Куды пайсці ў выхадныя 1–3 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Берліне і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 1–3 сакавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Берліне і іншых гарадах, дзе жывуць бел...
Перазімавалі! CityDog.io прапануе адзначыць такую падзею цікавымі мерапрыемствамі. Выбірайце ў залежнасці ад горада, у якім цяпер знаходзіцеся, і добра баўце час.

Перазімавалі! CityDog.io прапануе адзначыць такую падзею цікавымі мерапрыемствамі. Выбірайце ў залежнасці ад горада, у якім цяпер знаходзіцеся, і добра баўце час.

МІНСК

Пятніца: схадзіце на лекторый «Ад Менкі да Нямігі»

1 сакавіка, 18:00.

Мінская гарадская ратуша (Свабоды, 15).

Кошт: 5 руб.

Музей гісторыі горада Мінска запрашае ў Мінскую гарадскую ратушу на штогадовае мерапрыемства, прысвечанае першаму летапіснаму згадванню Мінска ў «Аповесці мінулых гадоў».

Лектарамі выступяць прафесійныя археолагі і вучоныя, якія займаюцца праблемамі вывучэння месцазнаходжання летапіснага Мінска. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Вайцяховіч прадставіць даклад пра самыя маштабныя раскопкі археалагічнага комплекса на рацэ Менцы паблізу вёскі Гарадзішча. Кандыдат гістарычных навук Вадзім Кошман раскажа пра гісторыю вывучэння археалагічнага комплекса Мінскага замчышча з 1940-х гг. да гэтага часу. Даследчык Сярэднявечча, кандыдат гістарычных навук Філіп Падбярэзкін раскажа цікавыя факты пра рыцарскія звычаі Рурыкавічаў на базе лацінскіх хронік XIII стагоддзя.

Упрыгажэннем вечарыны стане выступленне опернай спявачкі, лаўрэаткі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў Ірыны Лой і студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Віктара Багачова. У іх выкананні прагучаць арыі з оперы А.П. Барадзіна «Князь Ігар».

Пятніца: адкрыйце партал у 2007 год

1 сакавіка, 22:00.

Club 58 (Незалежнасці, 58/1).

Уваход: 30 руб.

Club 58 запрашае на вечарыну «Вярні мне мой 2007 – 2.0». Абяцаюць, што партал у бунтарскія двухтысячныя будзе адкрыты!

«У 2024 годзе мы вяртаем моду на бунтарскае юнацтва, легендарныя гітарныя рыфы, грукат барабанаў, лепшыя альтэрнатыўныя хіты. Прайшло 17 гадоў – самы час зрабіць гэта зноў!»

Субота: паглядзіце роўд-муві-кіно

2 сакавіка, 19:30.

«Манахром» (Кастрычніцкая, 16/3).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект Cinemascope запрашае на рэтраспектыву фільмаў у жанры роўд-муві. Гэтым разам будуць глядзець фінска-германскую стужку «Беражы сваю хусцінку, Таццяна» (1993).

Два прыяцелі Райно і Валто адпраўляюцца ў выхадны ў падарожжа па паўднёвай Фінляндыі на машыне «Волга». Райно, механік, любіць брэндзі, а Валто любіць каву і знаходзіцца пад абцасам сваёй маці. Па дарозе яны сустракаюць эстонку Таццяну і Клаўдзію, дзяўчыну з Казахстана. Моўны бар’ер ускладняе зносіны, але галоўнае – маладыя людзі зусім губляюцца ў прысутнасці новых знаёмых.

Субота-нядзеля: абнавіце гардэроб на вінтажным маркеце

2-3 сакавіка, з 12:00 да 20:00.

«Камок» (Дразда, 25а).

Уваход: вольны.

Можна будзе набыць адзенне, аксесуары, посуд і ўсё, што толькі можна знайсці на барахолках, у тым ліку антыкварыят.

Арганізатары заклікаюць не прапусціць, бо сапраўды будзе на што паглядзець і што прыдбаць.

