Куды пайсці ў выхадныя 10–12 лютага ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Берліне і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 10–12 лютага ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Берліне і іншых гарадах, дзе жывуць бел...
Сабралі для вас клёвыя мерапрыемствы ў розных гарадах: выбірайце сваю лакацыю і плануйце цікавы ўікенд.

Сабралі для вас клёвыя мерапрыемствы ў розных гарадах: выбірайце сваю лакацыю і плануйце цікавы ўікенд.

МІНСК

Чацвер–нядзеля: абнавіце гардэроб на маркеце KaliLaska

9–12 лютага.

Кальварыйская, 33/4.

Уваход: вольны.

Цэлых 4 дні ў вас будзе на тое, каб прагуляцца па маркеце KaliLaska і абнавіць свой гардэроб да новага сезона. Арганізатары абяцаюць свежую порцыю шыкоўнага вінтажу, модных рэчаў і аксесуараў.

Субота: навучыцеся традыцыйнай беларускай вышыўцы

11 лютага.

Кнігарня-кавярня «Маркс» (вул. К. Маркса, 11).

Удзел: 30 руб.

Праект «Этыка» зноў ладзіць утульны майстар-клас па традыцыйнай вышыўцы, які так палюбіўся мінчанам і мінчанкам. Вышываць будуць роднае і блізкае сэрцу. Кожная схема, якую можна будзе выбраць самастойна, – гэта фрагмент узору з нацыянальнага касцюма. У выніку ў вас атрымаецца вось такі, як на фотаздымку, узор-абярэг.

Каб паўдзельнічаць, можна запісацца ў дырэкт праекта. Колькасць месцаў абмежавана.

Усе выхадныя: пачастуйцеся кавай і смакоццем на чарговым Gastrofest


Па 19 лютага.

Кавярні Мінска, Гродна, Гомеля, Брэста і Віцебска

Кошт: 10 руб. за сэт (у рэгіёнах – 9 руб.).

Па 19 лютага ў Мінску, Гродна, Гомелі, Брэсце і Віцебску праходзіць Gastrofest.Coffee. Па традыцыі кавярні-ўдзельніцы прапануюць спецыяльныя сэты з кавы і дэсерту, якія не пакаштуеш у іншыя дні. Падрябязней пра сэты ў Мінску мы расказвалі тут.

Усе выхадныя: пагуляйце ў настолкі ў музеі

Па 28 лютага.

Дом-музей I з’езду РСДРП (Незалежнасці, 31а).

Уваход: поўны – 5 руб., льготны – 2,5–3 руб.

У філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Доме-музеі I з’езду РСДРП па 28 лютага праводзіцца акцыя «Гуляй. Вывучай». Па кошце звычайнага ўваходнага білета можна не толькі паглядзець асноўную экспазіцыю, але яшчэ і згуляць у настолкі проста ў выставачнай зале. Вас чакаюць «Аэрахакей», «Вежа», «Настольны кёрлінг» і іншае.

Усе выхадныя: завітайце на выставу беларускіх народных мастакоў

Да 19 сакавіка.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

8 лютага ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрываецца выстава «Плюс/мінус 100: народныя мастакі-юбіляры». На экспазіцыі вас чакаюць працы Аляксандра Кішчанкі, Гаўрылы Вашчанкі, Уладзіміра Стальмашонка, Віктара Грамыкі, Леаніда Шчамялёва, Віталя Цвіркі, Яўгена Зайцава, Iвана Ахрэмчыка. Адным з іх у гэтым годзе спаўняецца трошкі больш за сто гадоў, іншым – трошкі менш.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па персанальнай выставе мастачкі Марыны Капілавай

Па 3 сакавіка.

Дом Ваньковічаў (вул. Інтэрнацыянальная, 33а).

Уваход: 5 руб. – поўны, 3 руб. – льготны.

У доме Ваньковічаў праходзіць персанальная выстава мастачкі Марыны Капілавай «Пункт гледжання». Там можна пабачыць скульптурныя і графічныя творы мастачкі, за аснову якіх яна часта бярэ міфалагічныя і гістарычныя сюжэты культур розных народаў.

Усе выхадныя: паглядзіце на мастацкія працы, створаныя штучным інтэлектам

Па 26 сакавіка.

НЦСМ (пр-т Незалежнасці, 47).

Уваход: 10–14 руб. (тут).

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстава «Штучны інтэлект: мастак ці машына?». На экспазіцыі можна пабачыць калекцыю з больш чым 90 твораў у 10 катэгорыях: прырода, міфалогія, гісторыя, архітэктура і іншае.

ГОМЕЛЬ

Субота: навучыцеся ляпіць з гліны тое, што самі захочаце

11 лютага, 11:00.

Філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4а).

Удзел: 10 руб.

Філіял Веткаўскага музея ў Гомелі зноў ладзіць майстар-клас па лепцы з гліны. Гэтым разам тэма занятку вольная – вы самі выбіраеце, што зляпіць: кубак, талерку, упрыгажэнне ці штосьці іншае.

Неабходныя матэрыялы прадстаўляюцца музеем, але з сабой просяць узяць спецыяльны мастацкі фартух або зменную вопратку, якую не страшна запэцкаць, і заколкі ці гумку, калі ў вас доўгія валасы.

Колькасць месцаў абмежавана, таму абавязкова запісвайцеся па тэлефоне: +375 232 50 96 98.

Нядзеля: запішыцеся на майстар-клас па ляльках «Неразлучніках»

12 лютага, 11:00.

Філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4а).

Удзел: 5 руб.

У нядзелю там жа ладзіцца майстар-клас да Дня закаханых: прапануюць зрабіць абярэг, лялек «Неразлучнікаў» – сімвал шчаслівага сямейнага саюза.

Колькасць месцаў абмежавана, таму запісвайцеся загадзя па тэлефоне: +375 232 509 698.

ВАРШАВА

Нядзеля: паслухайце беларускамоўны стэндап для ўсіх закаханых

12 лютага, 19:00.

Клуб «Ракета» (Nowy Świat, 4а).

Білеты: 50 злотых (тут).

У нядзелю суполка беларускіх комікаў Pan Standup дае ў Варшаве беларускамоўны стэндап для ўсіх закаханых. Пра каханне па-беларуску вызваліся жартаваць Андрусь Райн, Максім Канавал, Міхась Ільін, Ян Ліпай, Дзіма Нарышкін, Саша Калінкін і Дзіма Саўян.

Нядзеля: завітайце на арт-маркет беларускіх рамеснікаў

12 лютага, з 12:00 да 18:00.

Beer Station (Aleja Komisji Edukacji Narodowej, 47).

Уваход: вольны.

У нядзелю беларускія рамеснікі збяруцца разам у беларускім бары Beer Station, таму ў вас будзе добрая магчымасць паглядзець усё ў адным месцы і пры жаданні набыць падарункі да Дня закаханых – у тым ліку і сабе.

А як стоміцеся, дык можна будзе і за столік прысесці, узяць келіх свежага піва і адпачыць. Ці дранічкамі пачаставацца.

Усе выхадныя: пачастуйцеся смачнымі дэсертамі ў новай беларускай кавярні

Кожны дзень.

Rozbrat, 5.

8 лютага ў Варшаве адкрываецца новая кавярня ад беларусаў Soulmates – вы павінны яе ведаць яшчэ з мінскіх часоў. У новым памяшканні вельмі прыемны інстаграмны інтэр’ер і па традыцыі смачныя дэсерты, якія гатуюць на месцы.

Працаваць будуць кожны дзень, акрамя панядзелка. Заходзьце!

