«Я рыдала ў кабінцы прыбіральні: вось такое я чмо з велізарнай ластай на назе». Беларускі – пра тое, што ім не падабаецца ва ўласным целе

«Я рыдала ў кабінцы прыбіральні: вось такое я чмо з велізарнай ластай на назе». Беларускі – пра тое, што...
Адны людзі лічаць сваімі недахопамі пэўныя рэакцыі і ўспрыманне знешняга свету, іншыя незадаволеныя сваімі фізічнымі якасцямі. CityDog.io пагаварыў з беларускамі (на жаль, ніхто з беларусаў не адгукнуўся) пра тое, што ім не падабаецца ў сваім целе – і адкуль гэтыя комплексы зʼявіліся.

Адны людзі лічаць сваімі недахопамі пэўныя рэакцыі і ўспрыманне знешняга свету, іншыя незадаволеныя сваімі фізічнымі якасцямі. CityDog.io пагаварыў з беларускамі (на жаль, ніхто з беларусаў не адгукнуўся) пра тое, што ім не падабаецца ў сваім целе – і адкуль гэтыя комплексы зʼявіліся.

Слухайце і (ці) чытайце: калі вам складана чытаць па-беларуску, можаце ўключыць гэты падкаст – голас Крысціны Дробыш дапамагае разумець і вывучаць родную мову.

Ганна (31): «Калі ў школе нас здымалі “з вушамі”, мама заўсёды злавалася»

Ганна (31)
 

– Калі мы з сястрой былі яшчэ маленькімі, мама любіла ладзіць для нас фотасесіі. Але ў працэсе ўвесь час распускала нам валасы або паварочвала галаву на бок, каб не было відаць вушэй, – яна лічыла, што яны ў нас занадта вялікія. Калі ў школе нас здымалі «з вушамі», мама заўсёды злавалася і казала, што сапсавалі фотакарткі.

У дзяцінстве я да гэтага ставілася спакойна – было ўсё роўна, а ў падлеткавым узросце пачаў з’яўляцца комплекс. Сястра цяпер спакойна ставіцца да сваіх вушэй, а я так і не змагла з імі звыкнуцца.

Да гэтага часу я не раблю сабе прычоскі з сабранымі валасамі, адчуваю сябе з імі няўтульна. Адразу здаецца, што ўсе глядзяць, – ды і сама думаю, што выглядаю смешна. Калі закладваю валасы за вуха і нехта заходзіць у офіс, адразу перакладваю назад. А калі трэба было зрабіць фота з адкрытымі вушамі для візы, я вельмі стрэсавала.

Самае цікавае, што ніводны чалавек не разумее маёй праблемы. А я часта сама расказваю пра яе: магу спецыяльна завесці гэту тэму, каб расказаць усім пра свае вялізныя вушы, – маўляў, я і сама пра іх ведаю, не трэба іх разглядаць і абмяркоўваць.

У адказ усе толькі дзівяцца і не разумеюць, чаму я так камплексую. А мне здаецца, што я менавіта гэтага і чакаю, каб мне сказалі «ды нармальныя ў цябе вушы». Пасля гэтага як быццам становіцца крыху лягчэй. Пры гэтых людзях потым магу і хвосцік завязаць (усміхаецца).

Але ж выйсці «ў людзі», на нейкія мерапрыемствы з сабранымі валасамі не магу, толькі з распушчанымі – гэта нават не абмяркоўваецца. Памятаю, што ў падлеткавым узросце ў размове з сястрой дзякавалі богу, што ён хаця б даў нам густыя валасы, каб вушы не свяціліся.

З мамай пра гэта часам успамінаем, але яна толькі кажа, што пушынкі з нас здымала, а мы, маўляў, няўдзячныя. У агульным саму праблему вырашаць я таксама не спрабавала (з псіхолагам тым больш). Лічу яе не настолькі сур’ёзнай.

Надзея (23): «Я рыдала ў кабінцы прыбіральні: вось такое я чмо з велізарнай ластай на назе»

Надзея (23)
 

– З дзяцінства я была вышэйшай за сваіх аднагодак, і памер нагі, адпаведна, у мяне таксама быў большы. І пакуль усе дзяўчынкі насілі ружовыя туфлікі з дзіцячых аддзелаў, мне ўжо куплялі чорныя офісныя ў жаночых. На шчасце, за гэта мяне ніколі не булілі, таму доўгі час я і сама не звяртала на гэтыя адрозненні ўвагі.

Надаваць значэнне свайму росту (183 см) і памеру нагі (цяпер у мяне 42,5) я пачала ўжо ў студэнцкія гады, калі адзенне і абутак прыйшлося выбіраць самастойна – і самой жа сутыкацца з рэакцыямі і каментарыямі прадаўцоў.

У 90% выпадкаў усё праходзіць нармальна: я іду ў краму, выбіраю абутак, запытваюся, ці ёсць мой памер, а мне спакойна і даволі паважліва адказваюць, што такога памеру, на жаль, няма. Але ёсць і тыя 10%, у якіх я сутыкаюся з вельмі непрыемнай для мяне рэакцыяй.

Аднойчы на сайце нашага беларускага вытворцы я знайшла мадэль чаравікаў свайго памеру, якія мне спадабаліся. Забраніравала іх у канкрэтнай краме, прыйшла туды, знайшла кансультантку і патлумачыла сітуацыю. Яна спытала, які памер, і калі пачула «42», вельмі экспрэсіўна адказала: «Девушка, у нас таких размеров отродясь не было и не будет». З тых часоў – а прайшло ўжо гады два – гэту краму я абыходжу бокам.

Насамрэч нават успамінаць пра гэта вельмі балюча. Многія людзі як быццам не разумеюць, што мець вялікі памер нагі – гэта не мой капрыз, я ў гэтым не вінаватая.

Знайсці сабе абутак цяпер я магу толькі ў дзяржаўных крамах, але сучасных мадэлей там практычна няма. Ёсць, вядома, нейкія інстаграм-пляцоўкі і той жа Wildberries, але апроч памеру ў мяне яшчэ досыць вялікая паўната ступні і тырчыць костачка, з-за чаго не кожны абутак нават майго памеру мне падыходзіць.

Часам немагчымасць выбару даводзіць мяне да істэрыкі. Літаральна мінулай вясной я знайшла ў краме чаравікі, якія і па выглядзе мне спадабаліся, і па памеры падышлі, але каштавалі нейкіх непад’ёмных для мяне грошай.

Я выйшла з крамы, пайшла ў прыбіральню, зачынілася ў кабінцы і проста рыдала ад безвыходнасці: да таго моманту я абышла ўжо ўсе магчымыя крамы і разумела, што гэтыя чаравікі – адзіны варыянт, які мне падыходзіць. То бок я не магу ад іх адмовіцца, адначасова з тым не магу іх сабе дазволіць – вось такое я чмо з такой велізарнай ластай на назе. Выплакаўшыся, я папрасіла дапамогі ў бацькоў і ўсіх сяброў і знаёмых – і толькі так змагла купіць сабе абутак.

Цяпер у Мінску ўжо зіма са снегам, а я ўсё яшчэ хаджу ў лёгкіх вясновых чаравічках. Старыя зімовыя ўжо латаныя-пералатаныя, трэснутую падэшву некалькі разоў мяняла – і ўсё роўна іх часам нашу, таму што ісці па новыя страшна. У мяне нібы нейкі блок, які не дае мне пайсці ў краму. Я ўжо нават папрасіла матулю прыехаць на выхадных, каб дапамагчы мне. Бо ісці самастойна і зноў слухаць гэтыя воклічы, што майго памеру няма і быць не можа, я не магу.

З адзеннем сітуацыя прасцейшая, але таксама праблематычна знайсці прыдатнае па даўжыні: памерная сетка ў масмаркеце, як правіла, заканчваецца на росце 172. З-за гэтага ў мяне куча швэдраў з рукавом тры чвэрці. Пасля мыцця я кожны раз іх расцягваю ў надзеі, што яны выцягнуцца. Але ў цэлым кофт з рукавом паўнавартаснай даўжыні ў мяне вельмі мала. Часам купляю штосьці ў мужчынскіх аддзелах, але не магу сказаць, што гэта моцна ўздымае мне самаацэнку, а яна і без таго не самая высокая.

