У гэта цяжка паверыць, але наперадзе – апошнія выхадныя гэтага года. Таму прапануем вам правесці іх весела і карысна. Напрыклад, схадзіць на маркет за падарункамі ці паўдзельнічаць у майстар-класе – выбірайце, што больш падабаецца.
МІНСК
Пятніца: даведайцеся, як можна паляцець на зімоўку за 500$ у месяц
23 снежня, 19:00.
Open Hub (Скрыганава, 14).
Удзел: бясплатны з рэпостам паста ў Instagram, без – 50 рублёў.
Падарожнік з вялікім вопытам, які за апошнія 9 гадоў аб’ездзіў 56 краін, правядзе бясплатную лекцыю і раскажа аб тым, як і куды можна адправіцца на зімоўку з 500$ у месяц. Эндру Свірыдкаў раскажа, як можна даляцець умоўна бясплатна, якая краіна лепшая па характарыстыках «кошт – якасць», як здымаць грошы і адкрыць візу, якія ёсць мясцовыя лайфхакі і многае іншае.
Месцаў засталося зусім мала, таму паспейце запісацца (і зрабіць рэпост афішы, каб трапіць на лекцыю бясплатна).
Пятніца–нядзеля: абнавіце гардэроб на навагоднім «Open Шкаф»
23–25 снежня, з 12:00 да 21:00.
Прастора «Фабрыка» (Машэрава, 11/2).
Уваход: вольны.
Традыцыйная барахолка «Open Шкаф» вяртаецца перад Новым годам, каб вы маглі з лёгкасцю абнавіць сабе гардэроб і падняць настрой перад святамі. Арганізатары запрашаюць купляць падарункі, дзяліцца эмоцыямі, слухаць музыку, піць пеністае і глінтвейн, есці мандарынкі і атрымліваць асалоду ад новых знаёмстваў.
Субота: паспрабуйце для сябе бясплатны фітнес
24 снежня, з 12:00 да 13:30.
Палац воднага спорту.
Удзел: бясплатны.
Палац воднага спорту запрашае на бясплатны тэст-драйв сваіх новых фітнес-паслуг. Будзе некалькі заняткаў па 30 хвілін: табата, фітнес-мікс, 90-60-90 і стрэтчынг. Колькасць месцаў абмежавана, таму просяць загадзя запісацца па тэл.: +375 29 655 98 59.
Субота: патанцуйце да ўпаду (і да світанку)
24 снежня, 23:55.
Прастора «Фабрыка» (Машэрава, 11/2).
Вас клічуць падвесці вынікі года ўжо ў гэту суботу. Абяцаюць музыку ад любімых дыджэяў, крутыя трэкі і мора энергіі ў адным месцы. Танцаваць можна будзе аж да світанку!
Субота–нядзеля: забяжыце за падарункамі ў супермаркет KaliLaska
З 24 па 31 снежня.
Кальварыйская, 33.
Уваход: вольны.
З 24 па 30 снежня праект KaliLaska адкрывае свой «супермаркет». Можна будзе купіць адзенне, абутак, аксесуары, кнігі, пласцінкі, паштоўкі, рэтра-рэчы і посуд, кераміку, сумкі, цацкі і шмат чаго яшчэ. А таксама ўсё, што купіце ў гэтым супермаркеце, там жа зможаце прыгожа запакаваць – бясплатна.
Субота–нядзеля: схадзіце ў навагодні пальмарый
24-25 снежня.
Батанічны сад.
Уваход: 10 руб. + 5 руб. экскурсія.
Пакуль навокал адны ялінкі, батанічны сад заклікае на экскурсію па пальмарыі (у суботу і нядзелю ў 11:00, 13:00 і 15:00). Навуковыя работнікі раскажуць, якія расліны традыцыйна ўпрыгожваюць на Новы год і Каляды ў розных краінах свету і чаму былі выбраны менавіта гэтыя расліны. Працягласць экскурсій – 30–40 хвілін.
Усе выхадныя: правядзіце час у зімовай «Пясочніцы»
З 22 па 30 снежня (уключна).
«Пясочніца» (Куйбышава, 45).
Уваход: вольны.
З 22 па 30 снежня «Пясочніца» зноў будзе працаваць – і запрашае ўсіх на зімовыя канікулы. Арганізатары рыхтуюць шмат цікавага: dj-сэты амаль кожны дзень, жывыя выступы музыкантаў, «Гарошак-маркет» з падарункамі, праграма для дзяцей, вясёлыя Санты і шмат іншага.
