, 24C/201).

Кошт: 90 зл.

Суполка So Рeople запрашае глядзець фільм польскага рэжысёра Ежы Кавалеравіча «Маці Іаана ад анёлаў». Кіно пра няволю і забароны, якія гнятуць чалавека. Масавае грэхападзенне. Канфлікт кахання і веры. Рэлігійны «фільм жахаў» (але зусім не страшны), які атрымаў залатую пальмавую галіну на Канскім кінафестывалі.

А культурны аглядальнік раскажа, ці заснаваны фільм на рэальных падзеях ці гэта выдумка аўтара, чаму чорна-белыя фільмы да гэтага часу прыцягваюць увагу гледача, пра рэлігійны бок фільма (ці яго адсутнасць) і іншае.

Субота: паслухайце лекцыю пра ChatGPT для творчых профіляў у Instagram

14 кастрычніка, 14:00.

Беларускі моладзевы хаб (Dożynkowa, 6A).

Рэгістрацыя: праз дырэкт.

На лекцыі Марыя, стваральніца клубa Craft Hand Lab, раскажа, што такое ChatGPT і як ён працуе, як выкарыстоўваць GPT для стварэння тэкстаў, апісанняў і ідэй для вашых вырабаў, а таксама дасць практычныя саветы і прыклады выкарыстоўвання GPT у творчай дзейнасці.

Карысна будзе паслухаць тым, хто хоча павялічыць эфектыўнасць і эканоміць час на стварэнні кантэнту, шукае ідэі і натхненне для новых праектаў.

Нядзеля: даведайцеся пра гісторыю чорнага колеру

15 кастрычніка, 14:00.

Прастора Twoj Wychad (ul. Aleja 3 maja, 14).

Кошт: 100 зл.

З чым асацыюецца ў вас чорны колер? Уэнздэй Адамс, маленькая чорная сукенка Шанэль, жалоба, смерць, бясконцы сусвет, чорная котка, што перайшла дарогу, анархія ці вулканічныя пляжы Ісландыі? Цемра нас палохае ці, наадварот, вабіць? І галоўнае – чаму? У які момант мы вырашылі, што ад цёмных карцін зыходзіць «дрэнная энергетыка» і што пара спаліць усіх, у каго валасы на пару тонаў цямней? Калі чорны перастаў лічыцца колерам? А калі перажываў свой трыумф? Як гэта ўсё зафіксавалася ў мове? Што важней – колер ці тэкстура?

Нішто не ўзнікае ў нашай свядомасці з ніадкуль, кожная думка і асацыяцыя была клапатліва змешчана туды навакольным светам ва ўсёй яго разнастайнасці. Як рэлігія, соцыум, інстынкты і навука сфарміравалі наша ўяўленне пра чорны колер і як яно мянялася на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, раскажа Юлія Стратовіч.

Нядзеля: схадзіце на нефармальны выбарчы вечар у «Беларускім доме»

15 кастрычніка, 19:00.

«Беларускі дом» (ul. Kryniczna, 6).

Уваход: вольны.

Ужо ў гэту нядзелю ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары, а «Беларускі дом» запрашае на свой нефармальны выбарчы вечар.

Спікеры будуць разглядаць і аналізаваць, як адбываюцца дэмакратычныя выбары, абвесцяць вынікі першых экзіт-полаў. А яшчэ вы зможаце далучыцца да дыскусіі наконт таго, што будзе азначаць той ці іншы выбар палякаў для знешняй палітыкі Польшчы адносна Беларусі.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: пабывайце на аўтарскім вечары Змітра Бартосіка

13 кастрычніка, 20:00.

«Дом легенд» (Subačiaus g., 15/2).

Уваход: вольны (данаты вітаюцца).

На вечар пятніцы нічога не плануйце, бо час ісці на аўтарскі вечар барда Змітра Бартосіка «Смяяцца, плакаць і спяваць».

Спадар Зміцер абяцае вясёлы шансон 90-х гадоў, а таксама віленскія балады, чытанне непрыдуманых анекдотаў з жыцця і песні Аляксандра Вярцінскага, Булата Акуджавы і Уладзіміра Высоцкага ў перакладах Рыгора Барадуліна.

Субота: правядзіце вечар за праглядам ізраільскага кароткага кіно

14 кастрычніка, 17:00–20:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Рэгістрацыя: праз асабістыя паведамленні.

Зазірніце ў гісторыю з дапамогай кароткаметражнага ізраільскага кіно, прысвечанага араба-ізраільскаму канфлікту. Гэтыя фільмы раскажуць пра жыццё ва ўмовах канфлікту і войнаў, пра лёсы людзей, якія трапілі ў гэтыя цяжкія часы. Арыгінальныя дыялогі з англійскімі субцітрамі паглыбяць вас у атмасферу Ізраіля і пакажуць розныя грані гэтага складанага перыяду.

Перад паказам фільмаў Таня (арганізатарка прасторы) правядзе кароткую лекцыю па гісторыі Ізраіля ў кантэксце ваенных падзей. А пасля прагляду ўсе будуць запрошаны да абмеркавання і разважанняў.

Нядзеля: паўдзельнічайце ў шведскім гуртку ArtFlex

15 кастрычніка, 18:00.

Прастора АБФ (Teatro g., 3).

Удзел: вольны.

Тэма: прыгажосць Амерыкі ў працах Эндру Уайета. На гуртку вы зможаце пазнаёміцца з працамі мастачак і абмеркаваць іх, расслабіцца і папрацаваць з целам і думкамі з дапамогай практык Easy mind, а таксама пазнаёміцца адзін з адным.

Таксама на сустрэчы вы даведаецеся пра методыку шведскіх гурткоў, як вучыцца самім і навучаць іншых, дзелячыся сваімі ведамі і вопытам.

 

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться