Вы яшчэ, можа, і не ведаеце, але вас чакаюць гарачыя выхадныя. Сабралі самыя яркія і цікавыя івенты бліжэйшых дзён – выбірайце.
МІНСК
Субота: паглядзіце французскі фільм з летнім настроем
«Бывай, Філіпіна» – апошні фільм з серыі «Лета ў “Манахроме”» ад Cinemascope. Гэта гісторыя пра Мішэля, маладога тэхніка, які працуе на тэлебачанні: праз два месяцы, у разгар Алжырскай вайны, яму трэба сысці на ваенную службу. Але перад гэтым ён знаёміцца з дзвюма сяброўкамі, Жульет і Ліліян.
Мішэль запрашае іх на здымачную пляцоўку паглядзець запіс, а потым прызначае ім спатканні – паасобку і разам. Калі Мішэль перад самым прызывам адпраўляецца на выхадныя на Корсіку, дзяўчыны едуць за ім.
Субота: вярніцеся ў эпоху 1980-х
12 жніўня, 23:00.
Сацыяльны клуб «Пралетарыят» (Кальварыйская, 21/1).
Білеты: ад 10 руб.
Вас запрашаюць на адну ноч апынуцца ў мінулым: з дыска-шарамі, густым дымам і музыкай эпохі 70–80х гадоў. А калі вы яшчэ і апранецеся адпаведна – увогуле агонь будзе.
Субота: патаньчыце пад хіты 2000-х
12 жніўня, 23:59.
Прастора «М11» (пр-т Машэрава, 11).
Білеты: 20–30 руб.
Рыхтуйце яркі мэйк, самы гламурны вобраз і выдатны настрой – вас чакае вечарына Tonight. Усю ноч лепшыя дыджэі і хіты 2000-х, фатазоны і дэкарацыі, хуткія спатканні, makeup-зона, розныя актыўнасці і іншае.
Субота-нядзеля: адпачніце на фестывалі самаразвіцця
і здаровага ладу жыцця
12-13 жніўня.
Батанічны сад.
Білеты: 15 руб
На фестывалі самаразвіцця і здаровага ладу жыцця MY WAY вас чакае сапраўды шмат актыўнасцей і цікавых лакацый.
Напрыклад, будзе зона ёгі, дзе кожны зможа паспрабаваць папрактыкавацца і пагутарыць з прафесіяналамі ў гэтай вобласці; лакацыя «Лекторый», дзе выступяць спікеры ў галіне медыцыны, а таксама зоны ментальнага здароўя, медытацыі, спорту, маркет і іншыя. Здаецца, гэта будуць два насычаныя і цікавыя дні.
Нядзеля: правядзіце культурны вечар у «Вершах»
13 ліпеня, 19:00.
Прастора «Вершы» (вул. Кастрычніцкая, 19).
Кошт: donation ад 5 руб.
Вечар будзе насычаны: спачатку лекцыя ад мастачкі Веранікі Ракашэвіч «Чаму калякі-малякі – гэта мастацтва», а потым сустрэча з дызайнерам Hugmun. Ідэальна перад працоўным тыднем.
Усе выхадныя: паглядзіце карціны на выставе «Пад знакам бясконцасці»
Да 9 верасня.
Мастацкі музей, выставачны корпус (вул. К. Маркса, 24).
Уваход: 8 руб.
У Мастацкім музеі зараз працуе выстава Уладзіміра Пракапцова «Пад знакам бясконцасці», у якой сабрана больш за 35 карцін аўтара. Творчасць мастака адрозніваецца арыгінальным пазнавальным стылем, глыбокім філасофскім зместам і любоўю да сваёй зямлі і сваіх бацькоў. Сярод прадстаўленых палотнаў, пачынаючы з васьмідзясятых гадоў ХХ стагоддзя, – і пейзажы, і нацюрморты, і партрэты. І нават ёсць карціны, якія былі напісаны падчас мастацкіх акцый у Віцебску.