Усе выхадныя: прагуляйцеся па выставе сусветнага поп-арту
Да 22 студзеня.
НЦСМ (Незалежнасці, 47).
Уваход: 10 рублёў.
На выставе «Сусветны поп-арт: ад Уорхала да Бэнксі» прадстаўлена каля 80 прац: ад самых папулярных серый «Мэрылін» і банак з супам «Кэмпбел» Эндзі Уорхала да такіх супярэчлівых сучасных прадаўжальнікаў поп-арту, як Рычард Раян і ікона стрыт-арту Бэнксі.
Таксама на выставе вы знойдзеце працы сучасных беларускіх аўтараў, зможаце прайсці тэматычны квэст ці зрабіць цікавыя здымкі на арыгінальных фатазонах.
ВАРШАВА
Пятніца: схадзіце на імпрэзу беларуска-яўрэйскага фестывалю
23 снежня, 19:00.
Бар Sabich.
Уваход: вольны.
Беларуска-яўрэйскі фестываль пачаўся яшчэ ў мінулыя выхадныя і на гэтым тыдні скончыцца, але на яго можна яшчэ паспець. У пятніцу, напрыклад, у варшаўскім бары Sabich пройдзе імпрэза з Rajsn-elektronik-музыкай ад Dj Korney («Радыё Плата») і Dj Stroppy Pie. А яшчэ будзе прэзентацыя фестывальнай стравы. Падрабязнасці тут.
Усе выхадныя: зазірніце на выставу беларускай мастачкі
Да 13 студзеня.
Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).
Уваход: вольны.
Да 13 студзеня ў Музеі вольнай Беларусі праходзіць персанальная выстава беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай, якая малюе тых самых «коцікаў свабоды», якіх усе ведаюць. А яшчэ асобна на экспазіцыі прадстаўлены рэпрадукцыі прац мастачкi з серыі, прысвечанай Украіне, і працы з серыі «Анёлы».
ПОЗНАНЬ
Пятніца: прыміце ўдзел у марафоне паштовак салідарнасці
23 снежня, 18:00.
Галерэя Ежы Пятровіча пад Каронай (Kramarska, 3).
Удзел: вольны.
Марафон паштовак салідарнасці пачаўся яшчэ ў мінулую суботу і прайшоў у розных гарадах. На гэтым тыдні ініцыятыва дойдзе да Познані. Усе ахвочыя могуць прыйсці на імпрэзу і напісаць віншавальную паштоўку беларускім зняволеным, падтрымаць іх ды стварыць ім трошачкі каляднага настрою.
ВІЛЬНЮС
Чацвер: купіце білет на «Калядны канцэрт» Змітра Вайцюшкевіча
22 снежня, 18:30.
Цэнтр нацыянальных культур.
Квіткі: 15 еўра.
У чацвер яшчэ можна паспець на акустычны канцэрт папулярнага беларускага барда, аўтара 24 сольных альбомаў Змітра Вайцюшкевіча. У праграме – аўтарскія песні на вершы беларускіх паэтаў: Уладзіміра Някляева, Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Бураўкіна, Рыгора Барадуліна і Адама Русака.
Пятніца: схадзіце на імпрэзу беларуска-яўрэйскага фестывалю
23 снежня, 19:00.
Бар Elfa.
Уваход: вольны.
Беларуска-яўрэйскі фестываль пачаўся яшчэ ў мінулыя выхадныя і на гэтым тыдні скончыцца, але на яго можна яшчэ паспець. У пятніцу ў вільнюскім бары Elfa пройдзе імпрэза з Rajsn-elektronik-музыкай і рознымі дыджеямі: DJ Stereobeaver («Радыё Плата»), DJ Schmoltz, DJ Justautas (Radio Vilnius/Dykuma). Падрабязнасці тут.
Пятніца: даведайцеся ўсё пра апатыю і матывацыю
23 снежня, 18:00.
CreateCulture Space (Karmelių g., 5).
Удзел: вольны.
Увесь час стамляецеся, няма сіл і жадання нешта рабіць, але рабіць трэба? На нэтворкінгу абмяркуюць, як працаваць са сваімі эмоцыямі і перамагчы стомленасць у сабе. Прыходзьце падзяліцца сваімі гісторыямі, паслухаць спікерку Марыну Кушнярэвіч, даведацца, як спраўляцца з апатыяй і знайсці ў сабе матывацыю для рэалізацыі сваіх планаў.
Абяцаюць утульную атмасферу, прыемныя знаёмствы і гарачую гарбату.