Усе выхадныя: схадзіце на фотавыставу «Ціхія гісторыі»

Да 3 сакавіка.

Мастацкая галерэя М. Савіцкага (Свабоды, 15).

Білеты: 7 руб. – дарослым, 4,5 руб. – студэнтам, 3 руб. – школьнікам.

На экспазіцыі прадстаўлены фотаработы з аўтарскіх праектаў удзельнікаў найстарэйшага клуба фотааматараў Беларусі – Самадзейнага народнага калектыва «Фотаклуб Мінск», які аб’ядноўвае пад сваім крылом больш за пяцьдзясят фатографаў, сярод якіх як аматары, так і прафесіяналы.

Свае працы прадставілі аўтары розных пакаленняў, сацыяльных груп, якія працуюць у розных фатаграфічных жанрах і тэхніках. Сярод іх, напрыклад, Анатоль Кухарчук, Ларыса Бабіч, Леанардзюс Бейс, Віктар Ведзень, Валерый Вядрэнка, Аляксандр Рабцэвіч, Вольга Свідзерская і іншыя.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе вясновых кветак

С 1 па 10 сакавіка.

Батанічны сад.

Білеты: 5–10 руб. (тут).

З 1 па 10 сакавіка батанічны сад запрашае на выставу вясновых кветак. Сярод іх – грацыёзныя гіяцынты, далікатныя крокусы, сонечныя нарцысы і, вядома ж, чароўныя цюльпаны. У гэтым годзе будзе прадстаўлена больш за 70 сартоў цюльпанаў, 60 сартоў гіяцынтаў і рознакаляровыя гатункі крокусаў.

ВАРШАВА

Пятніца: паслухайце стэндап «Пазакаласнае чытанне»

1 сакавіка, 20:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (Dożynkowa, 6a).

Білеты: 40 зл. (тут).

«Пазакласнае чытанне» – гэта шоу, дзе комікі разбіраюць творы беларускай літаратуры. Як гэта павінна быць у школе, але ніколі не было. Ніякай дамашняй работы: кнігу прачыталі комікі, а вам прапануюць кароткі пераказ у гумарыстычнай форме.

Кніга, пра якую будуць размаўляць у гэты раз, – «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра.

Субота: схадзіце на канцэрт гурта «Дай дарогу!»

2 сакавіка, 18:00.

Odessa Club (Kolejowa, 8/10).

Білеты: ад 100 зл. (тут).

У суботу вядомы беларускі гурт «Дай дарогу!» разам са сваім франтмэнам Юрыем Стыльскім зайграе вялікі электрычны канцэрт у Варшаве. Білетыі лепш набываць загадзя, пакуль не скончыліся.

Нядзеля: паслухайце лекцыю пра жанчын у кіно

3 сакавіка, 14:00.

Прастора «Твой выхад» (Aleja 3 Maja, 14).

Кошт: 100 зл.

Становішча жанчын у рэжысёрскай прафесіі – вось ужо больш за стагоддзе поле для бітваў і крыніца шакавальных статыстычных даных. Напрыклад, у Галівудзе працэнт рэжысёрак вагаецца паміж 7 і 9%. Варта заўважыць, што выява жанчыны ў кіно таксама вельмі моцна змянілася з цягам часу. Адной з ікон, якія прывялі кінематаграфістаў да стварэння незалежных жаночых персанажаў, была Грэта Гарбо.

На лекцыі будуць абмяркоўваць выбітныя жаночыя працы (з рэжысёрскай, драматургічнай і акцёрскай перспектывы) і паднімаць келіхі за ўсіх дам, якія змагаліся і працягваюць змагацца за годную рэпрэзентацыю жанчын у кіно.

ПОЗНАНЬ

Субота: схадзіце на беларускі фем-стэндап

2 сакавіка, 19:00.

Barak Kultury (аl. Marcinkowskiego, 21).

Уваход: данэйшн наяўнымі (патрэбна рэзервацыя).