БЕЛАСТОК

Пятніца-субота: завітайце на майстар-клас па традыцыйным беларускім жаночым спеве

10-11 лютага, 15:00.

Адрас паведамяць удзельніцам.

Удзел: бясплатны, вітаюцца ахвяраванні.

Фонд TUTAKA запрашае на майстар-класы па традыцыйным беларускім жаночым спеве з Ірынай Мазюк – вядомай даследчыцай беларускага фальклору і спеўнай беларускай традыцыі Палесся і Падляшша, стваральніцай калектыву «Кудмень» і іншых спеўных гуртоў.

Па падрабязнасці і запіс звяртайцеся ў дырэкт фонду TUTAKA.

Субота: пабывайце на канцэрце гурта «Дай дарогу!»

11 лютага, 19:00.

6-Ścian (ul. Warszawska, 34).

Квіткі: 75 злотых (тут).

У суботу гурт «Дай дарогу!» у поўным складзе грае ў Беластоку электрычны канцэрт. Абяцаюць старыя і новыя хіты, а яшчэ і мерч.

ВІЛЬНЮС

Пятніца–нядзеля: паслухайце вершы на паэтычным фестывалі

10–12 лютага.

Тры розныя пляцоўкі.

Удзел: вольны.

Усе выхадныя ў Вільнюсе будзе праходзіць паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова. Ладзіцца ён будзе на трох культурных пляцоўках. Вас чакаюць паэтычныя чытанні, прэзентацыі кніг, абвяшчэнне лаўрэатаў Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова і іншае.

Падрабязную праграму фестывалю глядзіце тут.

Субота: паслухайце пра прафесійныя правалы іншых ці раскажыце пра свае

11 лютага, 19:00.

CreateCulture Space (Karmelitų gatvė, 5).

Уваход: free donation.

CreateCulture Space запрашае на Ноч правалаў – імпрэзу, дзе ў спагадлівай атмасферы можна падзяліцца сваімі прафесійнымі факапамі, памылкамі, няўдачамі, разам пасмяяцца з іх, падзяліцца досведам пра тое, як у вас атрымалася выйсці з гэтых сітуацый, і знайсці сілы рухацца далей.

Калі хочаце выступіць, рэгіструйцеся тут (але лінк актуальны толькі да канца серады, 8 лютага). А калі хочаце проста прыйсці паслухаць ды падтрымаць выступоўцаў, то рэгіструйцеся тут да канца дня 10 лютага.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па фотавыставе Дануты Лабачэні C*A*P*T*U*R*E*D

Да канца лютага, з 9:00 да 18:00.

Art Cafe (A. Goštauto g., 8).

Уваход: вольны.

Да канца лютага ў кавярні Art Cafe адбываецца файная выстава беларускай фотамастачкі Дануты Лабачэні C*A*P*T*U*R*E*D. Фотапраект расказвае гісторыі розных людзей, з іх энергіяй, духам, прыгажосцю і сапраўднасцю, зафіксаванымі ў пікселях.

У праекце ўзялі ўдзел каля 200 чалавек, многія з іх – знакамітыя беларусы і беларускі.

БЕРЛІН

Субота: пабывайце на сольным вечары Святланы Бень

11 лютага, 20:00.

PANDA platforma (дворык Kulturbrauerei, Knaackstraße, 97).

Білеты: 15 еўра – загадзя, 20 еўра – на ўваходзе.

У праграме «З ямкі земляной» вас чакаюць вершы і песні, а таксама гукі пакетпіяна, укулеле і гармоніка. А яшчэ будуць гадзіны інтэнсіўных зносін на шматлікія тэмы, усхваляванасць, непрадбачаныя абставіны, умяшанне іншапланетных цывілізацый – увогуле традыцыйны вечар сустрэчы тых, хто сёння нікуды не збіраўся, але чамусьці выйшаў з дому і апынуўся тут.

 

#Беларусь #Варшава #Вильнюс #Минск #Польша
поделиться