Магчыма, рэпрэсіі звязаны са смерцю. Сілавікі ўзяліся за кнігавыдаўцоў і папулярызатараў беларускай мовы. Вось падрабязнасці

У лютым у Беларусі адбылася чарговая хваля рэпрэсій – на гэты раз яна закранула моўных актывістаў, кнігавыдаўцоў і дзеячаў культуры. CityDog.io паспрабаваў разабрацца, што адбываецца і ці звязаны паміж сабой затрыманні.

мы здесь

Што адбылося?

Дзень беларускай мовы адзначаюць 21 лютага. Цяпер складана зразумець, ці затрыманні і ператрусы адбываліся з гэтай нагоды або, як высоўваюць некаторыя канспіралагічную версію, рэпрэсіі звязаны з раптоўнай смерцю кнігавыдаўца Рамана Цымберава.

Тым не менш цягам лютага затрымалі супрацоўнікаў культурнай прасторы, адно з найстарэйшых прыватных выдавецтваў прыпыніла сваю працу, а некаторыя пісьменнікі апынуліся ў СІЗА.

10 лютага. Раптоўна памёр 44-гадовы кнігавыдавец Раман Цымбераў. Паведамляецца, што хвароба была імклівай – з’явіліся праблемы з ныркамі, пасля здарыўся інсульт, які Раман не перажыў.

11 лютага. Праваабаронцы паведамілі аб ператрусах і затрыманнях у мінскай беларускамоўнай творчай прасторы «Парасон». Як мінімум трох супрацоўнікаў утрымлівалі на Акрэсціна.

16 лютага. Выдавецтва Gutenberg Publisher прызнаюць «экстрэміцскім фаміраваннем».

17 і 18 лютага. Сілавікі прыйшлі да кнігавыдаўцоў з ператрусамі. У некаторых сем’ях затрымлівалі адразу некалькіх чалавек. Падчас ператрусаў у кватэрах і офісах правяралі тэлефоны.

Прыкладна ў тых жа датах стала вядома аб затрыманні Андрэя Кіма і яго жонкі. Андрэй – стваральнік праекта «Кінаконг», у межах якога сусветна вядомыя фільмы і анімацыю перакладалі на беларускую мову.

18 лютага. Суд Партызанскага раёна горада Мінска прызнае кнігу Эліяша Барта, якая выйшла ў мінскім выдавецтве «Тэхналогія», «экстрэмісцкай прадукцыяй».

21 лютага. Само выдавецтва «Тэхналогія» – адно з найстарэйшых прыватных у краіне – на сваёй Facebook-старонцы паведаміла, што не працуе. Прычыны не патлумачылі.

З чым можа быць звязана новая хваля рэпрэсій?

Версія 1: смерць Цымберава

Раптоўная смерць кнігавыдаўца Рамана Цымберава стала нечаканасцю і для чытачоў, і для аўтараў, і для калег.

Нягледзячы на абмежаванні і ціск (у 2022 і 2024 гады Мінінформ Беларусі прыпыняў дзейнасць выдавецтва), Раману ўдавалася браць удзел у кніжных кірмашах і ў Беларусі, і за яе межамі.

У сацсетках беларусы ўзгадваюць кнігавыдаўца, заўсёды абвешанага кнігамі: вядома, што Раман не толькі выдаваў і прадаваў кнігі ў Беларусі, але і прывозіў выданні з Беларусі эмігрантам.

Пасля прызнання выдавецтва Gutenberg Publisher «экстрэмісцкім фарміраваннем» яго сузаснавальніца і шэф-рэдактарка Вялянціна Андрэева выказала згадку, што рэпрэсіі вакол кнігавыдаўцоў невыпадковыя.

Андрэева мяркуе, што пасля смерці Рамана Цымберава «шмат у Сеціва вылілася не толькі эмоцый, але і фактаў, доказаў, сведчанняў пра нашу працу і наша кола». Рэжым убачыў «пагрозу ў салідарнасці і што людзі здольныя аб’ядноўвацца вакол каштоўнасцей», – расказала шэф-рэдактарка.

