Куды пайсці ў выхадныя 16–18 снежня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Берліне і іншых гарадах, дзе жывуць беларусы

Куды пайсці ў выхадныя 16–18 снежня ў Мінску, Варшаве, Вільнюсе, Берліне і іншых гарадах, дзе жывуць бел...
Чарговы выпуск рубрыкі «Куды пайсці» ў якасці эксперыменту мы вырашылі зрабіць на роднай мове. Выбірайце, якія мерапрыемствы больш падабаюцца, – і добрага адпачынку!

Чарговы выпуск рубрыкі «Куды пайсці» ў якасці эксперыменту мы вырашылі зрабіць на роднай мове. Выбірайце, якія мерапрыемствы больш падабаюцца, – і добрага адпачынку!

МІНСК

Чацвер і пятніца: завітайце на імпрэзу ў планетарый

15 і 16 снежня, 19:30.

Планетарый (вул. Фрунзе, 2 (парк Горкага)).

Білеты: 40 рублёў (тут).

У чацвер і пятніцу ў мінскім планетарыі адбудуцца канцэрты «Шлях Зоркі» ад эмбіент-праекта Triangle. Абяцаюць, што пад адмысловую праграму акустычнага эмбіенту вы адправіцеся ў дзівосную вандроўку па космасе, сярод захапляльных відаў зорак, галактык і скапленняў. А канчатковым пунктам вашага падарожжа будзе адказ на пытанне: які ж ён – мой шлях зоркі?

Пятніца: паглядзіце пластычны спектакль ад тэатра дакумента

16 снежня, 18:30.

НЦСМ (вул. Някрасава, 3).

Білеты: 12 рублёў (тут).

У дзень нараджэння Васіля Кандзінскага ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца новы паказ пластычнага спектакля ад тэатра дакумента Ганны Сулімы «Васіль Кандзінскі / Без косак».

Апавяданне разгортваецца вакол «тэлефоннага званка» – гісторыі знаёмства мастака з Нінай Андрэеўскай (Кандзінскай). Разам з акцёрамі глядач пройдзе праз гісторыю пошуку паразумення, кахання і ўзаемнасці.

Субота: запішыцеся на майстар-клас па вышываных ёлачных цацках

17 снежня, 11:00.

Кнігарня-кавярня «Маркс» (вул. К. Маркса, 11).

Удзел: 30 рублёў.

Праект «Этыка» ладзіць утульны майстар-клас па вышываных ёлачных цацках (і, кажуць, апошні такі ў гэтым годзе). Вы зможаце стварыць сваю ўласную цацку-абярэг, як на фота, і вышыць яе адмысловым узорам.

На ўдзел можна запісацца ў дырэкце праекта. Колькасць месцаў абмежавана, таму спяшайцеся.

Субота: патанцуйце да ўпаду на начной імпрэзе

17 снежня, 23:55.

«Фабрыка» (пр-т Машэрава, 11/2).

Хутка Новы год, а значыць, прыйшоў час вечарыны CHARTS. Арганізатары запрашаюць сабраць вялікую кампанію, прыходзіць, адрывацца пад знаёмыя хіты і атрымліваць навагодні настрой.

Нядзеля: забярыце дамоў коціка ці сабачку

18 снежня, з 13:00 да 18:00.

«Фабрыка» (пр-т Машэрава, 11/2).

Уваход: вольны.

Абсалютна бясплатна ў нядзелю будуць раздаваць коцікаў ды сабачак (трэба будзе толькі падпісаць дамову аб адказным доглядзе за гадаванцамі). Таксама можна будзе атрымаць бясплатную кансультацыю кінолага ці ветэрынара і падарункі ад арганізатараў.

А калі ўзяць хвосцік дамоў вы пакуль не гатовы, то можна проста прыйсці паглядзець ці прынесці нешта карыснае для жывёл: ежу, лекі, латкі, напаўняльнікі, клеткі і іншае.

Усе выхадныя: прагуляйцеся па «Зімовай выставе»

Па 27 лютага.

Галерэя «Ракурс» (другі паверх Нацыянальнай бібліятэкі).

Уваход: па чытацкім білеце.