Вікторыя (34): «Заўсёды падабаліся стройныя дзяўчыны, а ты не такая»

Вікторыя (34)
 

– Незадаволенасці сваёй фігурай у мяне былі з дзяцінства: мне чамусьці заўсёды здавалася, што я поўная. Былі перыяды, калі я худнела і пачынала сабе падабацца. У цэлым сітуацыя была некрытычнай і не перашкаджала мне жыць – да таго часу, пакуль у 26 гадоў я не пазнаёмілася з Іванам.

Паміж намі адразу ўзнікла ўзаемная сімпатыя, ён пачаў праяўляць знакі ўвагі, але было відаць, што яго нібы нешта спыняе ад таго, каб увайсці ў адносіны. У выніку мы ўсё ж такі пачалі сустракацца, і мне здавалася, што ўсё добра (насамрэч не).

Аднойчы кампаніяй сяброў мы адзначалі Новы год у агульнага знаёмага на дачы. Я купіла сабе прыгожую чырвоную сукенку, якая гладка аблягала фігуру, і адчувала сябе вельмі прывабнай і сексуальнай. Думала, Вані спадабаецца. Але замест кампліментаў ён раптам вырашыў прызнацца мне, што яго спыняла напачатку. Аказалася, што яму «заўсёды падабаліся стройныя дзяўчыны, а ты не такая».

У мяне ў галаве ў той момант проста ўзарваўся мозг. Мне было незразумела, як такія рэчы можна казаць блізкаму чалавеку. І яшчэ больш незразумела, як можна кахаць ці не кахаць за цела.

Цяпер вельмі шкадую, што не паслала яго тады на тры літары, а дазволіла расцягнуцца гэтым адносінам у агульнай складанасці на тры гады, пасля чаго выйшла з іх з самаацэнкай ніжэй за плінтус.

Пасля свайго прызнання Ваня вырашыў, што яго загоны наконт маёй фігуры як быццам легалізаваны, і пачаў дазваляць сабе нейкія дзікія рэчы. Напрыклад, калі я ела дэсерт, казаў, што я пайду ў спартзалу адпрацоўваць. Або быў выпадак, калі мы галодныя пасля экскурсіі прыйшлі ў кавярню, і ў чаканні асноўных страў я ўзяла кавалачак хлеба з маслам – ён проста забраў у мяне гэта з рук і паклаў назад у кошык.

У выніку я стала ўвесь час сядзець на нейкіх дыетах, баяцца з’есці лішняга, хадзіла на цяжкія трэніроўкі па кросфіце, на танцы, разнастайныя масажы і іншае. Азіраючыся назад, я разумею, што ў той перыяд была ў лепшай сваёй форме, але ў моманце рэальна лічыла сябе тоўстай. Нейкія рэшткі здаровага сэнсу спрабавалі даказаць мне зваротнае, але калі самы блізкі ў свеце чалавек кажа, што ты «не адпавядаеш яго стандартам прыгажосці», шанцы імкнуцца да нуля.

Калі мы ў выніку разышліся, я на стрэсе схуднела яшчэ больш (і ўсё роўна лічыла сябе тоўстай). Вакол мяне з’явілася шмат хлопцаў, якія праяўлялі да мяне цікавасць. Але першы час, калі нехта рабіў мне камплімент, я ўспрымала гэта як сарказм. І, мусіць, толькі праз год я стала разумець, што хлопцы кажуць, што я прыгожая, таму што сапраўды так лічаць.

Цяпер мне 34, але да гэтага часу я не магу пазбавіцца ад думак, што я тоўстая. Дагэтуль мне страшна знаёміцца з новымі людзьмі (нават па працы), таму што здаецца, што я ім не спадабаюся з-за свайго цела. І нават нягледзячы на тое, што я ўжо амаль два гады ў новых адносінах і мой хлопец кожны дзень мне кажа, што я прыгожая і сексуальная (і робіць гэта дастаткова шчыра), у галаве ўсё роўна фонам сядзіць гэта «неадпаведнасць стандартам прыгажосці».

Хаджу ў залу, стараюся сачыць за харчаваннем, спрабую вырашыць гэту праблему з псіхолагам – але пакуль, на жаль, не вельмі атрымліваецца.

 

Перепечатка материалов CityDog.io возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.

Фото: Unsplash.com.

поделиться