Паглядзіце, якая прыгажосць! Беларус атрымаў «золата» ў прэстыжным брытанскім конкурсе за дызайн упакоўкі піцы

Паглядзіце, якая прыгажосць! Беларус атрымаў «золата» ў прэстыжным брытанскім конкурсе за дызайн упакоўк...
Праекты, у якіх працуе беларускі графічны дызайнер Аляксей Лімонаў, другі год запар атрымліваюць прэстыжную брытанскую прэмію World Brand Design Society Awards у сферы камерцыйнага дызайну.

Праекты, у якіх працуе беларускі графічны дызайнер Аляксей Лімонаў, другі год запар атрымліваюць прэстыжную брытанскую прэмію World Brand Design Society Awards у сферы камерцыйнага дызайну.

Аляксей Лімонаў – беларускі графічны дызайнер і ілюстратар. Скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «Графічны дызайн». Шматразовы ўладальнік узнагарод міжнародных конкурсаў ЗША і Еўропы. Аўтар абноўленага лагатыпа Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, а таксама іх праекта з арт-маскамі.

Яшчэ ў мінулым годзе Лімонаў атрымаў прэмію World Brand Design Society Awards (Лондан), якой адзначаюць у тым ліку ўдалыя распрацоўкі ў камерцыйным дызайне па ўсім свеце. У журы конкурсу ўваходзяць дызайнеры, крэатыўныя дырэктары, вядомыя студыі, буйныя вядучыя кампаніі свету.

За што Аляксей Лімонаў атрымліваў прызы

«Летась я атрымаў два “срэбры” за ўпакоўку праекта MoDo Alice ад кампаніі MODUM і за праект упаковак Art Sponges», – дзеліцца Аляксей. Самі мачалкі былі прыдуманыя для конкурсу Rijksstudio Award 2020 ад вядомага музея Амстэрдама. Ідэя Лёшы Лімонава – аб’яднаць простую вяхотку і геніяльныя шэдэўры. Вось тут мы пісалі аб праекце падрабязна.

А па выніках 2022 года праект студыі W Design Bureau у складзе Яўгена Высаты (крэатыўны дырэктар) и Аляксея Лімонава (графічны дызайнер) атрымаў адразу два «золаты» ў намінацыях «Дызайн упаковак» і «Фірмовы стыль» за праект упакоўкі для брэнда EazzyPizzy.

«EazzyPizzy – гэта дастаўка страў і напояў ад сеткі кавярань “Шакаладніца”, – расказвае дызайнер. – Галоўная іх фішка – мікс смакавых спалучэнняў. У фірмовым узоры можна ўбачыць кавалачак піцы з апельсінам, шарыкі марожанага з таматам, плаўлены сыр і салодкі крэм, трускаўку і салямі».

Дарэчы, вось яшчэ прыемныя навіны пра беларускіх дызайнераў

Міжнародная супольнасць, якая робіць зрэз індустрыі дызайну ўпакоўкі за кожны год, адбірае знакавыя, папулярныя, крэатыўныя работы за год і фармуе з іх TOP PACKAGING PROJECTS OF 2022. Па выніках 2022 года яны зрабілі топ-50, куды трапілі імёны адразу двух беларускіх дызайнераў: у топ увайшла тая самая праца студыі W Design Bureau (Аляксея Лімонава і Яўгена Высаты) для EazzyPizzy, а таксама фірмовы стыль для аднасоладавага віскі з вострава Айла аўтарства яшчэ аднаго беларуса – Алега Захарэвіча.

 

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь
поделиться