З 13 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы працуе «Зімовая выстава». У экспазіцыі – жывапіс і графіка сучасных беларускіх мастакоў, аб’яднаныя святочнай зімовай тэмай. Аўтары прапануюць вам зноў, як у дзяцінстве, паверыць, што зіма – гэта казачная пара, багатая марамі, поўная надзей ды шчодрая на забавы.

Усе выхадныя: купіце падарункі на традыцыйным «Гарошак-маркеце»

Кожны дзень.

ТЦ Galleria Minsk.

Уваход: вольны.

«Гарошак-маркет» запусціў вялікі калядны марафон аўтарскіх падарункаў і сабраў у адным месцы каля 90 таленавітых майстроў і беларускіх дызайнераў. Прыйсці за святочным настроем можна кожны дзень да 31 снежня – на першы паверх ТЦ Galleria Minsk.

ГРОДНА

Пятніца: пачніце святкаваць Новы год і Каляды

16 снежня, 16:00.

Новы замак (вул. Замкавая, 20).

Білеты: 8 руб.

Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей першым адкрывае сезон святочных імпрэз і запрашае на навагоднюю казку ў Новым замку. Вас чакае батлейка,файныя конкурсы, пачастункі ды падаруначкі, танцы для дзетак.

Калі зберацеся, абавязкова загадзя запішыцеся па нумарах: 71 86 88 ці +375 29 776 65 88.

Нядзеля: запішыцеся на пераднавагодні шпацыр па горадзе

18 снежня, 14:00.

Збор каля бібліятэкі (вул. Карбышава, 17).

Кажуць, экскурсія будзе цікавай як для дарослых, так і для дзяцей. За паўтары гадзіны вы даведаецеся, хто прыдумаў адзначаць Новы год і чаго яму так не жылося, навошта ўпрыгожваюць елку, як з’явіліся цацкі, мішура і гірлянды, якія калядныя і навагоднія традыцыі былі ў гарадзенцаў у розныя часы і шмат іншага.

Запісацца на шпацыр, даведацца пра кошт і задаць пытаннечкі можна па тэлефонах: 71 89 54; +375 29 582 73 93.

ВАРШАВА

Пятніца: пабывайце на адкрыцці выставы беларускай мастачкі

16 снежня, 18:00.

Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: вольны.

У Музеі вольнай Беларусі адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Вольгі Якубоўскай «Малюю наша жыццё» (усе ведаюць яе знакамітых коцікаў). Асобна на выставе прадстаўлены рэпрадукцыі работ мастачкi з серыі, прысвечанай Украіне, а таксама работы з серыі «Анёлы».

У праграме ўрачыстага адкрыцця выставы – знаёмства з Вольгай Якубоўскай і куратаркай Яўгеніяй Мужавай, сустрэчы з пратытыпамі герояў карцін і аўтарскія сувеніры, выступленне суарганізатараў выставы, кубачак найсмачнейшай кавы ад Сашы Аўдзевіча.

Пятніца: не прапусціце канцэрт гурта «Разбітае сэрца пацана»

16 снежня, 19:00.

Клуб Proxima (Żwirki i Wigury, 99).

Білеты: 70 злотых (тут).

Гэта першы за год польскі канцэрт для РСП, таму абяцаюць і старыя хіты, і новыя, зусім невядомыя, нікім не чутыя песні, створаныя пасля 24 лютага. А яшчэ канцэрт у Варшаве будзе неафіцыйнай вечарынай у гонар дня нараджэння бубнача гурта Сашы, які адзначае сваё свята за дзень да выступу.

Нядзеля: завітайце на арт-маркет ад беларускіх майстроў

18 снежня, з 11:00 да 18:00.

Музей вольнай Беларусі (Foksal, 11).

Уваход: вольны.

Абяцаюць святочную атмасферу, мноства падарункаў, добрую ежу і гарачыя напоі. На маркеце будуць прадстаўлены толькі ручныя вырабы: гарбата, касметыка, ювелірныя вырабы, свечкі, адзенне і аксесуары ад маладых дызайнераў, калядныя ўпрыгажэнні і іншае.