Некаторыя высоўваюць канспіралагічную версію, маўляў, на пахаванні Рамана сілавікі маніторылі актыўных дзеячаў беларускай культуры – і пасля пахавання іх затрымлівалі.

Версія 2. Праблема не ў беларусацэнтрычнасці, а ў магчымых сувязях з Захадам

У размове с CityDog.io прадстаўнікі беларускай культурніцкай супольнасці мяркуюць, што асноўнай прычынай рэпрэсій у культурніцкім полі сталі магчымыя сувязі з Захадам.

– Хвалю затрыманняў напярэдадні Дня роднай мовы нельга назваць адзінкавым ударам па незалежнай культуры. Такія захады мы назіраем з 2020 года, калі пачалося планамернае выцісканне ўсёй незалежнай беларускай культуры і – шырэй – грамадзянскай супольнасці з краіны.

У 2022 годзе ў Мінску закрылі кнігарню «Кнігаўка» – пасля першага дня працы – і ліквідавалі выдавецтва Андрэя Янушкевіча, тады ж улады знішчылі выдавецтва «Галіяфы», у 2023-м ахвярай стала выдавецтва «Кнігазбор». І гэты спіс незалежных праектаў можна працягнуць.

Крытэрый для рэпрэсіўных захадаў – не беларуская мова і не беларусацэнтрычнасць, а незалежнасць і магчымыя сувязі з Захадам. Бо ў той жа Дзень роднай мовы гадзіннікавы завод «Луч» прадставіў калекцыю, прысвечаную Цётцы і Максіму Багдановічу. Адбываецца падзел на полюсы не паводле мовы камунікацыі, а паводле каштоўнасцей, кажуць прадстаўнікі супольнасці.

Версія 3. Скаардынаваная зачыстка ў пэўнай сферы

У каментарыях CityDog.io беларускія праваабароны адзначылі: сілавікі ўзяліся за культурных дзеячаў не раптам, пераслед працягваецца як мінімум 6 гадоў. На думку нашых суразмоўцаў, затрыманні кнігавыдаўцоў у лютым 2026-га выглядаюць як чарговая «скаардынаваная зачыстка».

– І мы перыядычна бачым, што такія зачысткі адбываюцца то ў адной, то ў іншай сферы. У апошні час часта закранаецца сфера культуры на розных узроўнях. З таго, што дайшло да нас, гэта бадай адна з самых буйных хваль рэпрэсій за апошнія пару гадоў. Цяпер менш масавых ліквідацый і закрыцця арганізацый, наўпрост з-за таго, што іх мала засталося. «Тэхналогія» была, здаецца, апошнім нелаяльным уладам незалежным выдавецтвам.

Што ў выніку?

На думку прадстаўнікоў культурнай супольнасці, «незалежнае культурніцкае поле знішчыць цалкам немагчыма».

– Так, у краіне амаль не засталося арганізацый, якія працуюць адыкрыта, складана ажыццяўляць менеджмент, ладзіць імпрэзы, немагчыма атрымліваць фінансаванне і гэтак далей. Але разам з тым у Беларусі за апошнія пяць-шэсць гадоў склаліся новыя формы і фарматы культурніцкага жыцця, пра якія мы ведаем фрагментарна або зусім не ведаем. Таму нас чакае шмат адкрыццяў.

Згодна з апошняй інфармацыяй праваабаронцаў, на пачатку сакавіка 2026 года ў Беларусі 147 дзеячаў культуры знаходзяцца ў няволі.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Беларусь
Еще по теме:
Беларуским силовикам разрешили следить за вами в интернете в реальном времени. Мы спросили экспертов, как это будет работать
«Мы выбрали неволю с дешевой колбасой». Беларусы – о том, как и когда мы докатились до такой жизни в 2024 году
Vox populi
поделиться