

Выдавецтва «Вясна» прадставіла беларускі пераклад першых дзвюх частак знакамітай гістарычнай сагі літоўскай аўтаркі Крысціны Сабаляўскайце Silva Rerum. Гэта кніга лічыцца адной з галоўных падзей літоўскай літаратуры ХХІ стагоддзя.

Гістарычная сага Крысціны Сабаляўскайце Silva Rerum. Фота: выдавецтва «Вясна», Facebook.com.
Выдавецтва «Вясна» прадставіла беларускі пераклад першых дзвюх частак гістарычнай сагі Крысціны Сабаляўскайце Silva Rerum. У Літве гэта чатырохтомная гісторыя ўжо стала сапраўднай сенсацыяй – кнігі перавыдаваліся больш за 20 разоў і былі перакладзены на латышскую і польскую мовы.
Серыя апавядае пра лёс шляхецкага роду Нарвойшаў герба Касцеша – ад сярэдзіны XVII стагоддзя да канца існавання Вялікага Княства Літоўскага. Падзеі разгортваюцца як у Вільні, так і ў розных кутках Княства – ад жамойцкай вёскі да Нясвіжа і Слуцка.
Нобелеўская лаўрэатка Вольга Такарчук назвала Сабаляўскайце «адным з самых моцных і выразных галасоў гістарычнага рамана ў Еўропе».
Кніга ўжо даступная для набыцця, а ў бліжэйшы час «Вясна» абяцае серыю прэзентацый у розных краінах і гарадах.

Гістарычная сага Крысціны Сабаляўскайце Silva Rerum. Фота: выдавецтва «Вясна», Facebook.com.
Хто такая Крысціна Сабаляўскайце?
Крысціна Сабаляўскайце – літоўская пісьменніца і даследчыца мастацтва, доктарка гістарычных навук. Яна вядомая здольнасцю ператвараць гістарычныя падзеі ў жывое і захапляльнае апавяданне, а яе кнігі высока цэняць як чытачы, так і крытыкі.
Яе раман Silva Rerum у 2009 годзе атрымаў званне «Кніга года» ў Літве. Праз два гады аўтарка працягнула гісторыю ў Silva Rerum II, прысвечанай вялікай чуме часоў Паўночнай вайны 1707–1710 гадоў, і гэты том таксама стаў «Кнігай года». Сёння Сабаляўскайце называюць адным з наймацнейшых галасоў гістарычнай прозы ў Еўропе.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.