ВРОЦЛАЎ

Пятніца: паслухайце акустыку ад Змітра Вайцюшкевіча

16 снежня, 19:00.

Stowarzyszenie TRATWA (ul. Legnicka, 65).

Білеты: 40 злотых на ўваходзе.

У пятніцу беларусаў Вроцлава чакае канцэрт «абаяцельнага, таленавітага, віртуознага і очань скромнага» Змітра Вайцюшкевіча. Акустычны канцэрт у невялікай залі – самае тое, каб адчуць лямпавасць беларускага жыцця, утульнасць і спагаду, паразмаўляць з музыкам, праспяваць разам песні.

ГДАНЬСК

Нядзеля: збярыцеся з дзеткамі на музычнае каляднае свята

18 снежня, 15:00.

Офіс Таварыства беларусаў на Памор’і (ul. Malczewskiego, 21).

Білеты: 40 злотых (тут).

У нядзелю да беларусаў Гданьска зноў едуць музыкі Акварэлія і Андрусь Такінданг з музычнай каляднай праграмай «Маленькая чэмпіёнка». Абяцаюць распавесці захапляльную гісторыю пра дзяўчынку Ніну і яе калядныя прыгоды.

КРАКАЎ

Субота: завітайце на беларускі калядны кірмаш

17 снежня, з 11:30 да 16:00.

Stakkato Art Space (ul. Ślusarska, 9a).

Уваход: данат (тут).

Абяцаюць забавы ды пачастункі на любы густ: беларускі кірмаш ад майстроў, дзе можна набыць цудоўныя падарункі для блізкіх; імпрэзы для дзетак з падарункамі і ўсімі важнымі героямі; квіз для дарослых, які дужа спадабаўся ўдзельнікам беларускіх пікнікоў (рэгістрацыя тут); напісанне лістоў да палітвязняў; напоі і ежа; настольныя гульні і музыка.

ВІЛЬНЮС

Пятніца: завітайце на калядны кірмаш


16 снежня, з 16:00 да 22:00.

CreateCulture Space.

Уваход: вольны.

Будзе шмат майстроў з цудоўнымі вырабамі: дызайнерская вопратка, вырабы са шкла ў тэхніцы тыфані, льняныя рэчы для ўтульнай кухні, завушніцы, бранзалеты, брошкі, гірлянды з папяровых літар і шклянкі з вінных бутэлек, паштоўкі, карціны акварэллю і акрылам, лінагравюрныя паштоўкі, кніжныя закладкі, дамашні і калядны дэкор у тэхніцы макрамэ, аўтарскія ўпрыгажэнні, брошкі і паштоўкі, свечы з рознакаляровай вашчыны, калядныя аксесуары з рафіі, цацкі на ялінку са старой вопраткі, падарункі ў тэхніцы скрапбукінг, традыцыйныя беларускія калядныя зоркі, хвойныя вянкі і сухія букецікі, фотапаштоўкі, керамічныя ўпрыгажэнні і посуд.

Нядзеля: навучыцеся варыць свечкі

18 снежня, 14:00.

Art cafe (Goštauto g., 8).

Удзел: 29 еўра.

 

Вас клічуць паглыбіцца ў таемны свет па вырабе свечак і зрабіць сабе камплект з чатырох штук, заклікаць бога еўра і тры гадзіны правесці ў прыемнай кампаніі з пеністым. Для рэгістрацыі на ўдзел і па ўсіх пытаннях пішыце ў дырэкт арганізатарцы.

БЕРЛІН

Пятніца: купіце білет на канцэрт Светы Бень

16 снежня, 20:00.

Haus der Statistik (BLOCK OTTO), Otto-Braun Straße, 70-72.

Білеты: 12 еўра загадзя і 15 еўра на ўваходзе.

 

У пятніцу чароўная Света Бень грае канцэрт «З ямкі земляной». Будуць старыя і новыя песні, вершы і свядомая плынь несвядомага пад укулеле, гармонік, покетпіяна. Частку сабраных сродкаў пералічаць на дабрачыннасць.

 

#Беларусь #Варшава #Вильнюс #Минск #Польша
поделиться