У суботу фем-стэндап-клуб імя Зоські Верас едзе ў Познань з нагоды набліжэння 8 Сакавіка. Вас будуць чакаць 8 камікес, якія падтрыхтуюць шэраг тэм ад рамантычных стасункаў і сястрынства да трывожных разладаў і жыцця ў Польшчы.

Мовы выступаў – беларуская і руская. Сабраныя ад данэйшнаў сродкі пойдуць на дапамогу беларускам у зняволенні.

ЛЮБЛІН

Субота і нядзеля: паглядзіце спектакль «Гукаючы Сонца»

2 і 3 сакавіка, 18:00.

Цэнтр культуры ў Любліне (Peowiaków, 12).

Білеты: ад 40 зл. (тут).

Беларускія акцёры супольна з польскімі калегамі іграюць спектакль «Гукаючы Сонца». Калі свет развальваецца на нашых вачах, а зямля, здаецца, па-вар’яцку імправізуе пад нашымі нагамі, мы тчом – аднаўляем каштоўную тканіну стасункаў і пераходзім да дзеяння.

Аснову спектакля складаюць беларускія старажытныя традыцыі, а рэалізацыя мае быць цалкам на сучасны лад: абяцаюць кантэмпарары-дэнс, відэа і электронную музыку.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: прыміце ўдзел у імправізацыйных гульнях

1 сакавіка, 18:30.

Месца паведамяць удзельнікам.

Уваход: вольны (патрэбна рэгістрацыя).

Форум-тэатр «Адчуй» ладзіць у Вільнюсе імправізацыйныя гульні. Ці сутыкаліся вы раней з дыскрымінацыяй і прыгнётам? На жаль, свет становіцца больш закрытым і менш ясным без разумення гэтых тэрмінаў. Але што, калі асэнсаваць іх праз тэатральны падыход?

Падчас гульняў вы зможаце лепш зразумець паняцці «дыскрымінацыя» і «прыгнёт», абмеркаваць, як яны адгукаюцца для вас; зладзіць інтэрактыўныя гульні на разнявольванне і знаёмства з іншымі, а таксама выкарыстаць акцёрскія методыкі размоў пра свае пачуцці і эмоцыі.

Практыкаванні бяруць з методыкі форум-тэатраў Аўгуста Бааля і з іх дапамогай ствараюць прастору для шчырай камунікацыі, самавыказвання і падтрымкі.

Субота: навучыцеся ствараць і расфарбоўваць арт-аб’екты з гіпсу

2 сакавіка, 13:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Кошт: 10 еўра (патрэбна рэгістрацыя).

У суботу ў прасторы CreateCulture Space пройдзе майстар-клас, на якім разам з мастаком Doctor Oy вы зможаце стварыць і расфарбаваць арт-аб’екты з гіпсу – пасля іх можна будзе размясціць на вуліцах горада або ў сябе дома. Толькі захапіце з сабой белую цішотку!

Субота: купіце білет на канцэрт гурта «Разбітае сэрца пацана»

2 сакавіка, 20:00.

Paviljonas (Pylimo g., 21B).

Білеты: 20 еўра (тут).

Гурт «Разбітае сэрца пацана» грае канцэрт у Вільнюсе. Прагучаць любімыя песні з мінулых альбомаў гурта, а таксама абсалютна новыя – напісаныя і пасля ад’езду з Беларусі, і пасля пачатку вайны ва Украіне.

БЕРЛІН

Пятніца: паслухайце беларускамоўны стэндап Міхася Ільіна

1 сакавіка, 18:00.

Karakas Bar (Kurfürstenstraße, 9).

Білеты: 15 еўра (тут).

У пятніцу ў Берлін прыязджае комік Міхась Ільін з суполкі Pan Standup. Вязе гарачанькі актуальны беларускамоўны канцэрт «Ці ўсё добра?».

Частку матэрыялу комік ужо расказваў на мінулым канцэрце ў Берліне ў верасні, таму майце на ўвазе, калі наведвалі тое мерапрыемства. Імпрэза будзе на беларускай мове.

 

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться