Куды пайсці ў выхадныя 5–7 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 5–7 красавіка ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы
Наперадзе – першыя выхадныя красавіка. Надворʼе будзе яшчэ не летняе, таму самы час выбраць цікавае мерапрыемства, куды б можна было схадзіць «унутры».

Наперадзе – першыя выхадныя красавіка. Надворʼе будзе яшчэ не летняе, таму самы час выбраць цікавае мерапрыемства, куды б можна было схадзіць «унутры».

МІНСК

Пятніца: паслухайце лекцыю пра самыя гучныя секс-скандалы ў мастацтве

5 красавіка, 19:00.

Flame Place (пр-т Машэрава, 9/8).

У свеце мастацтва інтымныя сувязі і любоўныя гісторыі нярэдка становяцца прадметам абмеркаванняў і пільнай увагі з боку не толькі гледачоў, але і крытыкаў, галерыстаў і арт-агентаў. Натуршчыцы ў вачах грамадскасці становяцца палюбоўніцамі, парадныя партрэты – любоўнымі лістамі, а сябры мастакоў – іх вечнымі секс-партнёрамі.

Чорны піяр, плёткі ці рэальныя гісторыі з жыцця мастакоў? Вас запрашаюць ва ўсім разабрацца.

Пятніца: паглядзіце кіно ў музеі

5 красавіка, 19:00.

Музей-майстэрня Азгура (вул. Азгура, 8).

Білеты: 10 руб. (тут).

Праект «Анталогія» запрашае паглядзець фільм 1979 года «Манхэтан» у музеі.

Па сюжэце, тэледраматург Айзек Дэвіс марыць напісаць «вялікі амерыканскі раман», аднак яго замучылі сваркі з былой жонкай Джыл, якая напісала кнігу пра іх шлюб, і ён заблытаўся ў адносінах з юнай палюбоўніцай Трэйсі. Не лепш ідуць справы і ў сябра Айзека Йейля, у якога ёсць палюбоўніца Мэры, але ён ніколі не сыдзе да яе ад жонкі. Сітуацыя ўскладняецца, калі Айзек знаёміцца з Мэры...

Субота: запішыцеся на дабрачынную экскурсію, прысвечаную Змітраку Бядулю

6 красавіка, 15:00.

«Беларуская хатка» (вул. Рабкораўская, 19).

Кошт: 20 руб. (запіс па нумары: +375 17 363 94 65).

«Беларуская хатка» ладзіць дабрачынную экскурсію, прысвечаную Змітраку Бядулю, у падтрымку збору сродкаў на стварэнне надмагільнага манумента класіку.

Абяцаюць цікавае падарожжа па экспазіцыі дома-музея, названага ў гонар клуба мінскай інтэлігенцыі «Беларуская хатка», сябрамі якога былі Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля і іншыя дзеячы беларускай культуры.

Субота: схадзіце на музычны салон у Лошыцкай сядзібе

6 красавіка, 17:00.

Лошыцкая сядзіба (пр. Чыжэўскіх, 10).

Кошт: 25 руб. (замаўляйце па тэл.: +375 17 396 18 86).

Музейны праект «Музычны салон у Лошыцкай сядзібе» прапануе праграму ў жанрах неакласікі і нью-эйдж (новая эра), якія пераважаюць у кірунках у сучасным беларускім вакальным і выканальніцкім мастацтве.

Піяністка Ірына Свірыдава выканае творы, многія з якіх былі напісаны да вядомых кінафільмаў. Плыўны тэмп і выкарыстанне лёгкіх мелодый, якія паднімаюць настрой, аб’яднае нью-эйдж-кампазіцыі, якія будуць гучаць і дапамогуць раскрыць усе грані кахання.

Субота: правядзіце вечар, слухаючы паэзію

6 красавіка, 19:00.

Focus Art Club (вул. Мележа, 1).

Кошт: 30 руб.

Самыя глыбокія пачуцці, дылемы жыцця чалавека, памяць, час і прастора, крыніца суцяшэння, натхнення і глыбокае разуменне пераплятаюцца і пульсуюць агністым сэрцам у радках паэзіі.

У суботні вечар вас запрашаюць далучыцца да сапраўднага ачышчэння душы, закрануць свае пачуцці ад прымірэння да захаплення, асэнсаваць складаныя эмоцыі і перажыванні, дазволіўшы сабе зірнуць на звыклыя рэчы пад новым вуглом і атрымаць асалоду ад прыгажосці выразнасці.

Субота-нядзеля: пашукайце цікавыя рэчы на вінтажным маркеце

6-7 красавіка, з 12:00 да 21:00.

Прастора «Камок» (вул. Дразда, 25а).

Уваход: вольны.

На выхадных вас чакае вінтажны маркет, дзе можна будзе набыць цікавыя рэчы з розных куткоў свету: адзенне, аксесуары, посуд і шмат іншага, што можна купіць на барахолках. Таксама чакаецца вялікае паступленне антыкварыяту.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе «Зямля Леанiда Левіна»

Да 11 мая.

Музей Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4).

У чацвер, 4 красавіка, у музеі Янкі Купалы адкрываецца выстава «Зямля Леанiда Левіна», якую музей ладзіць сумесна з творчай майстэрняй архітэктара.

Праект прысвечаны памяці заслужанага архітэктара Леанiда Левіна (1936–2014). 37 гадоў ён працаваў у «Мінскпраекце». Станцыі метро «Плошча Леніна» і «Няміга», аднаўленне Траецкага і Ракаўскага прадмесцяў, Верхняга горада – у яго скарбонцы.

Усе выхадныя: паспейце на выставу «Рэтрафотатэхніка»

Да 7 красавіка.

Мастацкая галерэя М. Савіцкага (пл. Свабоды, 15).

Білеты: 4 руб. – дарослым, 3 руб. – студэнтам, 2 руб. – школьнікам.

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе выстава «Рэтрафотатэхніка», прысвечаная паходжанню і ўладкаванню фотаапарата, гісторыі фатаграфіі і фатаграфічнай тэхнікі.

На выставе прадстаўлены шырокі спектр мадэлей фотаапаратаў, сярод якіх – тэхніка, вырабленая ў Германіі (ГДР, ФРГ), Японіі, СССР, Польшчы, Чэхаславакіі, ЗША, Францыі, Кітаі, Вялікабрытаніі. Сярод прадметаў ёсць рэдкія і ўнікальныя ўзоры: праекціровачныя мадэлі фотаапаратаў «Зеніт» 1980-х гг., стэрэафотаапараты для здымкі трохмерных выяў, фотаапараты рэдкай канструкцыі: мікрафотаапараты, фотаапарат у форме гадзінніка і іншыя.

ВІЦЕБСК

Субота: схадзіце на вечарыну сучаснай паэзіі

6 красавіка, 18:00.

Арт-прастора Upgrade (вул. Кастрычніцкая, 2).

Білеты: 17 руб. – па папярэдняй рэгістрацыі, 22 руб. – без рэгістрацыі.

Кніжны клуб «Даже» ладзіць у прасторы Upgrade вечарыну сучаснай паэзіі. Падрыхтавалі шэраг паэтаў, каб асвятліць усе грані сучаснай паэзіі і прааналізаваць іх творчасць.

Вас чакаюць: чытанне і абмеркаванне вершаў паэтаў сучаснай паэзіі, адкрыты паэтычны мікрафон (па папярэднім запісе), музычнае суправаджэнне, віктарына «Паэт-сучаснік ці шансанье» з прызамі для пераможцаў, чаяванне са снэкамі.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе графікі Кацярыны Мясніковай

Да 19 мая.

Арт-прастора «Талстога, 7» (вул. Талстога, 7).

У арт-прасторы «Талстога, 7» працуе мемарыяльная выстава графікі полацкай мастачкі Кацярыны Мясніковай «Кветкі з нябёсаў». На экспазіцыі можна пабачыць 28 работ апошніх пяці гадоў яе жыцця.

Кацярына Мяснікова (1981–2023) – выпускніца мастацка-графічнага факультэта ўніверсітэта імя Машэрава. З 2005 па 2014 год яна была куратаркай і арганізатаркай шматлікіх мастацкіх праектаў і маладзёжных пленэраў «У пошуках Атлантыды», якія збіралі вядомых беларускіх мастакоў і маладых творцаў разам і дазволілі шмат каму з моладзі вызначыцца з уласным стылем і аўтарскім бачаннем у творчасці.

ГОМЕЛЬ

Субота: навучыцеся рабіць гарлячкі

6 красавіка, 12:00.

Філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4а).

Кошт: 12 руб. (запіс па тэл.: +375 232 50 96 98).

Філіял Веткаўскага музея паўтарае майстар-клас па гарлячках – шыйных упрыгажэннях з бісеру (такіх сабе неглюбскіх чокерах). Гарлячка была штодзённым упрыгажэннем, якое яшчэ ў першай палове 20-га стагоддзя насілі амаль усе жанчыны любога ўзросту.

На майстар-класе кожны пачне рабіць сваю гарлячку. Не будзе часу зрабіць яе цалкам, але вы будзеце ведаць тэхналогію і лёгка зможаце скончыць упрыгажэнне дома.

Бісер для ўпрыгажэння дадуць. Але калі вы хочаце ўзяць пэўны з сабой, то спатрэбіцца бісер 2 ці 3 колераў – па два пакецікі кожнага.

Нядзеля: пабывайце на арт-імпрэзе па стварэнні калажу

7 красавіка, 14:00.

Месца паведамяць удзельнікам асабіста.

Удзел: вольны (рэгістрацыя тут).

Ініцыятыва «Маладыя людзі+» ладзіць арт-імпрэзу па стварэнні калажу «Пошукі апоры».

Творчасць дапамагае выявіць і падсвятліць важныя тэмы, пачуцці і думкі, а таксама сілы і апоры, якія ёсць у кожнага з нас. А рэзаць, ірваць і ляпіць паперу – гэта адзін з найлепшых спосабаў зняць напружанне.

Калі вы пражываеце ў іншым горадзе або населеным пункце і хочаце далучыцца, ёсць магчымасць аплаціць вам білеты ў Гомель і назад.

ВАРШАВА

Пятніца: прыміце ўдзел у беларускамоўным нэтворкінгу

5 красавіка, 19:00.

«Беларускі моладзевы хаб» (Dożynkowa, 6a).

Уваход: вольны (рэгістрацыя праз апытанне).

У «Беларускім моладзевым хабе» пройдзе новая сустрэча беларускамоўнага нэтворкінгу «Клубень». Будуць размаўляць на беларускай мове на розныя цікавыя і нечаканыя тэмы.

Правілы простыя: будзе тры раўнды і адна гульня. У кожным раўндзе вы апыняцеся ў невялікай групе з 3–5 новымі людзьмі і атрымаеце тры цікавыя пытанні, каб размова была захапляльнай. Галоўны дэвіз: no politics – just fun.

Субота: згуляйце ў Detected

6 красавіка, 13:00.

Skwer Psa Fafika.

Кошт: 35 зл. з чалавека.

На Detected вы зможаце адкрыць для сябе новыя лакацыі, па-іншаму зірнуць на ўжо знаёмыя месцы, даведацца цікавыя факты, 🏃‍♂️выпрабаваць сябе на цягавітасць і кемлівасць, а галоўнае – правесці дзень у выдатнай кампаніі!

Каманду з 2-3 чалавек рэгіструйце тут.

Усе выхадныя: схадзіце на выставу Дашы Бубен

Да 18 красавіка.

Dondé Galeria (Andrzeja Frycza-Modrzewskiego, 22).

У Варшаве адкрываецца выстава Дашы Бубен Recognition in Color, на якой прадстаўлены тры серыі: «Спроба кантролю», «Размовы з унутраным дзіцем» і «Я ў парадку».

Кожная серыя засяроджваецца на ўнутраным шляху самапазнання мастачкі, а колер з’яўляецца ключавым элементам ва ўсіх іх.

ВІЛЬНЮС

Субота: прыміце ўдзел у фотаспрынце

6 красавіка, з 12:00 да 16:00.

CreateCulture Space (Karmelitų g., 5).

Удзел: 10 еўра (рэгістрацыя тут).

Добра фатаграфуеце? Ці проста любіце здымаць усё навокал? Тады далучайцеся! Прабяжыцеся па старым горадзе, выканайце цікавыя заданні, а ў выпадку перамогі атрымайце грашовую ўзнагароду.

«Фотаспрынт» – творчая гульня для ўсіх аматараў фатаграфіі, у якой удзельнікі ў абмежаваны час і ў пэўных месцах робяць крэатыўныя фатаграфіі на зададзеныя тэмы. Усе фатаграфіі трэба паспець здаць да заканчэння гульні, а потым незалежныя суддзі ацэняць працы і адзначаць баламі тыя, якія ім найбольш спадабаюцца.

У гульні важна мець мабільны тэлефон або лічбавы фотаапарат, самастойна адсочваць час гульні. Прызавы фонд: 80% ад сабраных сродкаў атрымлівае пераможца, 20% пакідае за сабой арганізатар.

Нядзеля: схадзіце на танцавальна-рухальную тэрапію

7 красавіка, 18:00.

Прастора «АБФ» (Teatro g., 3).

Удзел: бясплатны (рэгістрацыя тут).

Вас чакаюць тэрапія для душы і цела, паляпшэнне ўзаемадзеяння з наваколлем, адкрыццё новых граняў сваёй асобы, эмацыйная разгрузка праз танец, збавенне ад стрэсу і напружання, паляпшэнне каардынацыі рухаў, павышэнне ўпэўненасці ў сабе, аднаўленне гармоніі паміж целам і розумам.

#Варшава #Вильнюс #Минск
поделиться