ВАРШАВА
Субота: паглядіце беларускія казкі на стужках
Праект «Дыяфільм live» запрашае беларусаў Варшавы на прагляд старых дыяфільмаў – цёплых і лямпавых, але на вялікім экране, у аўтарскай інтэрпрэтацыі, з жывой музыкай і ў аўтарскай агучцы.
У праграме казкі і вершы Надзеі Ясмінскай, Вольгі Гапеевай, Андрэя Скурко і іншых аўтараў.
Субота: завітайце на электрычны канцэрт гурта «Бяз Назвы»
«Бяз Назвы» – беларускі рок-гурт, які быў застанавы яшчэ ў 1999 годзе ў Бярозе (Брэсцкая вобласць). Лідар гурта Алесь Лютыч і каманда будуць выконваць трэкі, пад якія вы проста не зможаце таксама не заспяваць. Карацей, арганізатары абяцаюць, што будзе горача ды па-беларуску (ну, альбо горача па-беларуску).
Нядзеля: пабывайце разам з дзеткамі на сустрэчы з Аляксандрам Ждановічам
Вядомы беларускі акцёр Аляксандр Ждановіч (ён жа Маляваныч) запрашае маленькіх беларусаў ад 5 гадкоў на творчую сустрэчу ў Варшаве. Дзетак чакае сустрэча з артыстам ва ўтульным дворыку з тэатральнымі гульнямі, чытанкамі казак і сапраўднай беларускай батлейкай.
Нядзеля: паслухайце лекцыю пра рэжысёра Джыма Джармуша
У гэты дзень будзе магчымасць пазнаёміцца бліжэй з вядомым рэжысёрам і галоўным прадстаўніком амерыканскага незалежнага кінематографа Джымам Джармушам. Лекцыю прачытае рэжысёрка Даша Брыян, якая раскажа пра творчы шлях Джыма, пра тое, як ён выбудоўвае свае кінастужкі і чаму Парыж
і Эндзі Уорхал займаюць асобнае месца ў яго сэрцы. Ну, і яшчэ лектарка запросіць вас на некалькі кубачкаў кавы, каб абмеркаваць фільм «Кава і цыгарэты».
ВІЛЬНЮС
Субота: адзначце Міжнародны дзень моладзі на кірмашы RADA Market
12 жніўня, 12:00.
Teatras Vilniaus klasika (Vytenio g., 6).
Уваход: вольны.
RADA Market – кірмаш беларускіх арганізацый і ініцыятыў, рамеснікаў і рамесніц, дзе кожны ахвочы можа атрымаць новыя веды, зарад энергіі і натхнення. Беларусаў Вільнюса запрашаюць пазнаёміцца з беларускімі арганізацыямі і ініцыятывамі, паслухаць пра іх дзейнасць, паўдзельнічаць у інтэрактывах, а таксама набыць прадукцыю беларускіх рамеснікаў і рамесніц.
Прыходзіць можна ўсёй сям’ёй: на кірмашы будуць розныя актыўнасці і пляцоўка для дзяцей. Таксама ўсе жадаючыя могуць паўдзельнічаць у майстар-класах па маляванні паштовак, у арт-гуртку мікразінаў, сшыць ляльку і іншае.
Субота: завітайце на вялікі беларускі фем-стэндап
12 жніўня, 18:00.
Teatras Vilniaus klasika (Vytenio g., 6).
Уваход: donation.
Вас чакаюць шэсць стэндаперак з Літвы, Польшчы і Беларусі: кожная ўдзельніца яскравая і ўнікальная, таму чакайце гісторыі пра што заўгодна – ад пераездаў і жыцця ў Беларусі да веганства і няўдалых спатканняў. Рэгістрацыя не патрэбна: наўпрост завітвайце, месца хопіць усім.
Сабраныя з івента сродкі пойдуць на развіццё фем-стэндап-клуба імя Зоські Верас: ганарары выступоўцам і лектаркам адукацыйных мерапрыемстваў, мантаж і здымка канцэртаў, арэнда абсталявання і памяшканняў і іншае.